Карбанаты (мінералы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карбанаты ў прыродзе

Карбанаты — прыродныя мінералы, якія складаюцца з солей вугальнай кіслаты H2CO3.

Склад[правіць | правіць зыходнік]

Вылучаюцца бікарбанаты — кіслыя солі, бязводныя і водныя звычайныя карбанаты, а таксама карбанаты, якія маюць дадатковыя аніёны [OH], F ці Сl, а таксама складаныя карбанаты, якія маюць аніёны [SO4]2− ці [PO4]3−. Найбольш распаўсюджаны карбанаты з двухвалентнымі катыёнамі: Ca, Mg, Fe, Mn, Ba, Sr, Pb, Zn, Cu і інш. Na+ і K+, а таксама катыён (NH4)+ могуць утвараць толькі бікарбанаты ці ўваходзіць у склад двайных солей. Зрэдку ў лік катыёнаў уваходзяць Ni3+, Аl3+, Bi3+. Вядомы шэраг карбанатаў з U4+ , Ce3+, La3+ і іншымі элементамі. Для карбанатаў характэрны шматлікія ізаморфныя рады з поўнай ці абмежаванай змяшальнасцю. Шырока распаўсюджаны двайныя солі.

Будова і ўласцівасці[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнай структурнай адзінкай карбанатаў з’яўляецца радыкал [CO3]2−. У ім атам вугляроду знаходзіцца ў цэнтры роўнабаковага трохвугольніка з атамамі кіслароду ў вяршынях. Сувязі паміж C і O галоўным чынам кавалентныя, а паміж радыкаламі і катыёнамі — іонныя.

Большая частка карбанатаў крышталізуецца ў трыганальнай і рамбічнай, радзей — у гексаганальнай, манакліннай і іншых сінгоніях. Шырока распаўсюджана з’ява палімарфізму. Большая частка карбанатаў бясколерная; змяшчаюць таксама моцныя храмафорныя іоны Fe, Mn, Cu, афарбаваны ў бурыя, ружовыя, жоўтыя, зялёныя і іншыя колеры. Цвёрдасць 3—5. Удзельная вага ад 1,5 да 8,1 (карбанаты з Bi). Для іх вельмі характэрна высокае двухпераламленне, абумоўленае плоскай формай трохвугольных радыкалаў [CO3]2− і паралельным размяшчэннем апошніх.

Генезіс[правіць | правіць зыходнік]

Многія карбанаты, напрыклад, кальцыт, даламіт і іншыя, утвараюцца пры экзагенных працэсах. Яны складаюць тоўшчы асадкавых і метамарфічных горных парод. Шэраг карбанатаў утвараецца біяхімічным шляхам. Шырока распаўсюджаны ў гідратэрмальных радовішчах, фарміруючыся ў іх пры сярэдніх і нізкіх тэмпературах. У зонах акіслення рудных радовішчаў накопліваюцца карбанаты Pb, Zn, Cu і іншых цяжкіх металаў.

Выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

Яны выкарыстоўваюцца ў многіх галінах прамысловасці: у будаўнічай пры вытворчасці цэменту і іншых будматэрыялаў, металургічнай — пры вырабе вогнеўпораў, аптычнай, хімічнай, папяровай, шкляной і іншых. Многія карбанаты з’яўляюцца рудамі металаў: Pb, Zn, Cu, Fe, Mn і іншыя.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Геологический словарь, Т.1. — М.: Недра, 1978.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]