Сінт-Эстатыус

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Востраў Сінт-Эстаціус)
Сінт-Эстатыус
нідэрл. Sint Eustatius
Узбярэжжа
Узбярэжжа
Характарыстыкі
Плошча21 км²
Насельніцтва3 791 чал.
Шчыльнасць насельніцтва180,52 чал./км²
Размяшчэнне
17°29′ пн. ш. 62°58′ з. д.HGЯO
АрхіпелагМалыя Антыльскія астравы
АкваторыяКарыбскае мора
Краіна
Сінт-Эстатыус (Вест-Індыя)
Сінт-Эстатыус
Сінт-Эстатыус
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сінт-Эстатыус[1] (нідэрл.: Sint Eustatius) — востраў у Карыбскім моры. Утварае спецыяльны муніцыпалітэт Нідэрландаў. Плошча — 21 км². Насельніцтва — 3791 чал. Адміністрацыйны цэнтр — Араньестад.

Геаграфія і прырода[правіць | правіць зыходнік]

Вулкан Квіл

Востраў Сінт-Эстатыус уваходзіць у групу Паўночных Падветраных астравоў Малой Антыльскай грады. Мае вулканічнае паходжанне. Паўночна-заходняя частка сфарміравана 5 маладымі вулканамі, не старэйшымі за 1 млн гадоў. Яны захоўваюць частковую актыўнасць і ствараюць зону скал і ўзвышшаў. Найвышэйшы пункт — вулкан Квіл (602 м), які мае прасторны кратар. Паўднёвая частка складзена старажытнымі вапняковымі і пемзавымі адкладаннямі, даволі нізкая. Узбярэжжа атачае каралавы рыф.

Клімат трапічны пасатны. Тэмпературны рэжым мала змяняецца на працягу года (24 °C — 31 °C).

Флора і фаўна пацярпелі ад дзейнасці чалавека, але меней, чым на іншых малых астравах Карыбскага мора. На ўзбярэжжы растуць пальмы, алоэ, папараці. На ўзвышшах — трапічны лес, у якім захаваліся рэдкія дрэвы, у тым ліку махагонія ( Swietenia mahagoni), каштоўная дзякуючы сваёй чырвонай драўніне. Наземная фаўна прадстаўлена птушкамі, чарапахамі і яшчаркамі.

Для захавання далікатнай прыроды вострава створаны 2 нацыянальныя паркі і батанічны сад.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Салют 1776 г.

У старажытнасці востраў маглі наведваць індзейцы аравакі і карыбы, але ў пісьмовых крыніцах звестак пра іх не захавалася. Першым еўрапейцам, які ўбачыў востраў у 1493 г., быў Хрыстафор Калумб.

У 1636 г. галандцы заснавалі на востраве калонію, стварылі на ім плантацыі тытуню і цукровага трыснягу, аднак галоўны прыбытак даваў трансатлантычны гандаль. Нягледзячы на малыя памеры, Сінт-Эстатыус меў важнае стратэгічнае значэнне, быў лёгка дасягальным для караблёў з Еўропы і знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці да брытанскіх, французскіх і дацкіх калоній у Карыбскім моры. Востраў шмат разоў захоплівалі французы і англічане, але ён нязменна вяртаўся да Нідэрландаў.

У 1756 г. галандцы надалі Сінт-Эстатыусу статус палітычна нейтральнага і свабоднага для гандлю порта. У выніку, ён хутка ператварыўся ў адзін з галоўных гандлёвых цэнтраў Амерыкі, а яго насельніцтва перавысіла 20 тысяч чалавек. У гады Амерыканскай рэвалюцыі Сінт-Эстатыус выкарыстоўваўся як перавалачны пункт паставак зброі амерыканскім паўстанцам. У 1776 г. астравіцяне павіталі амерыканскі флот салютам, што было ўспрынята як афіцыйнае прызнанне новай дзяржавы.

Аднак к канцу XVIII ст. з-за высокіх пошлін, уведзеных брытанцамі і французамі, а таксама канкурэнцыі з дацкімі калоніямі на Віргінскіх астравах, кароткі перыяд эканамічнага поспеху скончыўся. Многія пасяленцы пакінулі востраў, і ён ператварыўся ў глухую частку света.

У 1954 г. Сінт-Эстатыус увайшоў у склад Нідэрландскіх Антыльскіх астравоў. Рэферэндум, які праходзіў на ім у 2005 г. выявіў, што большасць мясцовых выбаршчыкаў выступае за працяг існавання гэтага ўтварэння. Але ў 2010 г. Нідэрландскія Антылы перасталі існаваць, а Сінт-Эстатыус набыў статус спецыяльнага муніцыпалітэта Нідэрландаў.

Зноскі

  1. Нідэрландскія Антыльскія астравы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — 560 с.: іл. ISBN 985-11-0188-5 (т. 11), ISBN 985-11-0035-8.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]