Касцёл Святога Іосіфа (Рубяжэвічы)
Каталіцкі храм | |
Касцёл Святога Іосіфа | |
---|---|
53°41′39″ пн. ш. 26°52′10″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Аграгарадок | Рубяжэвічы |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія | Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
Архітэктурны стыль | неаготыка |
Дата пабудовы | 1911 |
Стан | дзейнічае |
Сайт | ryszard.narod2.ru |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Касцёл Святога Іосіфа — рымска-каталіцкі храм у вёсцы Рубяжэвічы (Мінская вобласць, Стаўбцоўскі раён)
Гісторыя
Касцёл пабудаваны ў 1907–1911 гг. у папулярным для таго часу неагатычным стылі. Дазвол улад на будаўніцтва касцёла ў Рубяжэвічах быў атрыманы ў 1905 г пасля шматлікіх хадайніцтваў мяшчаніна Антонія Тура. Участак пад будаўніцтва плошчай 6 дзесяцін быў ахвяраваны сялянамі Рубяжэвіцкай воласці. Значныя сродкі для будаўніцтва ахвяравалі памешчыкі Ленскія, уладальнікі маёнтка Сула, іншыя мясцовыя землеўладальнікі і прыхаджане. Духоўная кансісторыя выдаткавала на будаўніцтва 1000 рублёў. Праект касцёла не выяўлены. Вядома толькі, што ён быў узгоднены Будаўнічым аддзяленнем Мінскага губернскага праўлення 4 студзеня 1907 г.
Касцёл узведзены з часанага каменю. Завяршэнне будаўніцтва і асвячэнне касцёла адбылося 30 кастрычніка 1911 г. Працягвалася яшчэ работа па будаўніцтву трох прастолаў, спавядальні. Узвядзенне мураванай агароджы завершана ў 1924 г.
Архітэктура
Прамавугольны ў плане з васьміграннай апсідай, да якой сіметрычна прыбудаваны сакрысціi. Па баках галоўнага фасада ўзвышаюцца магутныя трох'ярусныя чацверыковыя вежы, умацаваныя па вуглах ступеньчатымі контрфорсамі і завершаныя востраканечнымі шатрамі. Тарэц нефа паміж вежамі завершаны двухсхільным зубчастым шчытом з круглым вітражным акном-ружай у цэнтры і бетонным лацінскім крыжам. Уваход вырашаны высокім гатычным парталам, фланкіраваным аналагічнымі аконнымі праёмамі. Высокія спічастыя аконныя праёмы рытмічна чляняць бакавыя фасады.
Інтэр'ер
Унутраная прастора падзелена васьміграннымі слупамі на тры нефы, перакрытыя спічастымі скляпеннямі з нервюрамі. Драўляны алтар у выглядзе спічастай аркі з вімпергам, таксама ў неагатычным стылі выкананы спавядальні, амбон. У ін- тэр’еры 12 насценных рэльефных пано на тэму «Крыжовы шлях Хрыста».
Побач касцёла стаіць бела-чырвона-белы помнік салдатам Польскай Рэспублікі.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (Т. 13).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Святога Іосіфа (Рубяжэвічы)
- Здымкі на Radzima.org