Касцёл Святога Іосіфа (Рубяжэвічы)
Каталіцкі храм | |
Касцёл Святога Іосіфа | |
---|---|
53°41′39″ пн. ш. 26°52′10″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Аграгарадок | Рубяжэвічы |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія | Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
Архітэктурны стыль | неаготыка |
Будаўніцтва | 1907—1911 гады |
Стан | дзейнічае |
Сайт | ryszard.narod2.ru |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Касцёл Святога Іосіфа — рымска-каталіцкі храм у вёсцы Рубяжэвічы (Мінская вобласць, Стаўбцоўскі раён)
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Касцёл пабудаваны ў 1907—1911 гг. у папулярным для таго часу неагатычным стылі. Дазвол улад на будаўніцтва касцёла ў Рубяжэвічах быў атрыманы ў 1905 г пасля шматлікіх хадайніцтваў мяшчаніна Антонія Тура. Участак пад будаўніцтва плошчай 6 дзесяцін быў ахвяраваны сялянамі Рубяжэвіцкай воласці. Значныя сродкі для будаўніцтва ахвяравалі памешчыкі Ленскія, уладальнікі маёнтка Сула, іншыя мясцовыя землеўладальнікі і прыхаджане. Духоўная кансісторыя выдаткавала на будаўніцтва 1000 рублёў. Праект касцёла не выяўлены. Вядома толькі, што ён быў узгоднены Будаўнічым аддзяленнем Мінскага губернскага праўлення 4 студзеня 1907 г.
Касцёл узведзены з часанага каменю. Завяршэнне будаўніцтва і асвячэнне касцёла адбылося 30 кастрычніка 1911 г. Працягвалася яшчэ работа па будаўніцтву трох прастолаў, спавядальні. Узвядзенне мураванай агароджы завершана ў 1924 г.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Прамавугольны ў плане з васьміграннай апсідай, да якой сіметрычна прыбудаваны сакрысціi. Па баках галоўнага фасада ўзвышаюцца магутныя трох’ярусныя чацверыковыя вежы, умацаваныя па вуглах ступеньчатымі контрфорсамі і завершаныя востраканечнымі шатрамі. Тарэц нефа паміж вежамі завершаны двухсхільным зубчастым шчытом з круглым вітражным акном-ружай у цэнтры і бетонным лацінскім крыжам. Уваход вырашаны высокім гатычным парталам, фланкіраваным аналагічнымі аконнымі праёмамі. Высокія спічастыя аконныя праёмы рытмічна чляняць бакавыя фасады.
Інтэр’ер
[правіць | правіць зыходнік]Унутраная прастора падзелена васьміграннымі слупамі на тры нефы, перакрытыя спічастымі скляпеннямі з нервюрамі. Драўляны алтар у выглядзе спічастай аркі з вімпергам, таксама ў неагатычным стылі выкананы спавядальні, амбон. У ін- тэр’еры 12 насценных рэльефных пано на тэму «Крыжовы шлях Хрыста».
Побач касцёла стаіць бела-чырвона-белы помнік салдатам Польскай Рэспублікі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Кулагін А. М. Рубяжэвіцкі Іосіфаўскі касцёл // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 5. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Святога Іосіфа (Рубяжэвічы)
- Здымкі на Radzima.org