Pentiment

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Pentiment
Распрацоўшчык Obsidian Entertainment
Выдавец Xbox Game Studios
Дата анонсу 12 чэрвеня 2022[1]
Дата выпуску лістапад 15, 2022 (2022-11-15)
Жанр Квэст, ролевая гульня
Стваральнікі
Геймдызайнер Мэцью Лаёла
Сцэнарыст Джош Соер
Мастак Ганна Кэнэдзі
Кампазітар Alkemie Early Music Ensemble
Тэхнічныя даныя
Платформы
Гульнявы рухавічок Unity
Рэжымы гульні Аднаасобная гульня
Мовы інтэрфейсу англійская[2], французская[2], італьянская мова[2], нямецкая[2], іспанская[2], польская[2] і бразільскі варыянт партугальскай мовы[d][2]
Носьбіт лічбавае распаўсюджванне[d]
Афіцыйны сайт (англ.)

Pentimentпрыгодніцкая відэагульня ад Obsidian Entertainment, выдадзеная студыяй Xbox Game Studios. Гульня была выпушчаная 15 лістапада 2022 г. для платформаў Windows, Xbox One і Xbox Series X/S.

Геймплэй[правіць | правіць зыходнік]

Pentiment — гэта прыгодніцкая ролевая відэагульня, дзеянне якой адбываецца ў Баварыі ў 16 стагоддзі[3]. Гулец у ролі мастака-чалядніка Андрэаса Малера даследуе забойства вядомага чалавека, у якім абвінавачваюць яго сябра. Гісторыя ахоплівае 25 гадоў. Гулец мусіць знайсці доказы супраць таго, хто на яго думку здзейсніў злачынства, або таго, хто найбольш заслугоўвае пакарання. У працэсе расследавання забойства выходзяць на паверхню і іншыя злачынствы ды змовы[4].

Мастацкі стыль гульні — спалучэнне рукапісаў позняга сярэднявечча, ранняга друку і ксілаграфіі на мяжы мастацтва позняга сярэднявечча ды ранняга сучаснага мастацтва[4]. Музыка для гульні была створана і выканана ансамблем старадаўняй музыкі Alkemie Early Music Ensemble. Як кажа дырэктар гульні Джош Соер, «[Alkemie — гэта] музычны гурт, яны кампануюць і запісваюць музыку як ансамбль... музыка, якую яны ўнеслі ў гульню, альбо строга гістарычная, альбо натхнёная гістарычнай»[5]. Lingua Ignota таксама напісала песню «Ein Traum» для гульні[6].

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Сюжэт Pentiment складаецца з некалькіх актаў, кожны з якіх прысвечаны ўласнаму таямнічаму здарэнню. Падзеі першага акту праходзяць у 1518 годзе, калі Андрэас Малер навучаецца за мастака ілюмінаваных рукапісаў у абацтве Керзаў, непадалёк ад мястэчка Тасінг у Верхняй Баварыі. Аднойчы ў красавіку барон Лорэнц Ротфёгель, сябар князя-біскупа Фрайзінга і даўні дабрачынца Керзаў, наведвае яго, каб праверыць, як ідзе праца над заказаным ім рукапісам. Ён адкрыта выказвае незадаволенасць стылем ілюстратара рукапісу, пажылога брата П'еро, і настойвае, каб Андрэас завяршыў астатнія ілюстрацыі. На наступны дзень Ротфёгеля знаходзяць забітым у капітуле абацтва. Занепакоены тым, што забойства барона можа пашкодзіць рэпутацыі абацтва і прывесці да яго роспуску, абат Гернот абвінавачвае П'еро, які першым выявіў цела, у здзяйсненні злачынства, і загадвае яго затрымаць, пакуль Якаб Эстлер, архідыякан прынца-біскупа, не зможа правесці расследаванне. Аднак Андрэас лічыць, што П'еро невінаваты, і пачынае сам расследаваць справу. Маючы абмежаваны час да прыбыцця архідыякана, Андрэас павінен сабраць як мага больш інфармацыі пра забойства. Уласнае расследаванне прывяло яго да падазрэння некалькіх чалавек у злачынстве на падставе ўскосных доказаў і матываў. Дадаюць таямнічасці знойдзеныя нататкі, напісаныя надзвычай аздобным почыркам, адпраўленыя ўсім тым, хто мае матыў да забойства Барона, што, здаецца, падштурхоўвае іх да злачынства. У залежнасці ад таго, якія доказы прадставіць гулец, адзін з падазроных будзе пакараны на плошчы, што паўплывае на стаўленне местачкоўцаў у наступных актах.

У другім акце Андрэас, які завяршыў свой шэдэўр і стаў вядомым мастаком, вяртаецца, каб аддаць даніну павагі нябожчыку Брату П'еро, які быў для яго сябрам і настаўнікам. З сабой ён прыводзіць свайго вучня Каспара, да якога ставіцца па-бацькоўску. Андрэас змагаецца з дэпрэсіяй, бо вымушаны выконваць заказы для арыстакратыі замест таго, каб засяроджваць увагу на жыццёвых ісцінах, як раіў П'еро. Акрамя таго, ад чумы памёр яго маленькі сын Аўгуст, што напружыла стасункі з жонкай. Тым часам у мястэчку наспявае канфлікт паміж абацтвам і жыхарамі. Абацтва, страціўшы шмат сваіх мецэнатаў пасля смерці барона, абклала сялян жорсткімі падаткамі, давёўшы іх да мяжы голаду. Ота, харызматычны бунтар, згуртоўвае местачкоўцаў супраць няўмольнага ў адносінах да сялян абата Гернота. Андрэас выступае пасярэднікам, але пасля таго, як Ота забіваюць пад выглядам няшчаснага выпадку, бацька найбяднейшай сям'і, Пітэр, становіцца новым кіраўніком і патрабуе гвалту ў дачыненні абацтва і яго манахаў. Андрэас падраджаецца раскрыць справу ў абмежаваны час, бо людзі лорда прыбываюць праз два дні. Ізноў жа, усе, хто меў матывацыю пазбыцца Ота, атрымлівалі загадкавыя нататкі з дэкаратыўным надпісам, якія заахвочвалі да забойства. Як і ў першым акце, ёсць некалькі персанажаў з магчымымі матывамі забіць Ота, і супраць іх усіх знаходзяцца аднолькава важкія, але непераканаўчыя доказы; у рэшце рэшт гулец павінен вырашыць, каго асудзіць, што паўплывае на дзеянні ў апошнім акце. Натоўп забівае асуджанага, і ў хаосе падпальваецца бібліятэка абацтва. Андрэас кідаецца ўнутр, каб выратаваць кнігі, і мяркуецца памерлым у полымі. Жаўнеры лорда, пабачыўшы падпаленае абацтва, робяць выснову, што мястэчка паўстала, і забіваюць многіх яго жыхароў.

У трэцім акце Магдалена, дачка местачковага друкара і сяброўка Андрэаса, становіцца гульнявым персанажам. Прайшло 18 год пасля паўстання і падпалу абацтва, і многае змянілася, хаця шнары на мястэчку і яго людзях яшчэ не загаіліся. На яе бацьку, які збіраўся маляваць фрэску для нядаўна пабудаванай ратушы, нападаюць уначы, і пакідаюць яго прыкаваным да ложка з амаль смяротным раненнем галавы. Магдалена, таленавітая мастачка, бярэцца за роспіс ратушы замест бацькі і плануе зрабіць фрэску пра гісторыю мястэчка ў трох частках, прысвечаных паганскай, раннехрысціянскай і сучаснай гісторыі. Яна ўзаемадзейнічае з многімі персанажамі з папярэдніх частак, каб пачуць іх успаміны пра Андрэаса і пра падзеі ў цэлым. Падчас гэтага ёй пастаянна хтосьці пагражае нататкамі з аздобнымі літарамі, а таксама пераследуе таямнічая асоба ў капюшоне. У залежнасці ад таго, што Магдалена даведаецца пра гісторыю Тасінг, гулец можа выбраць намаляваць адну з некалькіх сцэн на кожнай частцы фрэскі.

У кульмінацыі гульні мы высвятляем, што асоба ў капюшоне - гэта Андрэас, які выжыў у падзеях другога акта дзякуючы ахвяры свайго вучня Каспара. Перажываючы віну не толькі за смерць Каспара, але і за смерць абвінавачаных у папярэдніх актах, заснаваную на няпоўных і непераканаўчых доказах, ён стаў пустэльнікам, адасобіўся і жыў у ценю апошнія два дзесяцігоддзі. Андрэас і Магдалена працуюць разам, каб раскрыць забойствы; у рэшце рэшт яны высвятляюць, што вінаваты мясцовы святар Томас. Даследуючы старажытнарымскія руіны пад мястэчкам, ён выявіў, што два хрысціянскія святыя, Морыц і Саціа, насамрэч з'яўляюцца пераасэнсаваннем паганскіх багоў Марса і Дыяны . Устрывожаны тым, што вера ў мястэчку была заснавана на ерасі, ён забіваў усіх, хто быў блізкі да таго, каб даведацца гэты сакрэт. Барон Ротфёгель быў забіты за тое, што меў намер падарыць абату рэдкі асобнік гістарычнай кнігі, якая магла б раскрыць таямніцу. Ота быў забіты пасля таго, як знайшоў галаву статуі Святога Морыца, а на самой справе разбітай статуі Марса, з намерам паказаць яе сялянам як боскі артэфакт, каб іх матываваць. Непісьменны, ён не змог прачытаць назву «Mars Pater», напісаную на ёй. Нарэшце, Томас напаў на бацьку Магдалены, бо яго фрэска мусіла паказаць гісторыю мястэчка, і адкрыта выступаў за тое, каб роспіс быў спынены. Аздобныя нататкі, адпраўленыя тым, хто мог мець матыў супраць ахвяр, былі напісаныя на загад Томаса анахарэткай у прыступах, падчас якіх ён выдаваў сябе за Бога, даючы ёй запісаць «боскія» пасланні. Ствараючы нататкі, ён парушыў таямніцу споведзі, бо знарок выкарыстоўваў прызнанні местачкоўцаў, каб іх падставіць.

Магдалена і Андрэас пераследуюць Томаса ў руінах, дзе яны знаходзяць закінуты Мітрэум, пабудаваны ў часы, калі Тасінг быў пад уладай Рыму. Томас вырашае выбіць слуп і абрушыць храм на сябе, каб знішчыць усе доказы паходжання Морыца і Саціі. Магдалена і Андрэас выбіраюцца на паверхню і павінны вырашыць, як намаляваць чацвёртую частку роспісу: захаваць хлусню Томаса дзеля агульнага дабра, або раскрыць паганскае паходжанне мясцовых святых. Канчатковы выгляд фрэскі, якую намалюе Магдалена, залежыць ад выбару гульца, і змяшчае ў сабе генеалагічнае дрэва местачкоўцаў, намаляванае Андрэасам Мюлерам, сынам Поля Мюлера, які ў выніку стаў мастаком, пайшоўшы па слядах cтарэйшага Андрэаса, яго цёзкі.

Распрацоўка[правіць | правіць зыходнік]

Распрацоўшчык гульні Джош Соер упершыню падзяліўся ідэяй Pentiment з Фергюсам Уркхартам, калі яны працавалі ў Black Isle Studios . Соер быў натхнёны гістарычнай фантастыкай Darklands, ролевай відэагульні 1992 года ад MicroProse, якая спалучала сярэдневякоўе са звышнатуральнымі тэмамі. Уркхарт думаў, што гэта не набудзе папулярнасці па-за межамі аматараў гісторыі. Пазней Соер зноў прапанаваў Уркхарту гэтую ідэю, калі яны абодва працавалі ў Obsidian Entertainment, пасля выхаду ў 2018 годзе Pillars of Eternity II: Deadfire . Ён падаў гульню як прыгодніцкую гісторыю, з таямнічымі элементамі і гульнявым працэсам, падобным да Night in the Woods або Oxenfree . Маленькая каманда распрацоўкі адпавядала памеру нішавай аўдыторыі. Соер назваў мастацкі стыль і зацікаўленасць канцэпцыяй арт-дырэктара Ганны Кэнэдзі жыццёва важнымі для ранняй падтрымкі праекта. Каманда шукала натхнення ў ілюмінаваных сярэдневяковых рукапісах з музею Геці і бібліятэкі Хантынгтана ў Каліфорніі, а таксама кансультавалася з экспертамі па рукапісах, такімі як Крыстафер дэ Хамель.[7] Спачатку яны працавалі камандай з двух чалавек[4], якая пазней была павялічана да 13 чалавек[7].

Набыццё Obsidian кампаніяй Microsoft у 2018 годзе дала магчымасць адаптаваць гульню для розных гульцоў, дадаўшы опцыю выбару шрыфтоў, якія лягчэй чытаць, функцыю пераўтварэння тэксту ў маўленне, і пераклад на іншыя мовы[4].

Pentiment быў выпушчаны 15 лістапада 2022 г. для платформаў Xbox і Windows[8].

Рэцэнзіі[правіць | правіць зыходнік]

Згодна з агрэгатарам рэцэнзій Metacritic, Pentiment атрымаў «у цэлым спрыяльныя водгукі»[9][10].

IGN высока ацаніў механіку абмежаванага часу, сказаўшы, што яна робіць гульню больш напружанай і дае магчымасць праходзіць яе некалькі разоў: «вам ніколі не даюць дастаткова часу, каб даследаваць усе элементы. Гэта дадало напружання і прымусіла мяне прыняць шмат цікавых рашэнняў». Destructoid спадабалася, што не было адзінага «залатога шляху», і кожны выбар меў свае перавагі і хібы. GamesRadar+ упадабалі абстаноўку, якая адлюстроўвае трывогу таго часу, "чуецца пачатак новай эры, і змаганне за тое, каб прыйсці з ёй да згоды, люта грукоча паўсюль: ці то з боку манахаў, якія ўсё яшчэ карпатліва ад рукі пішуць фаліянты... ці маладых бунтароў, што навучыліся чытаць і пачалі сумнявацца ў аўтарытэтах». Крытыкуючы незразумелую механіку выбару, PC Gamer атрымаў асалоду ад сялян і ролі, якую яны адыгрываюць у гісторыі, «больш за 25 гадоў размоў, сумесных трапез... Гэта ўсё ўскладняе, калі вы хочаце асудзіць сямейнага чалавека за злачынства, якое ён мог і не здзейсніць».

The Guardian спадабаўся тэкст гульні: «Дыялог напоўнены захапляльнымі гістарычнымі дэталямі, падмацаванымі шырокім слоўнікам тэрмінаў». PCGamesN не ўхвалілі тэмп, сказаўшы, што ён ёсць «чымсьці паміж тэмпам хады і руху тэктанічных пліт». Polygon высока ацаніў мастацкую работу, якая «адразу прыўносіць пачуццё стылю ў тое, што ў іншым выпадку магло б быць сухой гісторыяй»[17].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. McWhertor M. Obsidian reveals new RPG Pentiment from Fallout: New Vegas director — 2022. Праверана 12 чэрвеня 2022.
  2. а б в г д е ё Steam — 2003. Праверана 14 лістапада 2022.
  3. Bolding, Jonathan. Fallout New Vegas director's new game Pentiment announced, a 'narrative adventure most unexpected'. PC Gamer (12 чэрвеня 2022). Праверана June 15, 2022.
  4. а б в г What Is Obsidian's Pentiment? (англ.). IGN (12 чэрвеня 2022). Праверана 15 чэрвеня 2022.
  5. Stretch, Andrew. Pentiment Promises Murder, Mystery, and Art History. TechRaptor (24 жніўня 2022).
  6. Pentiment Soundtrack. Праверана November 20, 2022.
  7. а б Pentiment, the 16th-century murder mystery that looks like a playable tapestry (англ.). The Guardian (24 жніўня 2022). Праверана 26 жніўня 2022.
  8. Obsidian reveals new RPG Pentiment from Fallout: New Vegas director (англ.). Polygon (12 чэрвеня 2022).
  9. а б Pentiment for PC Reviews (англ.). Metacritic.
  10. а б Pentiment for Xbox Series X Reviews (англ.). Metacritic.
  11. Donlan, Christian (2022-11-14). "Pentiment review - a 16th century mystery that blossoms with intrigue and human warmth". Eurogamer [брытанская англійская]. Праверана 2022-11-14.
  12. Wolens, Joshua. Pentiment review (англ.). PC Gamer (14 лістапада 2022). Праверана 14 лістапада 2022.
  13. Hafer, Leana. Pentiment Review (англ.). IGN (14 лістапада 2022). Праверана 14 лістапада 2022.
  14. Bailes, Jon. Pentiment review: "It's like scampering around inside a 16th century comic book" (англ.). GamesRadar+ (14 лістапада 2022). Праверана 14 лістапада 2022.
  15. Ramée, Jordan. Pentiment Review - Layers Of History (англ.). GameSpot (14 лістапада 2022). Праверана 14 лістапада 2022.
  16. Goroff, Michael (2022-11-14). "Pentiment review". Electronic Gaming Monthly [амерыканская англійская]. Праверана 2022-11-14.
  17. Obsidian's murder mystery Pentiment is full of tough, Fallout-style choices (англ.). Polygon (14 лістапада 2022).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]