Ірына Іванаўна Сяржаніна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ірына Іванаўна Сяржаніна
Дата нараджэння 5 снежня 1967(1967-12-05)
Месца нараджэння
Дата смерці 18 верасня 1993(1993-09-18) (25 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мастачка
Вучоба

Ірына Іванаўна Сяржаніна (5 снежня 1967, Любань, Мінская вобласць — 18 верасня 1993, недалёка ад Гайнаўкі (польск.: Hajnówka), Падляскае ваяводства, Польшча) — беларуская мастачка.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася 5 снежня ў 1967 годзе ў Любані. Бацькі — Іван Міхайлавіч і Людміла Іванаўна Сяржаніны. Праз два гады сям’я Сяржаніных пераязджае з Любані ў Салігорск.

У 1983 годзе паступае ў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава. Пасля заканчэння вяртаецца ў Салігорск, дзе на працягу года працуе ў школе выкладчыцай выяўленчага мастацтва.

У 1988 годзе паступае ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на аддзяленне жывапісу (кіраўнік групы А. І. Казак). У 1989 годзе выходзіць замуж за Руслана Вашкевіча. У 1990 годзе ў іх нараджаецца сын Арсеній. Пасля 2-х гадоў сумеснага сямейнага жыцця Ірына Сяржаніна і Руслан Вашкевіч разыходзяцца.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

У 1991 годзе яна аднаўляе вучобу ў Беларускай акадэміі мастацтваў. Вучыцца ў А. Маціевіча, А. Марачкіна і інш. Шэраг твораў гэтага перыяду выяўляе выразную накіраванасць творчых пошукаў у бок захаплення пластыкай колеру. Шмат творчых ідэй з’яўляецца падчас студэнцкіх летніх практык у розных месцах Беларусі. Адно з іх — мястэчка Свір (Мядзельскі раён) яна наведвае ўлетку 1992 года ў складзе групы, якую ўзначальвае А. І. Казак. Разам з тым яна актыўна прымае ўдзел у розных творчых праектах і выставах: канферэнцыя студэнцка-навуковай творчасці, выстаўка ў складзе творчай суполкі «Пагоня» (1992).

Летам 1993 года яна вырашае зноў паехаць у Свір. За кароткі тэрмін (каля аднаго месяца) яна стварае серыю краявідаў, якія вылучаюцца выразнай своеасаблівай стылістыкай і мастацкімі якасцямі, уласцівымі сталаму майстру.

На працягу лета яна праводзіць актыўную творчую дзейнасць, падчас якой ёй паступае прапанова паказаць свае творы за мяжой. Так яна прымае ўдзел у выставах у Германіі (Лейпцыг) і Польшчы. У Польшчы (Белавежа) яна таксама на працягу двух тыдняў удзельнічае ў міжнародным пленэры. 18 верасня, вяртаючыся дадому на аўтамабілі, каля польска-беларускай мяжы па віне кіроўцы яна трапіла ў аварыю і загінула. Разам з ёй загінула і мастачка з Брэста Святлана Падаляк.

Пахавана на могілках у вёсцы Дубеі каля Салігорска.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Восенню і зімою 1993 года ў Мінску былі праведзены дзве пасмяротныя персанальныя выстаўкі яе твораў. Працы знаходзяцца ў Мастацкім музеі Беларусі, прыватных калекцыях і ва ўласнасці сям’і І. Сяржанінай. Месцазнаходжанне часткі твораў невядома.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ірына Каранеўская, Надзея Кароткіна. Ёй споўнілася б дваццаць шэсць… // «Літаратура і Мастацтва», № 50(3720) 17.12.1993.
  • Алег Маціевіч. Суладна духоўнаму стану. // «Мастацтва», 4/1994.
  • Яўген Шунейка. Свабода — усвядомленая каштоўнасць. // «Мастацтва», 4/1994.
  • А. Панасенко. Пусть осуществятся планы // «Салігорскі веснік», 3.06.1995.