Які (індзейцы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Які
(Hiaki, Yoeme)
Фота 1910 г.
Агульная колькасць 39000 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання  Мексіка — 15000
 ЗША — 24000
Мова які
Рэлігія політэізм, шаманізм, анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы юты, маё

Які, або Ёэмэ (саманазвы: Hiaki, Yoeme) — індзейскі народ. Жывуць на паўночным захадзе Мексікі і паўднёвым захадзе ЗША. Агульная колькасць (2022 г.) — 39 000 чалавек[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Нашчадкамі які былі індзейскія плямёны, якія да позняга сярэднявечча мігрыравалі з вярхоўяў Каларада на паўночны захад Мексікі. У дакалумбавы перыяд яны складалі 23 самастойныя супольнасці, якія насялялі землі ўздоўж Каліфарнійскага заліва. У 1533 г., калі пачаліся кантакты паміж які і іспанцамі, іх агульная лічба ацэньвалася ў 30 тысяч чалавек.

Спробы іспанцаў каланізаваць землі які прывялі да ўзаемных ваенных дзеянняў, што скончыліся ў 1610 г. мірным пагадненнем. У 1617 г. сярод які былі адкрыты езуіцкія місіі. Паступова насельніцтва сканцэнтравалася ў 8 паселішчах пры місіях. Дзякуючы місіянерам былі адкрыты саляныя радовішчы, якія прыносілі прыбыткі. Спроба прыватных уладальнікаў захапіць радовішчы выклікала індзейскае паўстанне 1740 г., у якім які адыгрывалі вызначальную ролю.

У 1767 г. езуіты былі выгнаны з іспанскіх калоній. На іх месцы з’явіліся місіянеры-францысканцы. Яны не карысталіся ўплывам сваіх папярэднікаў, таму ўлада засяродзілася ў руках правадыроў паселішчаў. Падчас Вайны за незалежнасць Мексікі саслабленне цэнтральнага кіравання прывяло да ваенных сутычак паміж які і суседнімі індзейскімі народамі.

У 1825 г. які адмовіліся выплочваць падаткі цэнтральнаму мексіканскаму ўраду. Яны арганізавалі шэраг паўстанняў. У 1863 г. мексіканцы здолелі вымусіць іх прадстаўнікоў падпісаць мірнае пагадненне. Але падчас французскай інтэрвенцыі правадыры які далучыліся да інтэрвентаў. У 1868 г. іх выступленне было жорстка задушана. У 1876 г. правадыр Каэмэ абвясціў незалежную рэспубліку на землях які і маё. Узброены рух за незалежнасць працягваўся да 1900 г.

У 19031911 гг. мексіканскія ўлады арганізавалі прымусовую дэпартацыю які ў Юкатан і Аахаку. Лічыцца, што дэпартацыя прывяла да гібелі ад 15 000 да 60 000 чалавек і выклікала бегства які ў ЗША. У 1918 г. на мяжы Мексікі і ЗША нават адбыўся бой паміж амерыканскімі ваеннымі і ўзброенымі бежанцамі. У 1978 г. нашчадкі бежанцаў у Арызоне атрымалі федэральнае прызнанне і права на самакіраванне.

У Мексіцы ваенныя выступленні які былі задушаны да 1929 г. Тым не меней, прадстаўнікі гэтага народа актыўна ўдзельнічаюць у рухах за правы карэнных насельнікаў і сацыяльную роўнасць.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Да прыходу іспанцаў супольнасці які падзяляліся на прыбярэжныя, раўнінныя і горныя. Прыбярэжныя жыхары займаліся рыбалоўствам, здабычай солі і ракавін малюскаў. На раўнінах займаліся земляробствам. Горцы практыкавалі вандроўнае паляванне. Традыцыйная культура які была значна зменена ў выніку ўплыву каталіцкіх місіянераў у XVII — пачатку XIX стст., а потым узброенай барацьбы і дэпартацыі у XIX — першай траціне XX стст. У нашы дні асноўнымі заняткамі з’яўляюцца сельская гаспадарка і дробнае рамяство. Зямля належыць як абшчынам, так і прыватным уладальнікам. У Мексіцы развіццё земляробства стрымліваецца недахопам вады, таму ў апошнія дзесяцігоддзі сяляне аддаюць перавагу жывёлагадоўлі. Рамёствы накіраваны на выраб цырыманіяльнай атрыбутыкі без камерцыйных мэтаў. Жанчыны знакаміты вырабам лялек з тканін. У ЗША які ўцягнуты пераважна ў сферу абслугоўвання.

Традыцыйная хаціна ўяўляе сабой будынак з трыснягу і гліны з земляной падлогай, трысняговым ці пальмавым дахам, аднак у наш час найбольш папулярны будаўнічы матэрыял — бетон. Жытлы складаюцца з 1 або 2 пакояў. Улетку часцяком спяць пад падстрэшкамі каля хаціны і ператвараюць пакоі ў спальні толькі ўзімку. У большасці хацін ёсць прылеглы ўнутраны дворык для розных заняткаў — жывёлагадоўлі, вялення ялавічыны, забаў дзяцей.

Ужо ў перыяд езуіцкіх місій сфарміравалася грамадзянская форма кіравання, калі на чале агульнай супольнасці стаць рада з 40 старэйшын і намеснікаў паселішчаў. Падчас Вялікага посту грамадзянскія ўлады спыняюць сваё дзеянне, кіраванне перадаецца рэлігійным старастам і іх памочнікам. Здаўна існавала ваенная арганізацыя на чале з лейтэнантам. У наш час яна захоўваецца ў якасці сімвалічнага атрыбута. Традыцыйная святочная вопратка выкарыстоўваецца толькі ў цырымоніях. Яна ўключае насцегнавую хустку, шалік, упрыгожванні з бісеру. Цырыманіяльнымі ўпрыгожваннямі таксама з’яўляюцца галава аленя, маскі, шытыя лялькі, бразготкі.

Музычная культура прадстаўлена рытуальным танцам аленя, які імітуе паводзіны гэтай жывёлы. Традыцыйныя музычныя інструменты — барабаны і скрэблы, а таксама флейты. Апошнія раней выкарыстоўваліся ў ваенных мэтах.

Старажытная рэлігія які была політэістычнай з элементамі анімізму і шаманізму. Адзін з абрадаў уключаў раду з дрэвам або кіем, уваткнутым у зямлю. У XVII ст. які прынялі хрысціянства, але захавалі некаторыя старыя вераванні. У прыватнасці, яны атаясняюць Ісуса са старажытным богам-бацькам, а Дзеву Марыю — з багіняй-маці. Рытуальны цыкл адпавядае каталіцкаму літургічнаму календару, але выразна адрознівае два перыяды года: ахвярны перыяд Вялікага посту і ўвесь астатні год, калі абраднасць абмяжоўваецца.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]