Рыцар Янка і каралеўна Мілана

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Рыцар Янка і каралеўна Мілана»
Выданне
А. Грушэцкі з трылогіяй «Рыцар Янка і каралеўна Мілана».
Жанр прыгоды, фэнтэзі
Аўтар Алег Грушэцкі
Мова арыгінала беларуская
Дата першай публікацыі 2021
Выдавецтва Чатыры чвэрці
Ілюстратар Віктар Козел
Электронная версія
ISBN 978-985-581-420-8

«Рыцар Янка і каралеўна Мілана» — фэнтэзійна-прыгодніцкая трылогія, серыя прыгодніцкіх гісторый юнакоў у іншасвеце, які нагадвае беларускае Сярэднявечча. Фэнтэзі на падставе беларускай міфалогіі[1]. Аўтар кнігі — Алег Грушэцкі, ілюстратар — Віктар Козел, выдавецтва — «Чатыры чвэрці»[2]. Для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту[3][4].

Першая частка — «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства» (рэд. Аксана Спрынчан) — пабачыла свет у 2021 годзе, другая частка — «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі» (рэд. Марыя Ліпніцкая) — выйшла ў 2022 годзе, трэцяя частка «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд» (рэд. Марына Варабей) была выдадзена ў 2023 годзе[5].

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

«Таямнічае каралеўства»[правіць | правіць зыходнік]

«Таямнічае каралеўства».

Юныя брат і сястра, Янка і Мілана, прыязджаюць на летнія вакацыі ў вёску і выпадкова знаходзяць у дзедавай каморы загадкавае старажытнае люстэрка, упрыгожанае шляхецкім гербам, праз якое трапляюць у таямнічае каралеўства Сварга, якое нагадвае беларускае Сярэднявечча і адначасова казачны свет, дзе ўсё жывое размаўляе чалавечай мовай, дзе ёсць рыцары, Цмок, міфічныя істоты з беларускіх паданняў: волат Вярнігара, вужалкі, гарцукі і злыдні, ваўкалакі, лясун, багнік Кадук…[6] Але тое, калісьці шчаслівае ды славутае каралеўства, падманам і падступствам захапіў злы чараўнік Волх, які ўтрымліваецца на троне пры дапамозе чарадзейства і бязлітасных чорных ваўкалакаў, ды трымае ўсіх мірных жыхароў каралеўства ў спалоху[7].

Згодна са старажытнай легендай, якая захавалася ў мудрага Пугача, менавіта гэтым юнакам належыць выратаваць каралеўства[8]. Яны бяруцца за справу і выпраўляюцца ў небяспечнае падарожжа — праз страшны Чорны Лес і праз топкае балота брыдкага багніка Кадука. Юныя героі аб’яднаюць вакол сябе просты люд, парэшткі ваяроў і рыцараў, а яшчэ мужных баявых мядзведзяў і дужых бясстрашных зуброў. Нават сапраўднага Цмока перавабліваюць на свой бок. У барацьбе ім дапаможа дух еднасці, гатоўнасць ахвяраваць сабою за іншага, дабрыня і арыентаванасць у бок святла[7].

Юнакоў чакаюць неверагодныя прыгоды, рыцарскія бітвы, таямніцы, складаныя загадкі-галаваломкі, барацьба за волю і вызваленне краю ад злога чарадзея і ненавісных чорных ваўкалакаў. Але прыгоды і бітвы, пераадоленне ўласных страхаў і перашкод толькі гартуюць, і зробяць са звычайных хлопчыка і дзяўчынкі сапраўдных герояў[1][9].

«Каралеўству патрэбны героі»[правіць | правіць зыходнік]

«Каралеўству патрэбны героі».

Да канца летніх вакацый застаецца зусім нядоўга, але перад ад’ездам дадому юнакі Янка і Мілана жадаюць яшчэ раз наведаць таямнічае каралеўства Сварга. Толькі за гэты час адбыліся ў ім жахлівыя змены — Цмок быў забіты, Вярнігара знік, а каралеўства захапіў яшчэ больш магутны і злы вядзьмак, якім рухае толькі помста. Юныя героі ізноў выпраўляюцца ў небяспечнае падарожжа праз гіблыя мясціны — Чорны Лес і Паганае Балота. І задача перад імі зараз стаіць больш складаная[10]. Але найперш давядзецца адшукаць волата Вярнігару і ўратаваць з вязніцы караля Мацея, якога змогуць вызваліць толькі таямнічыя веды прыгажунь-вужалак, якія, апроч усяго, яшчэ пакажуць і свой ваяўнічы характар на поле бітвы[11].

Юнакам належыць ізноў узначаліць барацьбу, толькі цяпер змагацца давядзецца куды з больш страшным і магутным злом, здольным вынішчыць усё на сваім шляху. Падчас прыгод юныя героі нават у такіх цяжкіх умовах завядуць сабе новых сяброў і спазнаюць прыгожае пачуццё закаханасці. А іх сябры, мужныя рыцары і ваяры, прымуць удзел у сапраўдных рыцарскіх спаборніцтвах. У цяжкай барацьбе за волю юнакам дапамогуць як старыя, так і новыя знаёмыя — брат Вярнігары асілак Вярнідуб, сёстры спрытных гарцукоў, здольныя страляць маланкамі, і іншыя міфічныя істоты. Янка і Мілана прымуць удзел у бітвах яшчэ больш гучных і слаўных. Але ці дадуць рады юныя героі тым выпрабаванням — залежыць толькі ад іх саміх, ад іх смеласці, мудрасці, рашучасці і адвагі[12][11].

«Агонь і лёд»[правіць | правіць зыходнік]

«Агонь і лёд».

Янка з Міланай прыязджаюць у дзедаву вёску на зімовыя вакацыі, дзе іх чакаюць снежныя забавы, Каляды з хаджэннем па дварах з каляднай зоркай і песнямі ды каляднай варажбой. Падчас адпачынку яны вырашаюць яшчэ раз наведаць таямнічае каралеўства Сварга. Выяўляецца, што бяда прыйшла цяпер да іх сяброў — каралевічаў Рэглы і Сэнмура, чые землі прагне захапіць і замарозіць магутная вядзьмарка Маразанна: ёй падуладная стыхія ветру, яна здольная ўсё ператварыць у лёд, а на службе ў яе верна служаць чараўнік Падвей і паветрыкі[13].

Каб даць рады новай навале, Янку з Міланай належыць прайсці праз шмат выпрабаванняў: ім давядзецца прабірацца ўначы скрозь жудасныя могілкі з кастамахамі, спаткацца са Змяіным каралём, адгадаць шмат загадак, адшукаць таемны пакой і магічны кій, выявіць незвычайную кемлівасць і аб’яднаць тры каралеўствы. А яшчэ яны ўпершыню выправяцца ў палёт на Цмоку, каб знайсці высока ў гарах загадкавы народ – таямнічыя вілы, феі, якія здольныя бачыць мінулае і прадказваць будучыню. У барацьбе юнакам дапамагаюць браты-волаты Вярнігара і Вярнідуб, бабралакі, мядзведзялакі і ўсе, хто мае адважнае сэрца і прагне жыць свабодным. Юных герояў чакаюць новыя знаёмствы, неверагодныя прыгоды і слаўныя бітвы[14][15].

Гісторыя стварэння[правіць | правіць зыходнік]

Першая частка рамана «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства» была напісана 10 лістапада 2012 года[16]. Урывак з рамана быў прадстаўлены на конкурсе «Першая глава» (арганізатар — выдавецтва «Рэгістр») 1 снежня 2012 года[17], што фактычна робіць твор першым сучасным сапраўдным беларускім фэнтэзі[3].

За восем гадоў кніга каля пяці разоў перапісвалася, праводзіліся кансультацыі з рэдактарамі, сябрамі-пісьменнікамі і гісторыкамі для паляпшэння твора. Аўтар доўга шукаў выдавецтва, якое пагадзілася б надрукаваць кнігу[16][18].

Алег Грушэцкі чытае ўрывак з кнігі «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі» ў праграме «Культурная пятніца» на «Радыё Марыя»[18] (2023).

У красавіку 2021 года кніга нарэшце выйшла ў выдавецтве «Чатыры чвэрці». Рэдактарам яе стала дзіцячая пісьменніца Аксана Спрынчан, аформіў кнігу мастак Віктар Козел, выкладчык малявання ў Крупіцкай школе мастацтваў[19][3].

Упершыню кніга была прадстаўлена на юбілейнай творчай вечарыне святкавання 15-годдзя Паэтычнага тэатра «Арт. С» 23 красавіка 2021 года, амаль адразу пасля выхаду з друку[20].

У 2022 годзе пабачыла свет другая частка трылогіі, «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі»[10]. Рэдактарам выступіла Марыя Ліпніцкая, спецыяліст па рэдакцыйнай падрыхтоўцы выданняў[21]. Урывак з кнігі быў зачытаны самім аўтарам у жніўні 2023 года ў праграме «Культурная пятніца» на канале «Радыё Марыя»[18].

Алег Грушэцкі на Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі (2023).

21 лютага 2023 года, на Міжнародны дзень роднай мовы, Алег Грушэцкі паведаміў пра завяршэнне працы над трэцяй, заключнай часткай трылогіі пад назвай «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд»[22].

18 мая 2023 года аўтар прадстаўляў серыю «Рыцар Янка і каралеўна Мілана» на круглым стале «Сучасная літаратурная казка: суадносіны фальклорнай і літаратурнай традыцыі», які праходзіў у межах III Міжнароднага форума даследчыкаў беларускай казкі (арганізатар — Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі) [23][24].

17 жніўня 2023 года ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшла трэцяя, завяршальная частка трылогіі «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд»[14]. Рэдактар кнігі — філолаг, навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Марына Варабей. Адмыслова да кнігі аўтарам быў напісаны калядны верш, які увайшоў у кнігу[18].

У адным з інтэрв’ю аўтар прызнаўся, што некаторыя моманты ў кнізе носяць і біяграфічныя моманты, альбо напісаныя на падставе ўласнага жыццёвага досведу самога пісьменніка[25][18]. А таксама, што ім распачата праца над напісаннем кінасцэнарыя паводле першай часткай кнігі «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства»[18].

Радыёпастаноўка[правіць | правіць зыходнік]

Алег Грушэцкі на канале «Культура» Беларускага радыё распавядае пра кнігу (2023).

У 2023 годзе канал «Культура» Беларускага радыё запісаў чытанне першай часткі трылогіі «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства». Пастаноўка была здзейснена ў межах праекта «Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя» і ўпершыню прагучала 12 мая 2023 года. Тэкст агучыла артыстка Маргарыта Захарыя, музычнае афармленне стварыў кампазітар Аляксандр Літвіноўскі[26][27].

Крытыка[правіць | правіць зыходнік]

Пісьменнік Алег Грушэцкі з першай кнігай.

Кніга з’яўляецца ўнікальнай тым, што яе можна назваць сапраўдным беларускім фэнтэзі[3]. Як адзначылі ў самім выдавецтве, кніга была вельмі ўпадабаная юнымі чытачамі[28][29]. Беларускія СМІ таксама адзначаюць, што кніга з’яўляецца папулярнай і карыстаецца попытам[10][12][11].

У маі 2021 года ў Нацыянальнай акадэміі навук прайшоў II Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі, на якім, сярод іншых, быў прадстаўлены даклад «Ідэйна-вобразныя пошукі ў кнізе казак Алега Грушэцкага „Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства“», аўтар даклада — літаратуразнаўца і навуковы супрацоўнік аддзела ўзаемасувязей літаратур «Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» Таццяна Барысюк[30]. Літаратуразнаўцы, якія таксама прымалі ўдзел у навуковай канферэнцыі, пагадзіліся, што твор з’яўляецца высокамастацкім, сімволіка-алегарычным, і базуецца на беларускім фальклоры[31]. Таццяна Барысюк адзначае, што кніга мае выхаваўчы эфект, яна вучыць дзяцей быць смелымі[32]. У кнізе выказваецца ідэя неабходнасці шанаваць свой род і ганарыцца сваімі продкамі, ідэя перамогі дабра над ліхам, праўды над тыраніяй[33]. Дадзеная казка спалучае ў сабе рысы чарадзейнай і сацыяльна-бытавой, ёсць у ёй і элементы авантурна-прыгодніцкай прозы[34]. Твор з’яўляецца сучаснай матыватарскай ідэяй аб смеласці, якая вызваляе і выратоўвае, а сама казка Алега Грушэцкага дынамічная, дыялогі персанажаў поўныя патрыятычнага і гераічнага пафасу[32]. Літаратуразнаўца і крытык Таццяна Барысюк лічыць, што твор мае высокія шанцы на паспяховую інсцэніроўку ў тэатры або экранізацыю ў кіно[32].

Навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Максіма Багдановіча літаратурны крытык газеты «Літаратура і мастацтва» Яна Будовіч кажа, што пачатак апавядання пачынаецца, здаецца, і не з самага арыгінальнага хода, бо завязка пабудаваная па класічнай схеме, але арыгінальнасць твора выяўляеццацца далей па сюжэце. У сцэне з гарцукамі, пачварнымі чорнымі чалавечкамі з чорнымі лютымі тварамі, якія, ледзь кранаючыся травы, скачуць па наваколлі на невялічкіх карузлікавых конях і пры гэтым злосна смяюцца дзіцячымі пранізлівымі галасамі, Будовіч бачыць алюзію, адсыл на «Дзікае паляванне караля Стаха». Галоўных герояў кнігі, юных Янку і Мілану, аўтару атрымалася надзяліць нестандартным мысленнем, што, па словах крытыка, ярка выяўляецца ў тым, як яны распрацоўвалі стратэгічныя планы бітваў. Майстэрству тых малалетніх стратэгаў пазайздросцілі б праслаўленыя палкаводцы, тут ёсць чаму павучыцца, лічыць Таццяна Будовіч. Юным героям кнігі ўласцівыя еднасць, дабрыня, ахвярнасць, велікадушнасць і арыентаванасць у бок святла. Усё гэта спрыяе здзяйсненню самых смелых дзіцячых памкненняў. Ёсць у дзіцячай казцы і алюзіі на шэраг дарослых праблем. Асэнсоўваючы твор, крытык філасафічна заўважае: «няма казак лепшых ад тых, што складаюцца самім жыццём». На думку Яны Будовіч, кніга будзе цікавай не толькі дзецям, але і дарослым, бо «яна вучыць непрамалінейна мысліць, знаходзіць выйсце там, дзе яго, здавалася б, няма і быць не можа, думаць і клапаціцца найперш пра тых, хто побач: калі ёсць адчуванне еднасці, пераадолець магчыма ўсё»[7].

Літаратурны крытык Кася Іофе з Кракаўскага Ягелонскага ўніверсітэта (Польшча) назвала кнігу ўнікальнай, бо гэта «першае беларускае фэнтэзі, дакладна напісанае канкрэтна для дзяцей на падставе беларускага фальклору, і яе героямі з’яўляюцца міфічныя постаці беларускіх легенд, а падзеі разгортваюцца ў свеце, які нагадвае беларускае Сярэднявечча». Алега Грушэцкага крытык лічыць адным з найлепшых дзіцячых фантастаў[35].

Адзначаюць і мастацкае афармленне кнігі. Паэт і драматург Сяргей Патаранскі (выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў, выкладчык творчай спецыялізацыі ў кірунку літаратурнай і тэатральнай работы ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа), каментуючы аздабленне выдання, адзначае: «Калі малюнкі годныя, то і сам змест варты ўвагі… У дзіцячым пісьменстве так — самому мастаку мусіць быць прывабна…»[36].

Разам з нам. дыр. выд-ва «Чатыры чвэрці». XXХI Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш (2024 г.).
Раздача аўтографаў. XXХI Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, стэнд выдавецтва «Чатыры чвэрці» (2024 г.).

Схаваныя падтэксты[правіць | правіць зыходнік]

Як заўважае крытык і літаратуразнаўца Таццяна Барысюк, у кнізе можна адшукаць шэраг схаваных момантаў і падтэкстаў. Напрыклад, назва каралеўства Сварга, у якім разгортваюцца асноўныя падзеі, паходзіць ад імя Сварога — вярхоўнага бога ўсходніх славян, бог неба, нябесны агонь. Імя караля-чарадзея Волха, галоўнага злодзея ў першай частцы трылогіі, таксама ўзятае са славянскага пантэона багоў. Волх — гэта славянскі бог-пярэварацень, ваяр і чарадзей. Хоць розныя крыніцы яго па рознаму трактуюць (адны як заступніка, іншыя — як лютага чарадзея).

Загадкавае люстэрка, праз якое дзеці трапляюць у таямнічае каралеўства, аздобленае разьбянымі ўзорамі і вялікім гербам, мяркуючы па апісанню якога, можна зрабіць выснову, што гэта шляхецкі герб «Любіч», якім карысталіся і продкі аўтара, шляхецкі род Грушэцкіх[34].

Спрабуе аўтар даць і сваю трактоўку, чаму змей у беларускай мове называецца менавіта «Цмок», разважаючы, што разам з уздыхам Цмок нібыта ўСМОКтваў у сябе ўсе жыццёвыя сокі ворагаў[34].

Адзнакі кнігі і прызнанне[правіць | правіць зыходнік]

  • 2022 год — адразу дзве часткі трылогіі, першая і другая, увайшлі ў рэкамендаваны беларускім дзіцячым часопісам «Жэўжык» спіс кніг да чытання для дзяцей 9—12 гадоў[37].
  • 2022 год — першая частка трылогіі «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства» намініравана на Літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца аргкамітэтам прэміі[38].
  • 2022 год — першая частка трылогіі «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства» ўвайшла ў хіт продажаў на найбуйнейшай пляцоўцы рынку электронных кніг у Расіі і краінах СНД «ЛитРес»[39].
  • 2023 год — першая частка трылогіі «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства» ўвайшла ў лонг-ліст прэміі Цёткі ў дзвюх намінацыях: за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў, напісаную па-беларуску, і найлепшае мастацкае афармленне кнігі для дзяцей; намініравана аргкамітэтам прэміі[40].
  • 2023 год — першая і другая частка трылогіі, «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства» і «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі», увайшлі ў «Спіс літаратуры на лета: найцікавейшыя кнігі пра лета і вакацыі» ад анлайн-часопіса «ALOVAK» і блога «Кніжныя размовы»[41].
  • 2024 год — другая частка трылогіі «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі» ўвайшла ў лонг-ліст прэміі Цёткі ў намінацыі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў, напісаную па-беларуску; намініравана аргкамітэтам прэміі[42].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Выйшла новая кніга Алега Грушэцкага. Гэта фэнтэзі на аснове беларускага фальклору. Новы Час (4 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 3 чэрвеня 2021. Праверана 31 мая 2021.
  2. Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства. Чатыры чвэрці (28 красавіка 2021). Праверана 21 чэрвеня 2021.
  3. а б в г „Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства”. Беларускае Радыё Рацыя (8 чэрвеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 8 чэрвеня 2021. Праверана 8 чэрвеня 2021.
  4. Белорусские писатели и издатели рассказали о книжных новинках ко Дню письменности (руск.). Belarus.by (19 жніўня 2021). Архівавана з першакрыніцы 21 верасня 2021. Праверана 21 верасня 2021.
  5. Валерый Гапееў. Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Алег Грушэцкі. Новыя беларускія кнігі (26 студзеня 2024). Архівавана з першакрыніцы 26 лютага 2024. Праверана 26 лютага 2024.
  6. Фэнтэзі па-беларуску. Пабачыла свет новая кніга Алега Грушэцкага «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства». Народная Воля (14 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 22 чэрвеня 2021. Праверана 22 чэрвеня 2021.
  7. а б в Яна Будовіч Дабрыня супраць злых чараў // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: 18 чэрвеня. — № 24. — С. 6. Архівавана з першакрыніцы 22 чэрвеня 2021.
  8. Фэнтэзі па-беларуску. Прыгоды паводле беларускіх паданняў. Наша Ніва (12 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 22 чэрвеня 2021. Праверана 22 чэрвеня 2021.
  9. Юры Тамковіч. Скаўтынг у сэрцы, казкі ў душы. mocny.by (21 лютага 2020). Архівавана з першакрыніцы 24 лютага 2020. Праверана 24 лютага 2020.
  10. а б в Каралеўству патрэбны героі. Выйшаў з друку працяг дзіцячага беларускага фэнтэзі пра рыцара Янка і каралеўну Мілану. Новы Час (24 чэрвеня 2022). Архівавана з першакрыніцы 26 чэрвеня 2022. Праверана 26 чэрвеня 2022.
  11. а б в Героі беларускага фэнтазі вяртаюцца // Наша слова : газета. — Ліда.: ТБМ, 13 ліпеня 2022. — № 28. — С. 11—12.
  12. а б Каралеўству патрэбны героі. Выйшаў з друку працяг дзіцячага беларускага фэнтэзі пра рыцара Янка і каралеўну Мілану. Budzma.org (24 чэрвеня 2022). Архівавана з першакрыніцы 26 чэрвеня 2022. Праверана 26 чэрвеня 2022.
  13. Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд // Наша слова : газ.. — Ліда: 20 верасня 2023. — В. 90. — № 38. — С. 3. Архівавана з першакрыніцы 20 жніўня 2023.
  14. а б Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд. Чатыры чвэрці (17 жніўня 2023). Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2023. Праверана 18 жніўня 2023.
  15. Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд. «Акадэмкніга» (25 верасня 2023). Архівавана з першакрыніцы 25 верасня 2023. Праверана 25 верасня 2023.
  16. а б «Сямейная праграма» з Алегам Грушэцкім на YouTube«Сямейная праграма» // 1 Нацыянальны канал Белрадыё, 15 мая 2021
  17. Алег Грушэцкі - урывак з рамана «Рыцар Янка і прынцэса Мілана. Таямніче каралеўства». Кніжнае выдавецтва «Рэгістр» (1 снежня 2012). Архівавана з першакрыніцы 14 ліпеня 2022. Праверана 26 ліпеня 2022.
  18. а б в г д е  Культурная раніца. Алег Грушэцкі . Радыё Марыя, 23 жніўня 2023
  19. Мазурчик Е.. Как художник из Крупицы учит детей смотреть на жизнь под другим углом (руск.). газета "Прысталiчча" (8 снежня 2023). Архівавана з першакрыніцы 10 снежня 2023. Праверана 10 снежня 2023.
  20. Алег Грушэцкі. Паэтычнаму тэатру «Арт.С» — 15!. Новы Час (24 красавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 24 красавіка 2021. Праверана 12 мая 2021.
  21. Марыя Ярашэвіч. Кітайскія казкі, падручнік, біяграфія. Якія кнігі ўзнагародзілі на кніжнай выстаўкі-кірмашы?. Звязда (1 красавіка 2022). Архівавана з першакрыніцы 26 чэрвеня 2022. Праверана 26 чэрвеня 2022.
  22. Алег Грушэцкі. Усіх з Днём роднай мовы, дарагія сябры! (21 лютага 3023). Архівавана з першакрыніцы 24 лютага 2023. Праверана 24 лютага 2023.
  23. Аматарам беларускай казкі. Чатыры чвэрці (19 мая 2023). Архівавана з першакрыніцы 22 мая 2023. Праверана 2 чэрвеня 2023.
  24. Барысюк Т.П. Казка: набыткі і планы // Літаратура і мастацтва : газ.. — Мн.: РВУ «Звязда», 2023-06-23. — В. 5234. — № 25. — С. 14. Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2023.
  25.  «Дзіцячая казка як ініцыяцыя». Інтэрв'ю з пісьменнікам, журналістам і перакладчыкам Алегам Грушэцкім . Канал «Культура» Беларускага радыё, 12 студзеня 2023
  26. Аты-баты, ішлі салдаты... // Літаратура і мастацтва : газ.. — Мн.: РВУ «Звязда», 2023-05-05. — В. 5227. — № 18. — С. 16. Архівавана з першакрыніцы 11 мая 2023.
  27. Нязведаныя краіны // Літаратура і мастацтва : газ.. — Мн.: РВУ «Звязда», 2023-05-12. — В. 5228. — № 19. — С. 16. Архівавана з першакрыніцы 12 мая 2023.
  28. 19 августа 2021 г. в 11.00 у Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя на тэму: «Слова пісьменніка: праз стагоддзі ў будучыню». РУП «Дом прэсы» (19 жніўня 2021). Архівавана з першакрыніцы 29 жніўня 2021. Праверана 29 жніўня 2021.
  29. Відэаролік на YouTube Прэс-канферэнцыя «Слова пісьменніка: праз стагоддзі ў будучыню». Прэс-цэнтр Дома прэсы, 19 жніўня 2021 (гл. ад 24 хв. 21 с.)
  30. II Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі. — Мн.: НАН РБ ЦДБКМЛ, 2021. — С. 15, 17. — 20 с.
  31. Таццяна Барысюк. Сёння выступіла на II Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі(недаступная спасылка). Facebook (27 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 27 верасня 2023. Праверана 22 чэрвеня 2021.
  32. а б в Барысюк 2022, с. 149.
  33. Барысюк 2022, с. 146.
  34. а б в Барысюк 2022, с. 148.
  35. Olga Wójcik. Bialoruska literatura dla dzieci (ад 27 хв. 25 с.) (польск.). Radio z QLTURĄ (23 жніўня 2021). Праверана 7 жніўня 2021.
  36. Сяргей Патаранскі. Як вам ілюстрацыі да працягу прыгод рыцара Янкі і каралеўны Міланы?. Выдавецтва «Чатыры чвэрці» //Толькі пра літаратуру (28 красавіка 2022). Праверана 23 чэрвеня 2022.
  37. Кнігі для чытання. Для дзяцей на ўзрост 9—12 гадоў (№55). Жэўжык (24 чэрвеня 2022). Архівавана з першакрыніцы 7 ліпеня 2022. Праверана 7 ліпеня 2022.
  38. Абвешчаны спіс намінантаў на літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця. Новы Час (19 верасня 2022). Архівавана з першакрыніцы 20 верасня 2022. Праверана 20 верасня 2022.
  39. Алег Грушэцкі (руск.). Litres.ru (26 кастрычніка 2022). Архівавана з першакрыніцы 26 кастрычніка 2022. Праверана 26 кастрычніка 2022.
  40. Абвешчаны пераможцы прэміі Цёткі 2022 года. Беларускі ПЭН-цэнтр (21 красавіка 2023). Архівавана з першакрыніцы 23 красавіка 2023. Праверана 8 красавіка 2023.
  41. Спіс літаратуры на лета: найцікавейшыя кнігі пра лета і вакацыі. ALOVAK magazine (18 мая 2023). Архівавана з першакрыніцы 21 мая 2023. Праверана 21 мая 2023.
  42. Абвешчаны поўны спіс Прэміі Цёткі ў літаратурнай намінацыі. Будзьма беларусамі! (17 студзеня 2024). Архівавана з першакрыніцы 26 студзеня 2024. Праверана 26 студзеня 2024.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Вонкавыя відэафайлы
Буктрэйлер да першай кнігі
Вонкавыя відэафайлы
Гарталка першай кнігі
Вонкавыя відэафайлы
Буктрэйлер да другой кнігі
Вонкавыя відэафайлы
Гарталка другой кнігі
Вонкавыя відэафайлы
Буктрэйлер да трэцяй кнігі
Вонкавыя відэафайлы
Гарталка трэцяй кнігі