Свята-Ільінская царква (Віцебск)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Царква Святога Ільі Прарока | |
---|---|
| |
Краіна | Беларусь |
Горад | Віцебск |
Дата заснавання | XV ст. |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Свята-Ільінская царква — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагоддзяў у Віцебску. Знаходзілася ў Задзвінні, на Вялікай Ільінскай вуліцы[1]. Твор архітэктуры барока. Арыгінальная царква згарэла ў 1904 годзе, мураваную рэпліку савецкія ўлады зруйнавалі пасля Другой сусветнай вайны.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]
У 1447 годзе вялікі князь Казімір у падзяку за паратунак жонкі, якая ледзь не патанула ў Ільін дзень, фундаваў на берагах Дзвіны, Дняпра і Сажа шэсць цэркваў у імя Святога Прапрока Ільі. Адну з іх збудавалі ў Віцебску каля 1460 года. Невядома, колькі праіснавала царква, аднак звесткі пра яе адсутнічаюць у інвентарах 1552 і 1618 гадоў.
У дакуменце 1863 года паведамляецца, што Ільінскую царкву ў Віцебску збудавалі з фундацыі купцоў Запольскіх у 1746 годзе. Аднак на дзвярах святыні ў XIX ст. існаваў надпіс «1643», якім некаторыя даследчыкі датуюць пабудову царквы. У 1746 годзе царкву маглі поўнасцю або часткову перабудаваць, бо яе архітэктура адпавядае першай палове XVIII ст. Царква належала віцебскаму цэху кормнікаў.
Пад уладай Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе царква працягвала дзейнічаць. У 1839 годзе ўлады Расійскай імперыі гвалтоўна адабралі царкву ў Святога Прастола і перадалі яе Маскоўскаму патрыярхату.
У 1865 годзе непадалёк збудавалі мураваную мураўёўку ў імя Покрыва Багародзіцы. 13 красавіка 1904 года царква згарэла. Пазней яе адбудавалі з цэглы і ашалявалі дрэвам.
Наноўшы час[правіць | правіць зыходнік]
У 1931 годзе савецкія ўлады зачынілі царкву. У Другую сусветную вайну яна згарэла. Руіны помніка знішчылі пасля вайны.
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]
Помнік архітэктуры драўлянага барока, у традыцыях Віцебскай школы дойлідства. 4-зрубная царква мела крыжова-цэнтрычную кампазіцыю. Яе адметнасцю была невялікая падоўжнасць (19×16 м). Гранёныя бакавыя зрубы перакрываліся асіметрычнымі 7-граннымі шатрамі. Шатры зрубамі завяршаліся спічастымі купаламі-банямі. Да ўваходнага зруба далучалася абходная галерэя. Уваходы ў галерэю з трох бакоў мелі ганкі з стромкімі ламанымі дахамі, завершанымі невялікімі купаламі-банькамі.
Уваходныя дзверы мелі дыяганальную ашалёўку з дэкаратыўным узорам, зробленым каванымі цвікамі. Над уваходам навісалі невялікія хоры. Усе часткі будынка, з выняткам сяродкрыжжа, перакрытага васьмігранным шатром на кансольна-бэлечных ветразях з светлавым «сармацкім» васьмерыком над ім, мелі роўныя падшыўныя столі. Падлога мела пакрыццё з мазаічных прамавугольных цагляных плітак. Пад царквой размяшчалася мураваная крыпта з ганаровымі пахаваннямі. Гладка абчасаныя сцены пакрывалі клеевыя фарбы. Звестак пра роспісы на захавалася[2].
Галерэя[правіць | правіць зыходнік]
Гістарычная графіка[правіць | правіць зыходнік]
-
Д. Струкаў, 1864—67 гг.
-
1883 г.
-
1890 г.
-
да 1900 г.
-
да 1900 г.
-
Я. Мінін, 1927 г.
Гістарычныя здымкі[правіць | правіць зыходнік]
-
1895 г.
-
1895 г.
-
1904 г.
-
1904 г.
-
не пазней за 1905 г.
-
да 1918 г.
-
ліпень 1941 г.
-
1942 г.
Зноскі
- ↑ цяпер вуліцы Рэвалюцыйная
- ↑ Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003. — 351 с. — ISBN 985-01-0415-5.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003. — 351 с. — ISBN 985-01-0415-5.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свята-Ільінская царква (Віцебск)