Нараўлянскі гісторыка-этнаграфічны музей

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нараўлянскі гісторыка-этнаграфічны музей
Профіль гісторыя, этнаграфія, прыродазнаўства
Заснаваны 1982
Падпарадкаванасць аддзел культуры Нараўлянскага райвыканкама, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Месцазнаходжанне вул. Кастрычніцкая дом №12 , г. Нароўля, Гомельская вобласць, Беларусь, паштовы індэкс 247800
Памеры фонду 3091 экспанат асноўнага фонду (2009 г.); 3270 экспанатаў асноўнага фонду (2012 г.)[1]
Выставачная плошча 220 м кв.; 6 пастаянных і 5 часовых экспазіцый

Нараўлянскі гісторыка-этнаграфічны музей — музей у Нароўлі, заснаваны і адчынены ў 1982 г. Размешчаны ў гістарычным драўляным будынку двараніна Юзафа Андрэевіча Ліневіча (Ляневіча), пабудаваным у 1912 г. Колькасць экспанатаў асноўнага фонду — 3270 (2012 г.)[2]. З'яўляецца таксама даследчым і асветніцкім цэнтрам, які прапануе разнастайныя экскурсіі, музейныя заняткі, працу па праграме «Музей і Мы»[3].

Гісторыя стварэння[правіць | правіць зыходнік]

У 1982 г. па ініцыятыве аддзела ідэалогіі Нараўлянскага РК КПБ у мясцовым Доме піянераў і школьнікаў пачалі ствараць музей краязнаўства[4]. Дом піянераў і школьнікаў размяшчаўся ў той час у гістарычным драўляным будынку, пабудаваным у 1912 г. у Нароўлі для двараніна-каталіка Юзафа Андрэевіча Ліневіча (Ляневіча), адміністратара маёнтка Нароўля Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935).

Сакратаром па ідэалогіі Зояй Лукінічнай Шкаран была створана група садзеяння, у якую ўвайшлі настаўнікі А.А. Дубоўскі, Л.Б. Кіль, былы сакратар Нараўлянскага РК КПБ Ф.П. Каваленка і іншыя асобы[5]. Адразу пачаўся збор матэрыялаў. Мясцовыя жыхары горача дагукнуліся на ініцыятыву стварыць музей. Ветэраны Другой сусветнай вайны неслі ўзнагароды, ваенную форму, пісьмы, фотаздымкі; нараўлянскія арганізацыі і прадпрыемствы — свае летапісы; школьнікі — усё, што траплялася і здавалася непатрэбным. Члены ініцыятыўнай групы ездзілі па раёну, збіралі старажытныя рэчы, дакументы, прадметы побыту, якія ўяўлялі сабой музейную цікавасць. Сабраныя экспанаты, дзякуючы старанням мастакоў Мікалая Іванавіча Цімошчанкі і Аляксандра Сцяпанавіча Будкоўскага, афармляліся ў экспазіцыю, якая прадстаўляла сабой гісторыю Нараўлянскага раёна ад першабытнасці да сучаснасці. Асобныя дзве залы былі прысвечаны часу Другой сусветнай вайны і даўняму сялянскаму ладу жыцця[6].

У лістападзе 1982 г. музей быў урачыста адкрыты. Ён дзейнічаў на грамадскіх пачатках пры Доме піянераў і школьнікаў. Кіраўніцтва музеем было ўскладзена на метадыста Дома піянераў і школьнікаў Валянціну Іванаўну Ханяк, якая выконвала работу на грамадскіх пачатках (бясплатна)[7]. Пад яе кіраўніцтвам рыхтаваліся з дзяцей экскурсаводы, а таксама ажыццяўлялася навукова-пошукавая работа для музея. У музеі вялася кніга наведванняў, райком партыі зацвярджаў спіс дзяжурных. З 11.00 да 16.00 у музеі штодзённа па чарзе знаходзіліся ветэраны вайны, працы, кампартыі — паважаныя жыхары райцэнтра[8].

У 1991 г. Дом піянераў і школьнікаў перавялі ў іншае месца, а будынак перадалі на баланс Нараўлянскага раённага аддзела культуры[9]. 1 студзеня 1992 г. рашэннем выканкама Нараўлянскага раённага Савета дэпутатаў у доме быў адкрыты Нараўлянскі цэнтр-музей этнаграфіі і народных промыслаў[10], які дзейнічае ў былым будынку Ліневіча дагэтуль. Хоць музей існаваў, але знаходзіўся на рэканструкцыі і музеіфікацыі.

План дома

Аддзелу культуры райвыканкама было даручана ўкамплектаваць музей кваліфікаванымі кадрамі і арганізаваць музейную работу. Адразу ж у 1992 г. зрабілі рэканструкцыю ўнутраных пакояў музея, якія былі (па музейным прынцыпе) зроблены прахаднымі. Супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і быту ў Мінску распрацавалі, а аддзел культуры нараўлянскага райвыканкама зацвердзіў тэматыка-экспазіцыйны план музея[11].

План прадугледжваў абгрунтаванне навукова-экспазіцыйных рашэнняў, вызначэнне прынцыповай схемы музея, структурных адзінак экспазіцыі, навуковых прынцыпаў стварэння. Вельмі дапамагло супрацоўнікам музея і тое, што летам 1993 г. у раёне працавала навуковая экспедыцыя супрацоўнікаў Інстытута этнаграфіі Акадэміі навук Беларусі і работнікаў вядучых дзяржаўных музеяў Рэспублікі Беларусь, якія былі накіраваны ў Нараўлянскі раён для збору этнаграфічных матэрыялаў і твораў народнай творчасці ў вёсках, жыхары якіх былі выселены з забруджаных тэрыторый пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 г.[12] У склад той навуковай экспедыцыі ўвайшлі і супрацоўнікі аддзела культуры Нараўлянскага райвыканкама. Былі сабраны керамічныя і плеценыя вырабы, мэбля, прылады працы (ільнопрадзення, ткацтва, вышыўкі, бандарства), прадметы аддзеня.

Мемарыяльная таблічка і ахоўная шыльда на доме. Фота 2017 г.

У жніўні 1993 г. быў заключаны дагавор з Гомельскім вытворчым камбінатам «Мастацтва» Саюза мастакоў Беларусі на афармленне інтэр'еру і экспазіцыі музея[13]. Аднымі з першых былі створаны залы «Прырода роднага краю», «Сялянская хата канца XIX — пачтку XX ст.» і «Сялянскае падвор'е», зала рамёстваў, «Чарнобыльская зала» і «Нараўляншчына сёння». Быў зроблены рамонт фасада будынка музея і праведзена добраўпарадкаванне яго тэрыторыі. У інтэрв'ю нараўлянскай газеце «Прыпяцкая праўда» доктар мастацтвазнаўства, дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры пры Акадэміі навук Беларусі Віктар Фёдаравіч Шматаў у 1994 г. сказаў: «Музей у Нароўлі можа быць адным з самых значных ва Усходнім Палессі. Гэта першы музей, у якім комплексна будуць паказаны ўсе асноўныя віды і жанры народнай культуры Нараўляншчыны, іх самабытны характар»[14].

Для першых наведвальнікаў музей афіцыйна адкрыў свае дзверы толькі 8 мая 1995 г.

Пры непасрэдным удзеле супрацоўнікаў музея ў Нароўлі была створана Алея Славы нараўлянцаў, якія зрабілі значны ўнёсак у гісторыю і развіццё Нараўлянскага раёна.

Экспазіцыя[правіць | правіць зыходнік]

Беларуская паштовая марка з выявай традыцыйнага нараўлянскага тканага арнамента і нараўлянскага святочнага сялянскага жаночага строя адзення. 1996 г.

У музеі дзейнічае 6 пастаянных і 5 часовых экспазіцый. Дэманстрацыйная плошча залаў складае 220 м кв.

«Залаты фонд» музея — гэта зала з прадметамі беларускага сялянскага ткацтва.

Зала «Сялянскае падвор'е» прадстаўляе шматлікі збор сялянскага інвентару, предметаў рыбалоўства. У экспазіцыі дэманструецца культура сельскага побыту.

У музеі прадстаўлены цікавая калекцыя ікон, Псалтыры, акафістнікі, жыццеапісанні, песеннікі, прапануецца інфармацыя аб дзеючых і страчаных храмах. У зале посуду прадметы з дрэва, гліны, берасты, лыка распавядаюць пра доўгую эвалюцыю спосабаў вырабу посуду.

Зала музея «Мая Нараўляншчына» прадстаўляе жывапіс Юрыя Фісюка, а «Чарнобыльская зала» ў тым ліку карціны Віктара Фёдаравіча Шматава «Чорная быль», «Чорнае дрэва», дыяраму з панарамай адселенай вёскі, разгорнутую інфармацыю пра асобу Івана Міхайлавіча Шаўрэя (1955—2020)[15] — непасрэднага ўдзельніка ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ганаровага грамадзяніна Нараўлянскага раёна.

Найбольш адметны праект апошніх гадоў – «Знакамітыя землякі».

За 2011 г. музей наведала больш за 10 тысяч чалавек.

Музей арганізоўвае і праводзіць выяздныя экскурсіі: распрацаваны маршруты «Дарогамі вайны», «Самабытная Нараўляншчына» і «Мой любы гарадок, мая Нароўля».

Мерапрыемствы[правіць | правіць зыходнік]

Музей штогод удзельнічае ў правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў раённага значэння:

  • «Масленіца» — якая праводзіцца ў цэнтры Нароўлі на плошчы Леніна.
  • «Ноч у музеі» — цэлую ноч музей праводзіць экскурсіі і забаўляльную праграму для гасцей.
  • тэатралізаваныя імпрэзы — у час навагодніх святаў.

Для наведвальнікаў музей прапануе сувенірную прадукцыю: календары і сувенірныя талеркі з выявай палацава-паркавага ансамбля Горватаў, нараўлянскай альтанкі Горватаў, якая з'яўляецца неафіцыйным сімвалам Нароўлі.

Зноскі

  1. Дзяржаўная ўстанова культуры «Нараўлянскі гісторыка-этнаграфічны музей»
  2. Дзяржаўная ўстанова культуры «Нараўлянскі гісторыка-этнаграфічны музей»
  3. Дзяржаўная ўстанова культуры «Нараўлянскі гісторыка-этнаграфічны музей»
  4. Што пакінем пасля сябе? // Прыпяцкая праўда. — 1994. — №28 (19 красавіка). — С. 1.
  5. Што пакінем пасля сябе? // Прыпяцкая праўда. — 1994. — №28 (19 красавіка). — С. 1.
  6. Што пакінем пасля сябе? // Прыпяцкая праўда. — 1994. — №28 (19 красавіка). — С. 1.
  7. Што пакінем пасля сябе? // Прыпяцкая праўда. — 1994. — №28 (19 красавіка). — С. 1.
  8. Што пакінем пасля сябе? // Прыпяцкая праўда. — 1994. — №28 (19 красавіка). — С. 1.
  9. Што пакінем пасля сябе? // Прыпяцкая праўда. — 1994. — №28 (19 красавіка). — С. 1.
  10. Што пакінем пасля сябе? // Прыпяцкая праўда. — 1994. — №28 (19 красавіка). — С. 1.
  11. Што пакінем пасля сябе? // Прыпяцкая праўда. — 1994. — №28 (19 красавіка). — С. 1.
  12. Што пакінем пасля сябе? // Прыпяцкая праўда. — 1994. — №28 (19 красавіка). — С. 1.
  13. Што пакінем пасля сябе? // Прыпяцкая праўда. — 1994. — №28 (19 красавіка). — С. 1.
  14. Што пакінем пасля сябе? // Прыпяцкая праўда. — 1994. — №28 (19 красавіка). — С. 1.
  15. Умер Иван Михайлович ШАВРЕЙ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 снежня 2020. Праверана 27 чэрвеня 2022.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Музеі Беларусі. Музеи Беларуси / [рэд. савет: Г.П. Пашкоў, Л.В. Календа, М.Г. Нікіцін]. — Мінск : Бел. Энцыклапедыя, 2008. — 559 с.
  • Памяць: Нараўлянскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад.: П.П. Рабянок, К.Ф. Ярмоленка. — Мінск : БЕЛТА, 1998. — 445 с.
  • Якаўлеў, Л. Што пакінем пасля сябе? / Л. Якаўлеў // Прыпяцкая праўда. — 1994. — №28 (19 красавіка). — С. 1.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]