Харапа

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
На месцы раскопак

Хара́па (урду ہڑپہ) — археалагічны помнік на месцы старажытнага горада. Знаходзіцца к поўдню ад былога рэчышча р. Раві ў штаце Пенджаб у Пакістане. Агульная плошча - 150 га. Горад належыў да Індскай цывілізацыі.

Археалогічныя даследаванні[правіць | правіць зыходнік]

Першыя археалагічныя раскопкі на месцы старажытнага горада былі праведзены ў 1872 г. брытанскім даследчыкам Артурам Канінгемам. У 1875 г. ён апублікаваў свае матэрыялы і зрабіў выснову, што яго знаходкі выяў жывёлін не адносяцца да вядомай індыйскай культуры. Аднак навуковы свет аднёсся да яго высноў скептычна.

Буйнамаштабныя раскопкі пачаліся ў 1920 г. і цягнуліся да 1940 г. У 1920 - 1921 гг. праца ішла пераважна на паўночным ўзгорку (курган F), зроблены раскоп 152 м. у даўжыню і каля 5 м. у шырыню. У 1926 - 1927 гг. было даследавана амаль 5 тыс. кв. м. і выяўлена 350 найменняў знаходак, у тым ліку ўзоры пісьма і пячаткак. У наступным годзе былі выяўлены рэшткі гаспадарчых будынкаў. У 1937 - 1938 гг. К. Н. Шастры раскапаў каля 50 пахаванняў (могільнік R37) на паўднёвым захадзе ад асноўнай сцяны горада.

Раскопкі ўзнавіліся пасля ІІ Сусветнай вайны ў 1946 г., калі Морцімер Вілер даследаваў сцены галоўнай цытадэлі (курганы A i B). Апублікаваныя матэрыялы пераканаўча паказалі, што Харапа была заснавана не арыйскім насельніцтвам. Аднак у далейшым археалагічныя пошукі стала перарываліся неспрыяльнай палітычнай сітуацыяй.

У 1986 г. быў прапанаваны міжнародны міждысцыплінарны прает далейшых раскопак (HARP), які ўключаў сучасныя перадавыя метады даследавання. Пад эгідай гэтага праекта пошукі працягваюцца да нашых дзён.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Археалагічныя даследаванні паказалі, што гісторыя старажытнай Харапы падзяляецца на некалькі перыядаў. Найстаражытнейшы ахоплівае 3300 - 2800 гг. да н. э., калі на паўночна-заходнім крае будучага горада ўзнікла неалітычнае паселішча земляробаў. Яны будавалі цагляныя жытлы з агменямі, ужывалі шліхтаваны крэмень, радовішча якога знаходзілася ў 700 км. ад Харапы. Але ўжо ў канцы неаліту мясцовыя жыхары ўзвялі дзве сцяны з сырой цэглы (каля 2 м. у вышыню), якая абараняла вуліцы, што расцягнуліся з поўдню на поўнач на плошчы 10 га. Знойдзены печ для вытворчасці керамікі, а таксама ракавіны марскіх малюскаў, што сведчыць аб існаванні аддаленага гандлю.

У пачатку меднага веку былі пабудаваныя вялізарныя свіраны. Відавочна, зерне дастаўлялася па рацэ, пакольку на беразе старога рэчышча Раві раскапанае зернесховішча. Важнае адрозненне Харапы ад іншых гарадоў Індскай цывілізацыі - гэта тое, што тут былі знойдзены могілкі. Даследаванне рэшткаў нябожчыкаў дало дадатковую інфармацыю пра яго жыхароў. У прыватнасці, аказалася, што ў Харапе гэтага перыяду быў нізкі (у параўнанні з паселішчамі іншых цывілізацый) узровень дзіцячай смяротнасці. Сярэдні ўзрост памерлых быў каля 34 гадоў, але многія дажывалі да 55. Вывучэнне зубоў паказала, што харапцы пакутвалі на лінейную гіпаплазію і карыес, відавочна з-за недахопу і дрэннай якасці ежы. Прычым, жанчыны сілкаваліся горш, чым мужчыны. Дзяўчынкі атрымоўвалі менш увагі, чым хлопчыкі.

Гарадскія пабудовы наступных двух перыядаў амаль не захаваліся ў выніку крадзяжу цэглы пад час раскопак для пабудовы мясцовай лініі чыгункі, аднак інфармацыю багата прадстаўляюць могілкі. Нябожчыкаў хавалі галавою на паўночны ўсход ці скурчанымі ў позе зародка. Ля галавы памяшчалі керамічныя пасудзіны, упрыгожаныя малюнкамі паўлінаў, дрэў, лісця і зорак. Верхні пласт пахаванняў адметны вялікімі пасудзінамі, у якія клалі нябожчыкаў. Выявы на кераміке нагадваюць матывы з Рыгведы.

Асноўнай крыніцай спажывання насельніцтва Харапы былі пшаніца і ячмень. Яны трымалі кароў, авечак і коз. Амаль нічога не вядома пра ролю палявання. Знойдзены рэшткі самоў, якіх лавілі на рацэ, а таксама марскіх рыбін.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Знешнія спасылкі[правіць | правіць зыходнік]