Вежа Гедзіміна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вежа
Вежа Гедзіміна
54°41′12″ пн. ш. 25°17′27″ у. д.HGЯO
Краіна  Літва
Горад Вільнюс
Тып будынка вежа
Архітэктурны стыль готыка
Дата заснавання XIV стагоддзе
Асноўныя даты

1409вежа пабудаваная ў складзе Верхняга замка
1660—1661 — асада і разбурэнне Верхняга замка
1832узведзеныя два драўляныя паверхі
1930-яадноўлены трэці паверх вежы
1948—1960 — аднаўленне вежы

1995рэнавацыя вежы
Матэрыял цэгла
Сайт lnm.lt/en/museums… (англ.)
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Вежа Гедзіміна (літ.: Gedimino pilies bokštas) — помнік гісторыі і культуры ў Вільні, заходняя вежа Верхняга замка і адзіная яго частка, якая захавалася да нашых дзён у добрым стане.

Размяшчаецца ў заходняй частцы Замкавай гары, якая знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада. Знаходзіцца на вышыні 48 м ад падножжа гары (142 м над узроўнем мора). Вежа мае васьмівугольную форму і тры паверхі, вышыня складае 20 м. Пабудаваная з неачэсанага бутавага каменю і чырвонай цэглы. На флагштоку над вежай знаходзіцца дзяржаўны сцяг Літвы. Наверсе вежы знаходзіцца аглядная пляцоўка, з якой адкрываецца від на Стары горад і даліну Віліі.

У вежы знаходзіцца філіял Нацыянальнага музея Літвы з экспазіцыяй, прысвечанай гісторыі горада (дзейнічае з 1960 года): археалагічныя знаходкі, узоры даспехаў і зброі, макеты віленскіх замкаў, а таксама панарамны план Вільні 1576 года. У 1995 годзе ў вежы былі праведзеныя рамонтна-рэнавацыйныя работы, пасля якіх экспазіцыя музея істотна абнавілася.

Схілы Замкавай гары стромкія (35°—40°). Патрапіць да вежы можна пехам па спіральнай дарожцы, пракладзенай па схіле гары ў 18951896 гадах, альбо на фунікулёры (пабудаваны ў 2003 годзе). Побач з вежай на Замкавай гары знаходзяцца руіны Верхняга замка — фундамент паўднёвай вежы і фрагмент абароннай сцяны.

Значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Вежа мае гістарычнае, гісторыка-культурнае і, як прыклад гатычнай архітэктуры, архітэктурнае значэнне. У 20 стагоддзі вежа набыла значэнне эмблемы і сімвала не толькі горада, а таксама і Літоўскай дзяржавы, яе выява выкарыстоўвалася замест сапраўднага герба Вільнюса, а таксама ў разнастайных сувенірах. Выява вежы таксама змешчана на купюры ў 50 літаў, памятнай манеце наміналам у 5 літаў, згадваецца ў шматлікіх літоўскіх вершах і песнях.

Змена дзяржаўнай улады на тэрыторыі, дзе знаходзіцца вежа, прыводзіла да змены сцяга на вежы. Сцяг Літвы ўпершыню быў узняты на вежы Гедзіміна 1 студзеня 1919 года невялікай групай добраахвотнікаў літоўскага войска пад камандаваннем Казіса Шкірпы. Пазней сцяг Літвы ўзнімаўся над вежай 26 жніўня 1920 года пасля таго, як савецкія часткі падчас адступлення перадалі Вільню літоўскім уладам. Да 20 верасня 1939 года над вежай лунаў польскі сцяг, які быў зняты савецкімі войскамі. Пасля Другой сусветнай вайны над вежай знаходзіўся сцяг Літоўскай ССР.

7 кастрычніка 1988 году па ініцыятыве руху Саюдыс адбылася цырымонія ўзняцця даваеннага сцяга Літвы, які на той момант яшчэ трактаваўся як неафіцыйны, але ўжо і не забаронены нацыянальны сцяг (18 лістапада 1988 года сцяг быў узаконены сесіяй Вярхоўнага Савета як дзяржаўны сцяг Літоўскай ССР). У памяць пра першае ўзняцце сцяга на вежы 1 студзеня абвешчаны памятным днём — днём Сцяга Літвы (літ.: Lietuvos Vėliavos diena). Штогод у гэты дзень адбываецца ўрачыстая цырымонія змены сцяга на вежы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вежа Гедзіміна 1912 год

Першыя фартыфікацыі Верхняга замка былі пабудаваныя з дрэва вялікім князем літоўскім Гедзімінам. Закансерваваныя руіны і вежа Гедзіміна захаваліся ад Верхняга замка канца 14 — пачатку 15 стагоддзя на Замкавай гары. Верхні і Ніжні замкі пацярпелі падчас асадаў крыжакамі ў 13651402 гадах. Пазней унук Гедзіміна вялікі князь літоўскі Вітаўт перабудаваў замак з каменю і цэглы. Канчаткова будаўніцтва замка было скончана ў 1409 годзе. Пасля пажара 1419 года замак быў адноўлены.

Верхні замак, у адрозненне ад Ніжняга, не выкарыстоўваўся кіраўнікамі Вялікага Княства Літоўскага ў якасці жылога і рэпрэзентацыйнага памяшкання, а быў арсеналам. У часы кіравання Аляксандра Ягелончыка ў Верхнім замку была размешчаная звон-ліцейная вытворчасць, а ў яго сутарэннях — турма. Жыгімонт Аўгуст аднавіў замак, дзе размясціў сваю бібліятэку. З развіццём артылерыі замкі страчвалі сваё ваеннае значэнне. У 17 стагоддзі Верхні замак прыйшоў у заняпад. Пэўны час у яго памяшканнях знаходзілася турма для шляхты.

Від на стары горад з вежы Гедзіміна

Падчас вайны Рэчы Паспалітай і Расіі 1654—1667 гадоў польскія войскі ў 1660 годзе ўзялі кантроль над горадам, але не змаглі ўзяць Верхні замак. Невялікі расійскі атрад (колькасцю ў 78 чалавек) застаўся асаджаным ў Верхнім замку і абстрэльваў горад з гармат. Асада пратрымалася паўгода і скончылася ў 1661 годзе пасля абстрэлу замка, які быў значна разбураны і больш не аднаўляўся.

У 19 стагоддзі былі разбураныя рэшткі паўднёвай і паўночнай веж. Ад цаглянай заходняй вежы захаваліся два паверхі, на якой у 1832 годзе (па іншых звестках — 1838) была ўзведзеная двухпавярховая драўляная пабудова з маяком аптычнага тэлеграфа Санкт-Пецярбург — Варшава і з папяшканнямі для жаўнераў і афіцэраў. Да 1878 года Замкавая гара і частка былога Ніжняга замка ўваходзілі ў склад крэпасці другой катэгорыі. Пасля яе ліквідацыі гара і рэшткі замка сталі даступныя для наведвання.

Надбудова на вежы выкарыстоўвалася ў якасці пажарнай каланчы, у цагляных ніжніх паверхах размяшчалася кавярня. Пасля Першай сусветнай вайны драўляная надбудова была разабраная. У 1930-я гады быў адноўлены трэці паверх вежы. Падчас Другой сусветнай вайны вежа значна пацярпела. У 19481960 гадах вежа была адрэстаўравана, а навакольная тэрыторыя — уладкавана. Пазней рамонтна-рэнавацыйныя работы праводзіліся ў 1995 годзе.

У 2010 годзе было выяўленае асоўванне гары, і да канца года былі праведзены асноўныя работы па яе ўмацаванні і спыненні асоўвання на Ніжняй тэрасе. Работы па ўмацаванні гары плануецца працягнуць цягам двух наступных гадоў.

Магіла Каліноўскага[правіць | правіць зыходнік]

Існуе версія, што на Замкавай гары, дзе знаходзіцца Вежа Гедзіміна, быў тайна пахаваны Кастусь Каліноўскі і іншыя ўдзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў. Царскія ўлады баяліся, што магіла Каліноўскага можа стаць месцам пакланенняў і пілігрымак, таму ўпотай аднеслі цела на гару Гедзіміна, дзе ў той час размяшчаўся расійскі ваенны гарнізон, і там закапалі[1].

У 1915 годзе віленскія археолагі правялі раскопкі магілы, яе апісанне і дакументальна пацвердзілі факт пахавання ў ёй пятнаццаці паўстанцаў. Целы былі апазнаныя па вопратцы, сярод якой у справаздачы былі згаданыя «макасіны Каліноўскага».[2] У 1921 годзе на магіле быў зроблены мемарыял у выглядзе вялікага драўлянага крыжа і мармуровай шыльды з імёнамі ўсіх пахаваных. У 1940 годзе пасля таго, як Вільня была перададзеная Літве, крыж быў спалены, а шыльда знікла без следу.[2]

Глядзіце таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Алесь Адамковіч. У Вільні ўшанавалі памяць Кастуся Каліноўскага(недаступная спасылка) // 19 сакавіка 2011 г.
  2. а б Сяргей Дубавец. Магіла К.Каліноўскага // «Свабода», 29 кастрычніка 2001 г.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]