Перайсці да зместу

Iskry Skaryny

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Іскры Скарыны)
Iskry Skaryny
Тып часопіс
Выдавец Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф. Скарыны
Краіна
Заснавана 1931
Спыненне публікацый 1935
Мова беларуская
Галоўны офіс
Тыраж

«І́скры Скары́ны» (у арыгінале: Iskry Skaryny) — гісторыка-публіцыстычны часопіс, які выдаваўся ў Празе на беларускай мове Беларускім (Крывіцкім) таварыствам імя Францыска Скарыны ў 19311935 гадах[1] пры фінансавай падтрымцы Васіля Русака. Друкаваўся лацінкай. Выйшла 5 нумароў[2]. Асобны нумар каштаваў 3 чэшскіх кроны.

Характар выдання

[правіць | правіць зыходнік]

Часопіс «Іскры Скарыны» праводзіў паслядоўную працу ў справе папулярызыцыі і асэнсавання ролі спадчыны асветніка–першадрукара Ф. Скарыны ў нацыянальным і агульнаеўрапейскім кантэкстах. У артыкуле Тамаша Грыба «Месца і значэнне Ф. Скарыны ў сучасным беларускім вызвольна–адраджэнскім руху» (№ 1) праводзілася думка, што нацыянальнае значэнне спадчыны Скарыны не толькі ў факце перакладу кніг Бібліі і іх тлумачэння ў прадмовах, а яшчэ і ў тым, што такім чынам былі закладзены «асноўныя падваліны беларускай філасофіі» — «асветнік даў нам сваю Біблію, сваю кнігу «Быцця».

У аснову выдання пакладзены ідэі пераемнасці духоўнай спадчыны Скарыны з сучаснымі праблемамі палітычна-дзяржаўнага і культурнага развіцця, нацыянальнай кансалідацыі беларускага народа, асэнсавання суб’ектна-творчай ролі беларусаў у гістарычным працэсе, імкнення да самастойнага і самабытнага шляху на цывілізацыйным скрыжаванні Усходу і Захаду[3].

У артыкуле Тамаша Грыба «Інтэлігенцыя і народ» (№ 2) праводзілася думка пра вялікае значэнне нацыянальнай культуры як першаасновы агульначалавечай, акцэнтавалася ўвага на праблемах нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, асабліва ва ўмовах асіміляцыі з боку рускага і польскага этнасаў, на ролі інтэлігенцыі як выразніка і гаранта духоўнай жыццяздольнасці нацыі. У сувязі з абвастрэннем у канцы 1920–х — пачатку 1930–х гадоў палітычна–ідэалагічнага процістаяння паміж Усходняй і Заходняй часткамі Беларусі, часопіс выступіў з прапановай агульнабеларускага яднання на аснове гуртавання розных палітычных кірункаў дзеля карэнных нацыянальных інтарэсаў, найперш нацыянальна-дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. У артыкуле Тамаша Грыба «На два франты!» (№ 3) сцвярджалася, што «кожны беларус, хто б ні быў па сваіх поглядах і перакананьнях, павінен выканаць сваю павіннасьць: адважна стаць у шэрагі змагароў за волю і незалежнасьць Беларусі»[4].

Выданне асвятляла пытанні беларускай гістарыяграфіі, геральдыкі, нацыянальных традыцый. У артыкуле Васіля Захаркі «На шляху беларускіх старадаўнасьцей» (№ 5) звернута ўвага на крыніцазнаўчую каштоўнасць у вывучэнні беларускай мінуўшчыны Густынскага летапісу і «Хронік з летапісаў старадаўніх», складзеных ігуменам Х. Шафановічам (1672). У часопісе крытычна ацэньвалася нацыянальная палітыка ў БССР (№ 3, артыкул «Бальшавіцкая «стратэгія» ў нацыянальным пытанні»).

Змест нумароў

[правіць | правіць зыходнік]

№ 1 (1931)

  • Hryb T. Kulturnaje budaunictva novaj Biełarusi (S. 2—9)
  • Hryb T. Miejsca i značańnie Franciška Skaryny u sučasnym biełaruskim vyzvalna-adradženskim ruchu (S. 14—15)

№ 2 (1931)

  • Hryb T. Intelihencyja i narod (S. 1—6)
  • Hryb T. Miejsca i značańnie Franciška Skaryny u sučasnym biełaruskim vyzvalna-adradženskim ruchu (працяг, S. 12—14)

№ 3 (1934)

  • Pad ściaham Skaryny (S. 1—2)
  • Hryb T. Na dva fronty! (S. 5—13)
  • Hryb T. Adryvak z ramanu «Paustancy» (S. 15—18)
  • T-š. Vilenskaje pytańnie (S. 27—31)
  • Hryb T. U 50-tyja uhodki časopisi «Homan» (S. 31—35)
  • T. Što takoje nacyjanał-demakratyzm? (S. 35—36)

№ 4 (1934)

  • Hryb T. Šlacham Skaryny (S. 1—10)
  • Zacharka V. Biełarus na uschodzie
  • Hryb T. Relihijnaja sprava na Biełarusi (S. 55—65)
  • Zacharka V. Dzve kultury i dzve ekspansii
  • T-š. Haspadarčaje adasableńnie Zachodniaj Biełarusi (S. 70—71)

№ 5 (1935)

  • Adviečny šlach heta šlach Skaryny! (S. 1—4)
  • Gleba T. Što takoje nacyjanał-demakratyzm? (S. 4—48)
  • Zacharka V. Na šlachu biełaruskich staradaunascjau (S. 65—68)
  • Hryb T. Da pytańnia ab pachodžańni herbu Pahonia (S. 69—77)
  • N-ka. U Savieckaj Biełarusi (S. 82—85)
  • 450-tyja uhodki narodžeńnia Franciška Skaryny (S. 86)

Камплекты выдання захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Чэхіі (Прага)[4] і Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лондане. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захавалася карэспандэнцыя і матэрыялы часопіса[5].

Зноскі

  1. А. К. Каўка. «Іскры Скарыны» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — С. 331.
  2. М. Чмарова. О белорусских студенческих изданиях в межвоенной Чехословакии(руск.) // Opera Slavica : часопіс. — 2001. — Vol. 11. — № 1. — P. 27. — ISSN 1211-7676.
  3. А. Каўка. «Іскры Скарыны» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 505.
  4. а б А. Каўка. «Іскры Скарыны» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 506.
  5. В. У. Коваль. Роля студэнцкіх і прафесійных арганізацый у працэсе сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі беларускіх эмігрантаў у Чэхаславакіі (1918—1939 гг.) // Труды БГТУ. Серия 6. — 2018. — № 2. — С. 43.