Іван Міхайлавіч Шаўрэй

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іван Міхайлавіч Шаўрэй
Род дзейнасці ліквідатар наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС
Дата нараджэння 27 снежня 1955(1955-12-27)
Месца нараджэння
Дата смерці 20 лістапада 2020(2020-11-20) (64 гады)
Месца смерці
Узнагароды і прэміі

Іван Міхайлавіч Шаўрэй (руск.: Иван Михайлович Шаврей; 27 снежня 1955, вёска Белая Сарока, Нараўлянскі раён, Гомельская вобласць, БССР20 лістапада 2020, Нароўля, Нараўлянскі раён, Гомельская вобласць, Беларусь) — непасрэдны ўдзельнік ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), пажарнік нараўлянскай пажарнай часткі, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі, першы ганаровы грамадзянін Нараўлянскага раёна (2020). Прапаршчык унутранай службы.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 27 снежня 1955 г.[1][2] у вёсцы Белая Сарока[3] Нараўлянскага раёна БССР. Беларус, праваслаўны.

Бацька — Міхаіл Ніканоравіч Шаўрэй, маці — Вольга Філіпаўна Шаўрэй. Меў братоў — Пятра і Леаніда Міхайлавічаў Шаўрэяў.

Скончыў сярэднюю школу, адслужыў у арміі[4]. Сваю працоўную дзейнасць пачаў рабочым Мазырскага тэхучастка. Пасля служыў з кастрычніка 1981 па верасень 1986 г. у ваенізаванай пажарнай частцы па ахове Чарнобыльскай АЭС, на якой 26 красавіка 1986 г. здарыўся выбух і наймацнейшы пажар. Пажарнік Іван Шаўрэй быў у ліку тых, хто без вагання прымаў удзел у тушэнні пажару.

У дзень перад аварыяй на Чарнобыльскай АЭС, 25 красавіка 1986 г. Іван Шаўрэй са старэйшым братам Леанідам (1951—2012[5][6]) заступілі на дзяжурства. Калі апоўначы спрацавала сігналізацыя і былі чутныя выбухі на чацвёртым энергаблоку АЭС, праз 5 хвілін падраздзяленне пажарнікаў было на месцы аварыі. Яны падняліся на дах энергаблока для тушэння рэактара АЭС. Пасля падачы ствалоў першай дапамогі, прыступілі да тушэння даху. На даху было каля 30 ачагоў пажару. З разарваных труб хвастала гарачая вада, разлілося масла і праходзілі кароткія замыканні электракабеляў. Усе рэактары станцыі знаходзіліся пад адным дахам, пакрытым руберойдам і залітым смалой, таму пажар нагадваў «даменную печ». Боты пажарнікаў гарэлі ў кіпячым бітуме, які таксама пырскаў на адзенне, абпальваў скуру людзей. Прымалі ўдзел у тушэнні пажару і браты Пётр і Леанід Шаўрэі, якія таксама атрымалі высокія дозы радыяцыі, як і Іван. Для Івана Шаўрэя, як і для ўсіх астатніх людзей пажарнай аховы, тушэнне (як патрабавала кіраўніцтва, у мэтах прадухілення іх смерці на месцы) працягвалася 15-20 хвілін, пасля чаго яны выбягалі з рэактару. У машыне хуткай дапамогі Іван Шаўрэй страціў прытомнасць, яго ратавальнікі павезлі ў Кіеў, а пасля даставілі ў Маскву, дзе ён ачнуўся толькі на бальнічным ложку, абмотаным цэлафанавай плёнкай.

З тых першых герояў-пажарнікаў апошнім памёр у 2020 г. Іван Шаўрэй. У час тушэння пажару Іван Шаўрэй атрымаў 500 рэнтген радыяцыйнага апрамянення. Медыцына яшчэ не ведала выпадкаў, калі чалавек, які схапіў такую дозу радыяцыі, змог выжыць[7]. Пасля працяглага лячэння Іван Шаўрэй знайшоў у сабе сілы жыць.

За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры тушэнні пажару, узнагароджаны ордэнам «Чырвонай Зоркі».

Да выхаду на заслужаны адпачынак, Іван Шаўрэй працаваў у пажарнай частцы горада Нароўлі. Заўсёды прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Нараўлянскага раёна, традыцыйных раённых мерапрыемствах, у сустрэчах з працоўнымі калектывамі, у навучальных установах. Неаднаразова ўзнагароджваўся ганаровымі граматамі, юбілейнымі медалямі. Прапаршчык унутранай службы (запасу). Яго імя занесена ў энцыклапедыю «Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь».

Быў двойчы жанаты. Пасля разводу, ад першага шлюбу засталіся дзеці Аляксей і Алена. Другім шлюбам пабраўся ў 44 гады з Наталляй Волкавай, якой было 24 гады і якая ад першага свайго шлюбу мела сына Арцёма[8]. У Івана і Наталлі, хоць лекары раней казалі, што Іван не можа мець дзяцей, 8 сакавіка 2001 г. нарадзілася дачка Ангеліна Іванаўна Шаўрэй, вельмі падобная знешне на Іванаву маці Вольгу Філіпаўну Шаўрэй[9]. Дачка была названа ў гонар лекаркі Ангеліны Гуськовай, якая разам з Аляксандрай Шамардзінай ратавала ў 1986 г. Івана Шаўрэя ў маскоўскай бальніцы[10]. Жыў у Нароўлі ў доме на вуліцы Каўпака, быў царкоўным старастам нараўлянскай праваслаўнай царквы Іаана Багаслова[11].

У 2020 г. Івану Шаўрэю першаму прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Нараўлянскага раёна»[12].

Памёр 20 лістапада 2020 г. у Нароўлі. Развітанне з Іванам Міхайлавічам Шаўрэем адбылося 21 лістапада 2020 г. у 13.00 каля Нараўлянскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Нараўлянскі гісторыка-этнаграфічны музей у сваёй экспазіцыі мае разгорнутую інфармацыю пра асобу Івана Міхайлавіча Шаўрэя[13].

26 красавіка 2021 г. сярэдняй школе №2 у Нароўлі было прысвоена імя Івана Міхайлавіча Шаўрэя[14], непасрэднага ўдзельніка ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На ўрачысты мітынг сабраліся кіраўніцтва Нараўлянскага раёна, прадстаўнікі абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, духавенства, педагогі, навучэнцы, блізкія і сваякі героя-пажарніка Івана Шаўрэя. У той жа дзень у школе была адкрыта мемарыяльная дошка памяці Івана Шаўрэя. Таксама госці азнаёміліся з экспазіцыямі школьных музеяў[15][16][17].

Зноскі

  1. Інфармацыя з надмагільнага помніка. Гл.: В Наровле почтили память героя-пожарного Ивана Шаврея
  2. Паводле іншай інфармацыі нарадзіўся 3 студзеня 1956 года. Гл.:Умер Иван Михайлович ШАВРЕЙ Архівавана 2 снежня 2020..
  3. Умер Иван Михайлович ШАВРЕЙ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 снежня 2020. Праверана 27 чэрвеня 2022.
  4. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 383.
  5. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 382.
  6. Ушел из жизни Шаврей Леонид Михайлович
  7. В честь последнего чернобыльского пожарного Ивана Шаврея названа школа в Наровле
  8. Необычная история жизни и любви Ивана Шаврея и Натальи Волковой
  9. Необычная история жизни и любви Ивана Шаврея и Натальи Волковой
  10. Необычная история жизни и любви Ивана Шаврея и Натальи Волковой
  11. Необычная история жизни и любви Ивана Шаврея и Натальи Волковой
  12. Умер Иван Михайлович ШАВРЕЙ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 снежня 2020. Праверана 27 чэрвеня 2022.
  13. Умер Иван Михайлович ШАВРЕЙ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 снежня 2020. Праверана 27 чэрвеня 2022.
  14. Умер Иван Михайлович ШАВРЕЙ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 снежня 2020. Праверана 27 чэрвеня 2022.
  15. В честь последнего чернобыльского пожарного Ивана Шаврея названа школа в Наровле
  16. СРЕДНЕЙ ШКОЛЕ № 2 ПРИСВОЕНО ИМЯ НАШЕГО ЛЕГЕНДАРНОГО ЗЕМЛЯКА ИВАНА ШАВРЕЯ
  17. Митинг, посвящённый открытию мемориальной доски почётного гражданина Наровлянского района — Ивана Михайловича Шаврея(недаступная спасылка)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Памяць: Нараўлянскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад.: П.П. Рабянок, К.Ф. Ярмоленка. — Мінск : БЕЛТА, 1998. — 445 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]