Перайсці да зместу

Ігнацій (Патрыярх Маскоўскі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ігнацій

Дзейнасць святар
Нараджэнне каля 1540
Смерць 1620

Аўтограф Выява аўтографа

Ігнацій (каля 1540, в-аў Кіпр — каля 1620) — дзеяч праваслаўнай, потым уніяцкай царквы.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паводле ўласнага сведчання, быў архіерэем на Кіпры, адкуль выгнаны туркамі. Іншыя ўказваюць, што жыў на Афоне, быў епіскапам Іерысо.

Прыкладна ў 1594—95 гадах прыбыў у Маскву. Удзельнічаў у каранацыі цара Барыса Гадунова (1598). З 1603 мітрапаліт разанскі і мурамскі.

Пасля смерці Барыса Гадунова (1605) разам з іншымі іерархамі Рускай праваслаўнай царквы падтрымаў Ілжэдзмітрыя І, прывёў да прысягі яму народ у Туле. Ілжэдзмітрый пазбавіў патрыяршага пасада Іова, які да яго варожа ставіўся, і ў ліпені 1605 года фактычна прызначыў на яго месца Ігнація (фармальна абраны саборам). Ігнацій каранаваў Ілжэдзмітрыя І (ліпень 1605) і вянчаў яго з Марынай Мнішак (май 1606).

На наступны дзень пасля забойства Ілжэдзмітрыя І па загаду Васіля Шуйскага 19 мая 1606 года Ігнацій адпраўлены пад варту ў Чудаў манастыр  (руск.) у Крамлі. На новым саборы ён пазбаўлены патрыяршага пасада, які заняў патрыярх Гермаген.

У 1611 годзе вызвалены войскам Рэчы Паспалітай і зноў стаў фактычным маскоўскім патрыярхам. У канцы 1611 года разам з войскам Яна Караля Хадкевіча выехаў у стаўку Жыгімонта ІІІ пад Смаленск, па дарозе быў абрабаваны рускімі.

Ігнацію было дазволена пасяліцца ў ВКЛ, з 1612 года жыў ва ўніяцкім Віленскім Троіцкім манастыры, ігуменам якога быў Іосіф Вельямін Руцкі. Апошні пачаў схіляць Ігнція прыняць уніяцтва, што адбылося ў жніўні 1612 года. Пераход у унію трымаўся у тайне, бо меркавалася Ігнація вярнуць у Маскву як законнага патрыярха і правадніка уніі ў Расіі. У 1612 разам з войскамі Жыгімонта ІІІ Ігнацій прыбыў у Расію, аднак хутка быў вымушаны пакінуць яе. У ВКЛ працягваў лічыцца законнымі маскоўкім парыярхам. У 1615 ён атрымаў ад Жыгімонта ІІІ маёнтак, удзельнічаў у адпяванні ў Віленскім кафедральным саборы падканцлера ВКЛ Габрыэля Войны, у 1616 года асвяціў царкву ў маёнтку Льва Сапегі. Пры падрыхтоўцы пахода на Расію каралевіча Уладзіслава ў 1616 годзе меркавалася зноў вярнуць Ігнація ў Маскву.

Пасля заключэння Дэулінскага перамір’я (1618) Жыгімонт ІІІ дазволіў Ігнацію вярнуцца ў Расію, але той застаўся ў Вільні, дзе і памёр. Пахаваны ў Троіцкім манастыры.

Расійскі ўрад яшчэ ў 1620-я гады не ведаў пра лёс Ігнація і яго пераход у унію, апасаўся, што той можа ўзначаліць незалежны праваслаўны патрыярхат у Рэчы Паспалітай. Ігнація высока цанілі ўніяты Рафаіл Корсак і Іосіф Руцкі. Руская праваслаўная царква не лічыць яго законным патрыярхам.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]