Цынь Шыхуан-дзі
Цынь Шыхуан-дзі (кіт.: 秦始皇; 259—210 да н.э.), правіцель царства Цынь (з 246 да н.э.), які паклаў канец перыяду Царстваў у барацьбе (Чжань го). Да 221 да н.э. ён усталяваў аднаасобнае панаванне на ўсёй тэрыторыі Унутранага Кітая і ўвайшоў у гісторыю як уладар цэнтралізаванай кітайскай дзяржавы. Заснаваная ім дынастыя Цынь, якая планавала правіць Кітаем на працягу 10 тысяч пакаленняў, была звергнутая праз некалькі год пасля яго смерці.
Цынь Шыхуан-дзі правёў грандыёзную кампанію па аб'яднанню Паднябеснай. Была створаная агульнакітайская сетка дарог, знесеныя абарончыя сцены паміж царствамі і дабудаваныя паўночныя ўчасткі (тым самым створана Вялікая кітайская сцяна), уніфікавана іерагліфічнае пісьмо, грашовая сістэма, сістэма мер, краіна падзелена на ваенныя акругі. Імператар праводзіў рэгулярныя інспекцыі розных частак краіны, ён першым з кітайскіх правіцеляў выйшаў на марскі бераг, паклаў пачатак традыцыі манаршых узыходжанняў на гару Тайшань.
Праўленне Цынь Шыхуан-дзі было заснавана на прынцыпах легізму, выкладзеных у трактаце «Хань Фэй-цзы». Між тым усе пісьмовыя сведчанні аб яго асобе былі прапушчаны скрозь прызму канфуцыянскага светапогляду ханьскіх гісторыкаў, перш за ўсё Сыма Цяня. Верагодна, што прыпісаныя Цынь Шыхуан-дзі жорсткія ганенні на канфуцыянцаў — частка канфуцыянскай антыцыньскай і антылегісцкай прапаганды. Яго вобраз як жудаснага тырана тэндэнцыйна перабольшаны. Усе наступныя дзяржавы Кітая, пачынаючы з Заходняй Хань, наследвалі тую адміністрацыйна-бюракратычную сістэму дзяржаўнага кіравання, якая была створана пры першым імператары.
Магутнасць Цынь Шыхуан-дзі яскрава ілюструе пахавальны комплекс, пабудаваны яшчэ пры жыцці імператара непадалёку ад Сіяня. Адным з выдатных элементаў маўзалея з'яўляецца сусветна вядомая тэракотавая армія — 8 тысяч поўнапамерных скульптур кітайскіх воінаў і коней.
| Папярэднік: (заснавальнік дынастыі) |
Цынь 246 да н.э.—210 да н.э. |
Пераемнік: Эршы Хуан |
| Папярэднік: Чжуансян-ван |
Імператар Кітая 246 да н.э.–210 да н.э. |
