Палац Дыяклетыяна

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Палац
Палац Дыяклетыяна
Dioklecijanova palaca
Перыстыльны двор
Перыстыльны двор
Каардынаты: 43°30′29″ пн. ш. 16°26′18″ у. д. / 43.508056° пн. ш. 16.438333° у. д. (G) (O) (Я)43°30′29″ пн. ш. 16°26′18″ у. д. / 43.508056° пн. ш. 16.438333° у. д. (G) (O) (Я)
Краіна Харватыя
Горад Спліт
Тып будынка Палац
Будаўніцтва 295305 гады
Статус Аб'ект Сусветнай спадчыны

Палац Дыяклетыяна (харв.: Dioklecijanova palača) — палац у Спліце (Харватыя), пабудаваны рымскім імператарам Дыяклетыянам, які кіраваў з 284 па 305 год н.э. Палац Дыяклетыяна лічыцца найбольш захаваным палацам перыяду Рымскай імперыі[1]. З 1979 года палац разам з гістарычным цэнтрам Спліта з'яўляецца аб'ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Рэканструкцыя палац Дыяклетыяна пасля завяршэння ў 305 годзе

Імператар Дыяклетыян у 293 годзе падзяліў Рымскую імперыю на чатыры вобласці, стварыўшы так званую тэтрархію. Сам Дыяклетыян узяў сабе Малую Азію і Балканы, а астатняя імперыя была падзелена паміж трыма суправіцелямі. Сталіцай Дыяклетыяна стала Нікамедыя на беразе Мармуровага мора, але ўжо праз два гады пасля падзелу ён прыняўся за будаўніцтва раскошнай рэзідэнцыі побач са сваім родным горадам Салонай на тэрыторыі былой грэчаскай калоніі Аспалатас на ўзбярэжжы Адрыятыкі[2]. Будаўніцтва было завершана незадоўга да адрачэння імператара ў 305 годзе. Пасля адрачэння Дыяклетыян адышоў ад вялікай палітыкі і астатак жыцця пражыў у сваім палацы, займаючыся садаводствам[3].

Сучасны выгляд цэнтра Спліта

Пазней на шырокую тэрыторыю ў межах сцен палаца сталі перасяляцца жыхары Салоны, для якіх палац стаў абаронай ад варвараў[2]. Ансамбль быў моцна перабудаваны, амаль усё ўнутранае ўбранне не захавалася[4]. Паступова на тэрыторыі палаца і вакол яго вырас горад Спліт. Размешчаны ў палацы маўзалей Дыяклетыяна быў перабудаваны ў хрысціянскі сабор. Сутарэнні палаца падчас рэканструкцыі порта Спліта ў канцы XVI стагоддзя былі прыстасаваны пад гандлёвыя склады. Палац быў у сутнасці нанова адкрыты брытанскім архітэктарам Робертам Адамам, які выдаў яго падрабязнае апісанне ў 1764 годзе. Адам перанёс у брытанскую архітэктурную практыку Дыяклетыянавы вокны, даследаваныя ім у Спалата.

Перад Другой сусветнай вайной англійская пісьменніца Рэбека Уэст, якая вандравала па Югаславіі, адзначала, што ў дамах, выбудаваных у межах палацавых сцен, жыло 9 000 чалавек, пятая частка насельніцтва горада[5]. Цяпер палацавы комплекс займае большую частку гістарычнага цэнтра Спліта, унутры яго размешчаны жылыя будынкі, рэстараны, крамы і гатэлі[6].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Палац прамавугольнай формы займае плошчу каля 3 гектараў. Ён быў абнесены магутнымі сценамі вышынёй да 20 метраў з пятнаццаццю вежамі (цяпер захаваліся тры)[4]. Унутраны двор пад прамым вуглом перасякаюць дзве галоўныя вуліцы. Паўднёвы фасад з каланадай выходзіў да марскога заліва, да яго прылягалі імператарскія пакоі. Таксама палац уключаў парадную залу, вестыбюль з купалам, імператарскі маўзалей, храмы Юпітэра, Кібелы і Венеры. Да цяперашняга часу захаваліся толькі маўзалей, перабудаваны ў каталіцкі сабор, і храм Юпітэра, перабудаваны ў баптыстэрый[2].

Палац галоўным чынам пабудаваны з цэглы, прывезенага з вострава Брач вапняку і здабытага ў найблізкіх рэках туфу. Мармур быў дастаўлены з Мармары, з Егіпта былі прывезены гранітныя калоны і сфінксы[7].

Для водазабеспячэння палаца быў збудаваны асобны акведук.

Зноскі

  1. C. Michael Hogan Diocletian's Palace. The Megalithic Portal (6 кастрычніка 2007). Архівавана з першакрыніцы 1 красавіка 2012. Праверана 7 чэрвеня 2009.
  2. 2,0 2,1 2,2 Croatia Traveller: Diocletian’s Palace
  3. Фёдарава Я. В. Імператарскі Рым у тварах
  4. 4,0 4,1 Максаковский В. П. Всемирное культурное наследие, М.:Агентство «Издательский сервис», 2000
  5. West, Rebecca Black lamb and grey falcon — Penguin Classics, 1994. — С. 143. — 1181 с. — ISBN 0140188479.
  6. Susan Pigg Winds of change. Toronto Star (3 лістапада 2007). Архівавана з першакрыніцы 1 красавіка 2012. Праверана 6 чэрвеня 2009.
  7. Tomislav Marasovic Diocletian’s Palace

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Сцяг ЮНЕСКА Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб'ект № 97
рус.англ.фр.

Шаблон:Сусветная спадчына ў Харватыі