Тадэвуш Гарэцкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тадэвуш Гарэцкі
польск.: Tadeusz Górecki
Фатаграфія
Дата нараджэння 1825[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 31 студзеня 1868(1868-01-31)[1][2][…]
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Антоні Гарэцкі
Маці Вераніка з Эйдзятовічаў[d]
Жонка Марыя Гарэцкая[d]
Род дзейнасці мастак, выкладчык
Жанр партрэт
Вучоба
Узнагароды
Ордэн Льва і Сонца
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Тадэвуш Гарэцкі (Гурэцкі) (польск.: Tadeusz Górecki; 1825, Віленская губерня, Расійская імперыя — 1868, Вішы, Францыя) — мастак, акадэмік гістарычнага жывапісу, педагог[3]. Творчасць цесна звязана з культурным жыццём Беларусі, Літвы, Расіі и Польшчы[3].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Партрэт брата Людвіка, 1843

Паходзіў з роду Гарэцкіх гербу «Даленга»[4]. Нарадзіўся недалёка ад Вільні ў маёнтку Дусеняты ў сям’і польскага паэта Антонія Гарэцкага (1787—1861)[5], удзельніка польскага паўстання 1830 года, які пасля паражэння быў пазбаўлены расійскімі ўладамі маёмасці, уцёк у Парыж, пакінуўшы сям’ю ў Вільні, і жыў у эміграцыі[6]. Маці Тадэвуша, Вераніка Гарэцкая, была, па сведчаннях сучаснікаў, вельмі прывабнай і разумнай жанчынай[4]. Старэйшы брат Людвік служыў афіцэрам у рускай арміі, праз некалькі гадоў удзельнічаў у чыне капітана ў Крымскай вайне і быў забіты.

Дзяцінства[правіць | правіць зыходнік]

З прычыны ўцёкаў бацькі за мяжу і канфіскацыі маёмасці сям'я цярпела вялікія матэрыяльныя цяжкасці. Вераніка Гарэцкая была вымушана звярнуцца да расійскіх урадаў у асобе шэфа корпуса жандараў і начальніка Трэцяга аддзялення ўласнай Яго Імператарскай Вялікасці канцылярыі А. Х. Бенкендорфа за падтрымкай[4]. Апошні ў рапарце Мікалаю І ад 30 красавіка 1841 года хадайнічаў[4] аб прыняцці Тадэвуша Гарэцкага ў Пецярбургскую акадэмію прыгожых мастацтваў і прызначэнні яму стыпендыі ад урада, тлумачачы сваю просьбу наступным чынам: «принимая во внимание, что мать, отдающая в руки правительства своего сына, заслуживает полного уважения, и желая доказать, что оно всегда изъявляет благосклонность к тем из них, которые вручают оному детей своих..». Цар напісаў на рапарце «згодны», і лёс сына паўстанца быў вырашаны. Стыпендыя ў 350 рублёў, якая была прызначана Тадэвушу царом, удвая пераўзыходзіла звычайныя выплаты вучням Акадэміі. Людвіку Гарэцкаму была наканавана вайсковая кар’ера, таксама пры падтрымцы Бенкендорфа[4].

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Рана прычыніўся да малявання. Верагодна, першыя спробы зрабіў пад кіраўніцтвам свайго кузэна Валянціна Ваньковіча. Малады Гарэцкі мог таксама наведваць і майстэрню Вікенція Дмахоўскага, які ў той час жыў у Вільні[4].

Першыя прафесійныя ўрокі выяўленчага мастацтва Ф. Гарэцкі атрымаў у класе К. Русецкага.

Сляпы з павадыром

У 1841 паступіў у Імператарскую Акадэмію мастацтваў у Пецярбургу[3]. Ужо ў 1842 годзе яго поспехі былі адзначаныя крытыкам Рамуальдам Падбярэскім: "жывое ўяўленне, здольнасць схопліваць падабенства ў рысах. Партрэты, накіданыя ім алоўкам, вядомыя ў многіх дамах сталіцы, вызначаюцца трапнасцю падабенства. Працуе ён настойліва, у адасабленні ад света"[7].

Гарэцкі вучыўся жывапісу пад кіраўніцтвам Карла Брулова. Дзякуючы сваім здольнасцям, хутка стаў адным з лепшых яго вучняў, яго называлі "правай рукой майстра"[8]. Ужо праз год Гарэцкі выставіў на штогадовай выстаўцы ў Акадэміі дзве работы: копію карціны Міхаэля Свеертса "Банкрот" (са збораў Акадэміі) і інтэр'ер лютэранскай кірхі Святой Кацярыны, гэтыя творы звярнулі на сябе ўвагу знаўцаў прыгожага мастацтва. Апошні твор набыў граф Бенкендорф.

У 1843 г. за карціну «Сляпы з павадыром» ён атрымаў сярэбраны медаль ІІ класа[4]. Гэта інтымная кампазіцыя, якая характарызуецца вялікай прастатой і мінімалізмам у плане мастацкіх сродкаў, захоўваецца ў амаль аднатонным адценні карычневага. Гарэцкі абраў характэрную для свайго жывапісу рэлігійную тэму і адначасова закрануў сацыяльныя праблемы. У адрозненне ад свайго настаўніка, мастак выявіў здольнасці да пільнага назірання за рэчаіснасцю і адчувальнасць да чалавечых няшчасцяў[9].

Паралельна з навучаннем у Акадэміі Тадэвуш дапамагаў Карлу Брулову ў стварэнні фрэсак для Ісакіеўскага сабора ў Санкт-Пецярбургу (1843—1847)[6]. Ён скончыў некаторыя карціны, якія Брулоў распачаў, у т.л. партрэт байкапісца Івана Крылова[10], таксама зрабіў копію "Аўтапартрэта" Брулова (1848) і некалькіх іншых копій карцін.

Ля ложка паміраючай

У 1845 г. Гарэцкі вярнуўся да тэмы рэлігійнага жыцця, намаляваўшы «Споведзь маладой ліцвінкі», карціна была ўзнагароджана рэдкім залатым медалём "за экспрэсію". Вядомы толькі сёння з графічнай рэпрадукцыі твор прадставіў маладую жанчыну, якая стаяла на каленях каля старога каталіцкага святара, які ўважліва слухаў яе. "Варшаўскі кур'ер", са спазненнем на некалькі гадоў, але паведаміў пра станоўчы прыём гэтага вобраза ў суполцы Акадэміі: «Зноў вобраз гэтага сына Паэта, дзе прадстаўлены капуцын, які спавядае маладую ліцвінку, быў залічаны на вялікай выставе да шэрагу лепшых карцін. Гэтая праца, звярнуўшы ўвагу на сябе, заваявала гучнае імя для маладога студэнта Акадэміі і праклала шлях да славы мастака”[11]. Юзаф Крашэўскі таксама адзначаў талент маладога мастака: "здольнасці і працы Гарэцкага сапраўды здзіўляюць, 20-гадовы мастак - майстар кампазіцыі, хуткі ў выкананні, багаты на задумы"[8].

«Партрэт Пятра Клота», 1950

У 1849 годзе ўзнагароджаны Вялікім залатым медалём за напісаную для конкурсу карціну «Хрыстос бласлаўляе дзяцей» і атрымаў званне мастака XIV класа[12]. У 1850 г. падаў заяўку і быў ганараваны званнем «мастак-партрэтыст» за партрэт расійскага скульптара Пятра Клота[6].

Т. Гарэцкі спецыялізаваўся ў партрэтным жывапісе, але таксама добра паказаў сябе ў гістарычным жанры і ў пейзажы. У час вучобы Гарэцкі стварыў шмат партрэтаў. Яго мадэлямі былі, у большасці, землякі мастака: палкоўнік Ян Гячэвіч, епіскап Бароўскі  (руск.), архіепіскап Дмахоўскі, епіскап Валанчэўскі, граф і графіня Шадурскія, граф і графіня Лапацінскія і іншыя.

Будучы адным з лепшых выпускнікоў з ліку скончыўшых курс Акадэміі з Вялікім залатым медалём, у 1851 годзе адправіўся за мяжу ў якасці пенсіянера акадэміі  (руск.). Ён наведаў Варшаву, Берлін, Парыж і Мадрыд. Падчас паездкі капіраваў творы старых заходнееўрапейскіх майстроў: "Крыж" Сэбасцьяна дэль Помба , "Святая Сям’я" Рафаэля, "Святы Варфаламей" Хасэ дэ Рыберы. У Мадрыдзе ён паспяхова выставіў уласную кампазіцыю «Ля ложка паміраючай».

У 1852 годзе памёр Карл Брулоў, які даверыў свайму вучню скончыць некалькі пачатых ім карцін.[4].

Вярнуўшыся ў Санкт-Пецярбург у 1853 г., Гарэцкі прыняў удзел у выставе, прадставіўшы карціны, зробленыя падчас падарожжа: "Пілігрымы перад базылікай св. Пятра ў Рыме", "Святы Варфаламей", "Ля ложка паміраючай" і від на двор Львоў у Альгамбры. На іх аснове яму было прысвоена званне акадэміка ў галіне гістарычнага жывапісу[9].

Далейшае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Пасля атрымання ў 1854 годзе звання акадэміка у наступным годзе Гарэцкі здзейсніў падарожжа па Італіі, атрымаўшы заданне ўрада завершыць копію святой Цэцыліі Балонскай Рафаэля, якую ўжо распачаў Брулоў. Відаць, сам паміраючы майстар выказаў пажаданне, каб Гарэцкі выканаў даручэнне[13].

Пасля смерці Мікалая I у 1855 годзе Тадэвуш змог наведаць свайго бацьку ў Парыжы, нарэшце пазнаёміцца з ім і завязаць адносіны.

З 1856 г. жыў, у асноўным, у Парыжы, дзе ў 1857 г. ажаніўся з пісьменніцай Марыяй Міцкевіч  (укр.) (1835—1922), старэйшай дачкой польскага паэта Адама Міцкевіча. Гэты шлюб выклікаў супраціў з боку сям’і Гарэцкіх, паколькі незадоўга да вяселля пасля знаёмства з Гарэцкім у Італіі Марыя адмовілася ад шлюбнай прапановы сябра свайго бацькі Армана Леві  (англ.), а таксама з-за 20-гадовай розніцы ва ўзросце маладых. Аргумент невядомай прыроды ледзь не прывёў да дуэлі Тадэвуша з яе братам Уладзіславам  (польск.). Трагедыі атрымалася пазбегнуць, але яго адносіны з яе сям’ёй так і засталіся напружанымі.

Яго адносіны з парыжскай эміграцыйнай супольнасцю прывялі да значных зрухаў у яго мастацкай дзейнасці. Гэта не тычылася пытанняў формы, у гэтым плане Гарэцкі заставаўся прадстаўніком халоднага акадэмізму і гарачым прыхільнікам прынцыпаў, засвоеных падчас навучання ў Санкт-Пецярбургскай акадэміі. Аднак патрыятычная атмасфера падбадзёрыла яго паспрабаваць парушыць іканаграфічныя канвенцый, якіх ён прытрымліваўся раней пад уплывам былога настаўніка Брулова[9]. Паводле аднаго з некралогаў, яго думкі былі заняты пытаннямі патрыятычнага мастацтва - «ён пакінуў [...] некалькі ідэй для карцін нацыянальнай тэматыкі, пра якія ён шкадуе, што не можа стварыць, сярод іх і "Польская маці", "Вяселле Ядвігі і Ягайлы", а таксама ілюстрацыі да "Пан Тадэвуша”[14]. Яго карціны "Святы Дамінік" (1861), "Хрыстос на Аліўнай гары" (1864) і "Дамініканец" (1866) дэманстраваліся на парыжскіх выставах.

Сярод яго вучняў у Парыжы быў Вітольд Прушкоўскі  (руск.).

У 1862 годзе быў узнагароджаны Ордэнам Льва і Сонца  (руск.) за навучанне заходнееўрапейскаму жывапісу чатырох персідскіх студэнтаў, але пад ціскам з боку расійскага ўрада быў вымушаны адмовіцца ад узнагароды[5].

У апошні раз ён наведаў Санкт-Пецярбург у 1867 г. Затым яго творы выстаўляліся на штогадовай выставе Акадэміі выяўленчых мастацтваў (1867–1868). Пасля вяртання ў Францыю ён памёр у Вішы пасля працяглай хваробы 31 студзеня 1868 г. Пахаваны 2 лютага побач з бацькам на старых могілках Ле Шамё ў Манмарансі - найбуйнейшым польскім некропалі Францыі.

Яго жонка перажыла яго на сорак пяць гадоў[4].

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Марыя Гарэцкая ў жалобным убранні падчас кракаўскага пахавання яе бацькі Адама Міцкевіча

Першая дачка Гелена, якая нарадзілася ў хуткім часе пасля шлюбу, памерла ў 1860 годзе. Пазней у Тадэвуша і Марыі нарадзілася яшчэ чацвёра дзяцей: Адам, Людвік, Цэліна і Гелена. Гелена выйшла замуж за Юзафа Мадлінскага з Крывасаду  (англ.) на Куявах, дзе і памерла. Людвік, названы ў гонар дзядзькі з бацькоўскага боку, стаў вядомым доктарам-акулістам, многа зрабіў для развіцця медыцынскай навукі[4].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Тадэвуш Гарэцкі — мастак-партрэтыст. Выдатны капііст  (руск.), які добрасумленна паўтараў арыгіналы знакамітых італьянскіх і іспанскіх майстроў. Некалькі месяцаў правёў у музеі Прада ў Мадрыдзе, дзе рабіў копіі карцін заходнееўрапейскіх майстроў.

Стварыў шэраг жывапісных гістарычных і жанравых палотнаў. Аўтар некалькіх карцін на сакральныя тэмы. Каштоўнымі з’яўляюцца яго партрэты прадстаўнікоў рускай інтэлігенцыі, ваенных, польскіх царкоўных саноўнікаў, членаў сям’і (у тым ліку жонкі і цесця) і сяброў[15]. Стварыў серыю малюнкаў-ілюстрацый да «Пана Тадэвуша»[15].

Сярод асноўных прац «Унутраны перспектыўны выгляд Лютэранскай царквы св. Кацярыны» (1842), «Споведзь маладой ліцвінкі ў святара-капуцына» (1845), «Хрыстосванне» («Хрыстос», 1850), «Пілігрымы перад базілікай св. Пятра ў Рыме» (1854), «Дамініканец, які моліцца» (1867)[3]; партрэты — Л. Гарэцкага (1843), А. Міцкевіча (1847), графа Лапацінскага з жонкай (парны, кан. 1840-х), П. К. Клота (1850). Таксама выканаў копію з аўтапартрэта Брулова (1848); копіі з карцін: «Нясенне крыжа Хрыстом Збаўцам» Себасцьяна дэль П’ёмба (1851), «Святая сям’я» Рафаэля (1853), «Св. Варфаламей» Хасэ дэ Рыбера (1854)[16].

Некаторыя з яго прац («Пілігрымы перад базілікай св. Пятра ў Рыме», партрэт Марыі Міцкевіч) захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

У 1978 годзе Музей літаратуры імя Адама Міцкевіча ў Варшаве набыў архіў мастака і некаторыя яго карціны, які захоўваліся ў сям’і.

Зноскі

  1. а б RKDartists Праверана 23 жніўня 2017.
  2. а б Tadeusz Gorecki
  3. а б в г Горецкий Фаддей Антонович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 164. — 737 с.
  4. а б в г д е ё ж з і Тадэвуш Гарэцкі жыццё і творчасць/С. Я. Куль-Сяльверстава // Шлях да ўзаемнасці = Droga ku wzajemnosci : матэрыялы XV міжнар. навук. канф., Гродна, 13 — 14 лістапада 2008 года/Установа адукацыі «Гродзенскі дзярж. ун-т імя Я.Купалы»; рэдкал.: І, I.П. Крэнь.- Гродна : ГрДУ, 2009 .- С.188-192
  5. а б «Tadeusz Gorecki, Los malarza» by Swietłana Kul-Sylwestrowa @ Ziemia Lidzka.
  6. а б в Brief biography @ RusArtNet.
  7. Podbereski, Romuald. „O niektórych artystach, którzy już wyszli albo jeszcze się kształcą w  Akademij Sztuk Pięknych w  S. Petersburgu”, Tygodnik Petersburski, cz. 2: 69 (1842): 475–477.
  8. а б Kraszewski, Józef Ignacy. „Listy ze wsi”, Tygodnik Petersburski, 74 (1849): 463
  9. а б в Świętosławska Agnieszka. Emigration as an artistic turning point : Ignacy Szczedrowski, Konstanty Kukiewicz and Tadeusz Gorecki at the Imperial Academy of Arts in Saint Petersburg. Art Inquiry. Recherches sur les arts 2015, vol. XVII. P. 341.
  10. https://www.culture.ru/materials/254841/i-ya-udostoilsya-namalevat-tam-figurku
  11. Kurier Warszawski, 285 (1849): 1508.
  12. Юбилейный справочник Императорской Академии художеств. 1764-1914 / Сост. С.Н. Кондаков. - Санкт-Петербург : т-во Р. Голике и А. Вильборг, [1914]-[1915]. - 2 т. С. 52.
  13. „Tadeusz Gorecki” (Notatka biograficzna), Tygodnik Illustrowany 1868, no. 17, p. 195.
  14. „Tadeusz Gorecki”, Rocznik Towarzystwa Historyczno-Literackiego w Paryżu 1868, p. 378.
  15. а б Vytautas Gudonis  (літ.). Šiaulių universitetas. AKLOJO ELGETOS PAVEIKSLAS VAIZDUOJAMAJAME MENE, с. 77 (літ.)
  16. ГОРЕЦКИЙ ФАДДЕЙ АНТОНОВИЧ (1825—1868) (руск.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Чуйко В. В. Горецкий, Фаддей Антонович // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907. Ст. Горецкий, Фаддей Антонович //  : у 86 т. (82 т. і 4 доп.).  СПб., 1890—1907.
  • Тадэвуш Гарэцкі жыццё і творчасць/С. Я. Куль-Сяльверстава // Шлях да ўзаемнасці = Droga ku wzajemnosci : матэрыялы XV міжнар. навук. канф., Гродна, 13 — 14 лістапада 2008 года/Установа адукацыі «Гродзенскі дзярж. ун-т імя Я.Купалы»; рэдкал.: І, I.П. Крэнь.- Гродна : ГрДУ, 2009 .- С.188-192
  • Lietuvos dailininkų žodynas: 1795—1918 (sud. J. Širkaitė, Vilnius, LKTI, 2012): p. 144—145.
  • Polski sіownik biograficzny. — T. 8 — Wrocіaw-Krakуw, 1959—1960. — S.305

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]