Санінкэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Санінкэ
(Soninké)
Агульная колькасць 3107400 (2024 г.)
Рэгіёны пражывання Заходняя Афрыка:

 Малі — 1996000
 Сенегал — 392000
 Кот-д’Івуар — 222000
 Маўрытанія — 248000
 Гамбія — 158000

Мова санінкэ
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы іншыя мандэ

Санінкэ́ (саманазва: soninké) — народ, карэнныя насельнікі Заходняй Афрыкі. Жывуць у Малі, Маўрытаніі, Сенегале, Гамбіі і суседніх краінах. Агульная колькасць (2024 г.) — 3 107 400 чалавек[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Паводле міфалогіі санінкэ, іх агульны продак Дынга прыйшоў з Блізкагага Усходу, або быццам бы іх продкі родам з Асуану. Сучасныя даследчыкі лічаць санікэ адным з народаў мандэ, карэнных жыхароў Заходняй Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Відавочна, важным этапам фарміравання санінкэ стала стварэнне сярэднявечнай дзяржавы Вагаду. Яе распад у XIXIV стст. прывёў да дысперснага рассялення ў краінах Заходняй Афрыкі і падзелу на рэгіянальныя субэтнічныя групы са сваімі дыялектамі.

Дзякуючы дысперснаму рассяленню сярод іншых народаў розныя групы санінкэ карыстаюцца ў якасці саманазваў рэгіянальнымі найменнямі або словамі, запазычанымі ў суседзей. Тым не меней, назва санінкэ разглядаецца імі як агульная. Яе паходжанне спрэчнае[2]. Некаторыя сцвярджаюць, што яна азначае выхадцаў з мясцовасці Сона. Прыхільнікі іншай версіі схільны тлумачыць паходжанне ад слова сунункэ (літаральна «паганцы»). Раней прадстаўнікі рэгіянальнай групы манінка-моры з даўнімі ісламскімі традыцыямі ўжывалі яго ў адносінах да іншых прадстаўнікоў свайго этнасу.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнымі традыцыйнымі заняткамі санінкэ з'яўляюцца сельская гаспадарка і гандаль. Асабліва важная земляробчая культура — проса. Яна складае аснову харчавання. У апошнія дзесяцігоддзі да яе дадаліся рыс, фасоля, арахіс, кукуруза. Шырока распаўсюджана вырошчванне бавоўніку. Земляробчай працай займаюцца пераважна мужчыны. Жанчыны аказваюць ім дапамогу, клапоцяцца пра хатнюю гаспадарку, займаюцца хатнімі рамёствамі накшталт вырабу і фарбавання баваўняных тканін.

Відавочна, ужо ў эпоху дзяржавы Вагаду санінкэ стварылі на поўдзень ад Сахары развітую гандлёвую сетку, якая кантралявалася таварыствамі вангара. Распаўсюджанне і эканамічная важнасць гандлю прывялі да таго, што праца па-за межамі хатняй гаспадаркі здаўна лічылася нормай. Найчасцей ёй займаліся маладыя чальцы грамадства, якія не мелі зямельных надзелаў. Гэта садзейнічала таму, што ў каланіяльную эпоху і пасля санінкэ значна пашырылі сваю дыяспару. У нашы дні яе прадстаўнікі не толькі гандлююць, але працуюць на гарадскіх прадпрыемствах, у дзяржаўнай адміністрацыі, у школах і г. д. Значную частку выхадцаў з Малі, Сенегала і Маўрытаніі ў Францыі складаюць менавіта санінкэ.

Бубу, традыцыйная вопратка, уяўляе сабою доўгую кашулю да каленяў і штаны, часта белага, бэжавага ці колеру індыга. Жанчыны апранаюць па-над бубу насцегневую повязь або спадніцу, пад бубу — цесна завязаны кавалак тканіны, на галаву — вуаль. На нагах носяць скураныя сандалі тэпу або тапачкі сух. У мінулым мужчыны мелі заплеценыя ў косы валасы ці прычоскі, якія пакрывалі алеем. Наадварот, жанчыны галілі галаву або, наадварот, шчыльна запляталі валасы. Было прынята татуяваць вусны і дзёсны, каб падкрэсліць белыя зубы. Мужчыны шрамуюць скроні, жанчыны — скроні і шчокі.

Традыцыйнае грамадства сацыяльна не аднастайна. Заўважны пласт насельніцтва складаюць нашчадкі рабоў. У мінулым рабы падзяляліся на вясковых, хатніх і набытых на рынку. Вясковыя рабы звычайна мелі свае надзелы зямлі, жылі па-за межамі вёсак і падпарадкоўваліся вясковаму старасце. Хатнія рабы лічыліся часткай сям'і гаспадара, а таму іх забаранялася прадаваць. Набытыя або прызначаныя для продажу рабы належылі да самай бяспраўнай групы. Гандаль рабамі быў дастаткова распаўсюджанай з'явай.

Вышэй за нашчадкаў рабоў стаяць чальцы эндагамных прафесійных арганізацый, падобных на касты. Да іх адносяцца гаранкэ (гарбары), фунэ, гэсерэ і джэлі (спевакі, акторы і мастакі), тагэ (кавалі), нуму і інш. Кожная з такіх «каст» мае свой асабісты сацыяльны статус, адрозны ў розных рэгіянальных супольнасцях. Аднак у любым выпадку яны стаяць ніжэй за свабодных хора і высакародных тунканленму. Толькі прадстаўнікі гэтых пластоў маюць права на асабістыя зямельныя надзелы, прыналежнасць да вангара і ўдзел у самакіраванні абшчын.

Сустракаюцца як вялікія пашыраныя, так і малыя нуклеарныя сем'і. Нягледзячы на права мусульман мець да чатырох жонак, большасць мужчын мае толькі адну. Вяселлю папярэднічаюць заручыны, падчас якіх жаніх выплочвае выкуп. Пасля заручын да заключэння шлюбу ён аказвае матэрыяльную дапамогу нявесце. Тым не меней, яе сям'я можа да вяселля перагледзець вынікі заручын і выбраць іншага жаніха, калі той унясе большы выкуп. Адлік сваяцтва і перадача спадчыны адбываюцца па мужчынскай лініі.

Важным этапам у жыцці кожнага санінкэ з'яўляецца абразанне. Звычайна яно суправаджаецца ўрачыстымі цырымоніямі. Часцяком хлопчыкаў абразаюць групамі прыкладна аднаго ўзросту. Санінкэ таксама практыкуюць клітарыдыктамію дзяўчат.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова санінкэ адносіцца да моўнай сям'і мандэ. У Малі, Маўрытаніі, Сенегале і Гамбіі яна мае статус нацыянальнай.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

З XI ст. большасць вернікаў спавядае іслам.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]