Перайсці да зместу

Італьянская вайна (1551—1559)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Італьянская вайна 1551—1559
Асноўны канфлікт: Італьянскія войны
Аблога Кале
Аблога Кале
Дата 1551—1559
Месца Апенінскі паўвостраў, Францыя, Нідэрланды
Прычына Жаданне Францыі і Габсбургаў усталяваць кантроль над Паўночнай Італіяй
Вынік Перамога антыфранцузскай кааліцыі. Ва ўсёй Італіі ўсталявалася гегемонія Габсбургаў
Змены Да Францыі перайшоў Кале; Іспаніі былі вернуты раней захопленыя ў яе тэрыторыі.
Праціўнікі
Іспанская імперыя

Свяшчэнная Рымская імперыя
Каралеўства Англія
Фларэнтыйскае герцагства
Савойскае герцагства

Францыя

Асманская імперыя Асманская імперыя
Сіенская рэспубліка

Камандуючыя
Філіп II

Фердынанд I
Козіма I Медычы
Эмануіл Філіберт

Генрых II

Асманская імперыя Сулейман I
П'ера Строці

Італьянская вайна 1551—1559 гадоў (таксама вядомая як вайна паміж Габсбургамі і Валуа) — завяршальная з серыі «італьянскіх» войнаў першай паловы XVI стагоддзя. Па яе выніках Францыя адмовілася ад прэтэнзій у паўночнай Італіі, якія паслужылі прычынай пачатку Італьянскіх войнаў за паўстагоддзі да гэтага.

Баявыя дзеянні на мора

[правіць | правіць зыходнік]

Французскі кароль Генрых II падпісаў з султанам Сулейманам дагавор аб саюзе, паводле якога французскі і турэцкі флоты сталі праводзіць у Міжземнамор'і сумесныя баявыя дзеянні супраць Габсбургаў, што дазволіла Францыі сканцэнтраваць асноўныя высілкі сухапутных войскаў на Рэйне. На баку Імперыі ваяваў генуэзскі адмірал Андрэа Дорыа, які 8 верасня 1550 года здолеў захапіць горад Махдыя ў Тунісе.

Баявыя дзеянні на моры пачаліся з таго, што ў 1551 годзе туркі прыступілі да аблогі Трыпалі, і да турэцкага флоту далучыліся французскія галеры з Марселя. Калі ў 1552 годзе Генрых II атакаваў Карла V, то туркі паслалі ў Заходняе Міжземнамор'е сто галер. Франка-турэцкі флот разрабаваў узбярэжжа Калабрыі, захапіў горад Рэджа-дзі-Калабрыя, разбіў Андрэа Дорыа ў бітве ля вострава Понца, а ў 1553 годзе здзейсніў уварванне на Корсіку.

Баявыя дзеянні на сушы

[правіць | правіць зыходнік]

На сушы Генрых II паспяхова наставаў у Латарынгіі, узяўшы Мец, Туль і Вердэн. Аднак дапамога Сіенскай рэспубліцы, атакаванай у 1553 годзе Фларэнтыйскім герцагствам і Імперыяй, апынулася няўдалай, і пасля паражэння ў 1554 годзе ў бітве пры Марчыяна Сіенская рэспубліка з 1555 года спыніла сваё існаванне, стаўшы часткай Фларэнтыйскага герцагства.

5 лютага 1556 года паміж французскім каралём Генрыхам II і іспанскім каралём Філіпам II быў падпісаны дагавор, паводле якога Іспанія атрымлівала Франш-Кантэ, аднак гэты дагавор неўзабаве быў парушаны.

Пасля адрачэння Карла V у 1556 годзе яго ўладанні былі падзелены паміж Фердынандам I і Філіпам II, і цэнтр вайны зрушыўся ва Фландрыю, дзе ў 1557 годзе Філіп II разам з савойскім герцагам Эмануілам Філібертам разбіў французаў у бітве пад Сен-Кантэнам. У выніку жаніцьбы Філіпа II з каралевай Марыяй у вайну на баку Іспаніі ўступіла Англія, пасля чаго французскія войска ўзялі Кале і разрабавалі Іспанскія Нідэрланды.

Вайна вялікім цяжарам лягла на ўсіх яе ўдзельнікаў, і ў 1557 годзе адбыўся «двайны дэфолт»: Іспанія і Францыя адмовіліся ад выплат па даўгам. Акрамя таго, і Францыі і Іспаніі трэба было штосьці рабіць з Рэфармацыяй, таму было вырашана пачаць мірныя перамовы.

У красавіку 1559 года былі падпісаны мірныя дагаворы паміж удзельнікамі вайны. Паводле іх вынікаў Францыя замацавала за сабой Кале, але аддала частку тэрыторый Іспаніі, а таксама адмовілася ад прэтэнзій на ўладанні ў Італіі, якія паслужылі прычынай усіх Італьянскіх войнаў. У Еўропе канчаткова ўсталявалася гегемонія Габсбургаў, якая праіснавала да Трыццацігадовай вайны.