Тардэсільяскі дагавор

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Лініі дэмаркацыі калоній паміж Іспаніяй і Партугаліяй у XV і XVI стст.

Тардэсільяскі дагавор (ісп.: Tratado de Tordesillas, парт.: Tratado de Tordesilhas) — пагадненне паміж Іспаніяй і Партугаліяй аб падзеле сфер уплыву ў свеце. Складзены 7 чэрвеня 1494 года ў горадзе Тардэсільяс (Кастылія). Ратыфікаваны Іспаніяй 2 ліпеня, Партугаліяй — 5 верасня. Ухвалены булай Папы Юлія II у 1506 годзе.

Дагавор удакладняў лінію падзелу, устаноўленую годам раней у буле Папы Аляксандра VI «Inter caetera». Дэмаркацыйная лінія, якая праходзіла праз абодва полюсы і перасякала Атлантычны акіян, па патрабаванні партугальскага боку была перанесена ад лініі, якая праходзіць у 100 лігах заходней любога з астравоў Азорскага архіпелага і архіпелага Зялёнага мыса да 370 ліг (1770 км, 1100 міль) да захаду ад астравоў Зялёнага Мыса — у сучасных каардынатах, гэта мерыдыян 49°32’56" з. д., ці «папскі мерыдыян». Моры і землі на ўсход ад гэтай рысы адыходзілі да каралеўства Партугаліі, да захаду — каралеўству Кастыліі і Арагона (Іспаніі).

Гісторыя пытання[правіць | правіць зыходнік]

Рымскія Папы Мікалай V і Калікст III у 1452—1456 гадах падалі Партугаліі права валодаць землямі, адкрытымі на поўдзень і ўсход ад мыса Бахадар, «аж да індыйцаў». Кастылія прызнала гэтыя правы ў 1479 годзе, а ў 1481 годзе рымскі Папа Сікст IV сваёй булай «Aeterni regis» яшчэ раз аддаў усе землі на поўдзень ад Канарскіх астравоў Партугаліі.

Вяртанне Хрыстафора Калумба са сваёй першай экспедыцыі і вестка пра тое, што ён адкрыў «Заходнюю Індыю», устрывожылі Партугалію — гэта адкрыццё пазбаўляла яе паданых раней тэрытарыяльных правоў. Кастылія, аднак, адмаўлялася прызнаваць папскія падараванні, ссылаючыся на права першага адкрыцця. Вырашыць канфлікт мірам мог толькі глава каталіцкай царквы.

3 мая 1493 года Папа Аляксандр VI Борджыа (Радрыга Борха), родам з Іспаніі, абвясціў, што ўсе землі, якія Кастылія адкрыла ці адкрые заходней мерыдыяна, які праходзіць у 100 лігах заходней астравоў Зялёнага Мыса, павінны належаць ёй, а новыя землі, якія будуць адкрыты ў раёнах усходней гэтай лініі — Партугаліі, прычым гэта правіла не распаўсюджвалася на тэрыторыі, якія ўжо знаходзяцца пад валадарствам хрысціянскіх краін. Натуральна, гэта не спадабалася партугальскаму каралю Жуану II, які і пачаў перамовы з каралём Фердынандам II Арагонскім і каралевай Ізабелай I Кастыльскай пра тое, каб гэту лінію ссунуць заходней.

У момант падпісання Тардэсільяскага дагавора Калумб здзяйсняў сваю другую экспедыцыю, таму Іспанія ўстанавіла для сябе абмоўку, што да 20 чэрвеня дэмаркацыйная лінія зрушваецца на 120 ліг, і, калі ў гэтым рэгіёне будуць выяўлены новыя землі, то яны адыдуць да Іспаніі. Дагавор таксама прадугледжваў адпраўку адмысловай двухбаковай экспедыцыі для дакладнай дэмаркацыі марской лініі, але гэты пункт не быў выкананы.

Наступствы Дагавора[правіць | правіць зыходнік]

Складаючы дагавор, абодва бакі яшчэ вельмі смутна ўяўлялі сабе рэальную геаграфію. Так у 1500 годзе ў выніку экспедыцыі Педру Алварэша Кабрала стала ясна, што Іспанія «падарыла» Партугаліі Бразілію.

Акрамя таго, Амерыка лічылася непераадольным заходнім бар'ерам, таму што нічога не было вядома пра Ціхі акіян. Ён быў адкрыты экспедыцыяй Фернана Магелана (15191522), пасля чаго востра паўстала пытанне аб тым, дзе павінна праходзіць дэмаркацыйная лінія на Усходзе. Яна была канчаткова ўстаноўлена Сарагоскім дагаворам 1529 на адлегласці 257,5 ліг на ўсход ад Малукскіх астравоў. Іспанія, такім чынам, пазбавілася права на гэту крыніцу каштоўных спецый, завошта ёй была выплачана вызначанае грашовае кампенсаванне.

Паўднёвая Амерыка ў 1650 годзе. Пазначана таксама дэмаркацыйная лінія паміж іспанскімі і партугальскімі ўладаннямі. Наглядна паказана, што Галандыя ігнаруе дагавор і размяшчае калоніі як на «іспанскіх», так і на «партугальскіх» землях.

Тардэсільяскі дагавор меў на ўвазе вечнае і манапольнае панаванне Іспаніі і Партугаліі над пазаеўрапейскім светам. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што гэтыя дзве краіны былі піянерамі Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, маючы самую дасканалую па тых часах марскую тэхніку і пазнанні ў навігацыі.

Аднак іншыя еўрапейскія дзяржавы (Францыя, Англія, Галандыя) адмовіліся прызнаць такое становішча і актыўна займацца пірацтвам у фармальна закрытым для сябе Сусветным акіяне. Ідэалагічным абгрунтаваннем іх дамаганняў стала аспрэчванне правамоцтва ўлады Папы Рымскага ў пытанні геаграфічных адкрыццяў. Вядома дасціпнае выказванне па гэтай нагодзе караля Францыі Францыска I:

«Я не памятаю такога месца ў завяшчанні Адама, якое б пазбаўляла мяне долі на ўладанне Новым Светам».

У XVII стагоддзі адбыўся заход іспана-партугальскай каланіяльнай магутнасці. Тардэсільяскі дагавор захоўваў рэальную сілу толькі ў Паўднёвай Амерыцы, дзе працягваў выкарыстоўвацца пры вырашэнні памежных спрэчак паміж Іспаніяй і Партугаліяй (Галандыя, якая мела калоніі ў Паўднёвай Амерыцы, дагавор ігнаравала). Афіцыйна адменены ў 1777 годзе дагаворам у Сан-Ільдэфонса.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ланге П.В. Горизонты Южного моря. История морских открытий в Океании. Москва: Прогресс, 1988. - 228 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]