Перайсці да зместу

Касцёл Святых Пятра і Паўла (Новы Свержань)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Касцёл Святых Пятра і Паўла
Петрапаўлаўскі касцёл
Петрапаўлаўскі касцёл
53°27′05″ пн. ш. 26°44′10″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Новы Свержань
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Благачынне Стаўбцоўскі дэканат
Архітэктурны стыль рэнесанс з элементамі готыкі
Заснавальнік Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка
Дата заснавання 17 кастрычніка 1588
Дата пабудовы сярэдзіна XVI стагоддзя
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000620шыфр 612Г000620
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Святых Пятра і Паўла — каталіцкі храм у в. Новы Свержань (Стаўбцоўскі раён). Помнік архітэктуры рэнесансу з элементамі готыкі.

Інтэр'ер касцёла ў 1920 годзе

Новы Свержань увайшоў у склад уладанняў Радзівілаў у 1575 г. 17 кастрычніка 1588 г. Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка даў фундуш на будаўніцтва і абсталяванне тут касцёла. Верагодна, як паведамляюць інвентары, у тым жа 1588 г. і пачалося будаўніцтва парафіяльнага касцёла Св. Пятра і Паўла. Як доўга ішло будаўніцтва, звестак не захавалася. Вядома, што ў 1600 г. касцёл ужо функцыянаваў. За гісторыю існавання касцёл не зведаў значных перабудоў. У 1818 г. пад час буры быў знесены дах і часткова вежа. Пасля гэтага будынак быў адрамантаваны, асобна пастаўлена званіца, якая згарэла пры пажары 1890 г. Рамонты адбываліся ў 1828, 1856 гг. У 1864 г. закрыты, у 1901 г. адкрыты. Пасля Вялікай Айчыннай вайны выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах, у 1988 г. вернуты каталікам.

Агульны выгляд
Касцёл з боку апсіды

Касцёл уяўляе сабой мураваны прамавугольны ў плане аднавежавы храм са слаба акрэсленым трансептам, масіўнай абарончай вежай над уваходам і невысокай паўкруглай алтарнай апсідай, якая ўнутры мае складаны абрыс; скляпенні цыліндрычныя з распалубкамі. З паўночнага боку асноўнага аб'ёму пазней (праз 30—40 гадоў) прыбудаваная трох'ярусная квадратная ў плане вежа, накрытая чатырохгранным шатром з кароткім шпілем. Ніжняя частка ўмацаваная контрфорсамі, верхнія ярусы аздобленыя плоскімі арачнымі нішамі, у другім ярусе фланкіраванымі аркадай з пілястрамі. У цэнтральных нішах кожнай грані прарэзаныя паўцыркульныя праёмы. Вокны паўцыркульныя.

Інтэр'ер зальнага тыпу. Абапал нефа размешчаны бакавыя капліцы: Найсвяцейшай Дзевы Марыі (справа) і Св. Антонія (злева). У ніжнім ярусе вежы вылучаны бабінец з размешчанымі над ім хорамі, якія адкрываюцца ў асноўнае памяшканне невялікім арачным праёмам. Лесвіца на хоры — у тоўшчы заходняй сцяны. Скляпенні цыліндрычныя з распалубкамі. У бабінцы скляпенне апрацаванае дэкаратыўнымі нервюрамі. Першапачаткова, да 1818 г., вонкавыя сцены касцёла былі неатынкаваныя. Перабудовы ў другой чвэрці ХІХ ст. некалькі змянілі мастацкае аблічча будынку.