Хуахінэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Хуахінэ
фр. Huahine
Выгляд з паветра
Выгляд з паветра
Характарыстыкі
Плошча75 км²
Насельніцтва6 075 чал.
Шчыльнасць насельніцтва81 чал./км²
Размяшчэнне
16°45′08″ пд. ш. 151°01′31″ з. д.HGЯO
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Хуахінэ (Ціхі акіян)
Хуахінэ
Хуахінэ
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Хуахінэ́ (фр.: Huahine) — востраў у групе астравоў Таварыства. Плошча — 75 км². Насельніцтва — 3120 чал. (2017 г.).

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Карта

Хуахінэ месціцца за 170 км на паўночны захад ад Папеэтэ, адміністрацыйнага цэнтра Французскай Палінезіі. З’яўляецца паверхняй падводнага шчытавога вулкана, які ўтварыўся 2,65 — 2,52 млн гадоў таму. Хуахінэ фактычна складаецца з 2 астравоў, Хуахінэ-Нуі (Вялікі Хуахінэ) і Хуахінэ-Іці (Малы Хуахінэ), якія маюць адзіны базальтавы фундамент. Вузкі праліў паміж імі амаль знікае падчас адліваў. У нашы дні астравы злучае мост. Найвышэйшы пункт — гара Туры (669 м) на востраве Хуахінэ-Нуі.

Хуахінэ атачае працяглы каралавы рыф. Часам на ім сустракаюцца невялікія каралавыя астраўкі моту. Найбуйнейшы з іх Моту-Марымаёра знаходзіцца каля ўсходняга берага Хуахінэ-Іці. Ён утварыўся некалькі стагоддзяў таму ў выніку вырубкі лесу на схілах узвышшаў і наступнай эрозіі. Дажджы змывалі глебу з узвышшаў у акіян, але яна затрымоўвалася рыфам. У выніку складзеная змывамі паверхня Моту-Марымаёра адрозніваецца вялікай урадлівасцю. Астравок шчыльна заселены, на ім вырошчваюць гародніну для камерцыйных патрэб.

На поўначы Хуахінэ-Нуі вылучаецца замкнёная лагуна Фаўна-Нуі (375 га) з саланаватай вадой.

Клімат трапічны вільготны. Яго асаблівасці вызначаюцца сезоннымі пасатамі. Найбольш спякотны і вільготны месяц — люты, калі сярэднядзённая тэмпература вагаецца паміж +25,7 °C і +26,7 °C, а колькасць ападкаў дасягае 185 мм. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 1109 мм.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Прырода Хуахінэ значна зменена чалавекам, тым не меней, ён пакрыты гаямі дрэў, сярод якіх найчасцей сустракаецца какосавая пальма. Тут шмат птушак. Навакольныя воды населены рэдкімі пародамі рыб.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Хуахінэ быў населены ў IX ст. выхадцамі з Таіці. На ім захаваліся шматлікія артэфакты перыяду высокага сярэднявечча. У XVII ст. дынастыя правадыроў Хаўмаарэрэ ўсталявала кантроль над абодвума астравамі. У 1769 г., калі Хуахінэ быў адкрыты брытанскай экспедыцыяй на чале з Джэймсам Кукам, знакаміты мараплавец пазнаёміўся з Тэхаапапай, апошняй прадстаўніцай Хаўмаарэрэ. Дзеці ад яе шлюбу з правадыром з Раіятэа склалі асобную дынастыю кіраўнікоў Таматоа.

У 1847 г. пасля няўдалай спробы ўсталяваць французскі пратэктарат было абвешчана незалежнае Каралеўства Хуахінэ. Аднак у 1850 г. уладу ў ім захапіў правадыр Арыматэ Тэўрураі, заснавальнік новай дынастычнай лініі. У 1853 г. ён прыняў асабісты кодэкс законаў, які павінен быў умацаваць манархію. Аднак пры яго пераемніках Хуахінэ трапіў у эканамічную залежнасць ад Францыі. У 1888 г. быў усталяваны французскі пратэктарат. У 1895 г. Каралеўства было канчаткова ліквідавана і далучана да французскіх каланіяльных валоданняў.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]