Абарона Гомеля (1941)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Абарона Гомеля (1941)
Асноўны канфлікт: Другая сусветная вайна, Вялікая Айчынная вайна
Дата 1219 жніўня 1941
Месца Гомель, БССР, СССР
Вынік Аператыўная перамога Германіі
Праціўнікі
Германія Трэці рэйх Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік СССР

Абарона Гомеля — ваенная аперацыя, якая вялася войскамі 21-й арміі (генерал-лейтэнант М. Р. Яфрэмаў, генерал-маёр В. М. Гардоў) Цэнтральнага фронту і апалчэнцамі 12—19 жніўня у Вялікую Айчынную вайну; састаўная частка Смаленскай бітвы (1941).

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку жніўня нямецкае камандаванне перакінула ў раён Гомеля часткі 2-й палявой арміі, з раёна Смаленска — 2-ю танкавую групу Гудэрыяна; усяго пад Гомелем было 25 нямецка-фашысцкіх дывізій. 8 — 10 жніўня праціўнік уклініўся ў абарону 21-й арміі, прарваў яе на ўчастку Крычаў — Прапойск — Рэчыца і выйшаў на подступы да Гомеля. Разам з ваенным камандаваннем мабілізацыю сіл на абарону горада ўзначалілі Гомельскія абком і гарком КП(б)Б. Сфарміраваны Гомельскі полк народнага апалчэння, вакол горада выкапана 28 км траншэй, створаны мінныя палі, на вуліцах пастаўлены барыкады.

Баявыя дзеянні[правіць | правіць зыходнік]

Бамбардыроўка Гомеля нямецкай авіяцыяй 19 жніўня 1941 года

12 жніўня 2-я нямецкая армія пачала штурм горада, нямецкая авіяцыя без перапынку бамбіла яго. Выключна цяжкія баі ішлі ў раёне вёсак Сямёнаўка і Пакалюбічы, дзе разам з савецкімі воінамі трымалі абарону апалчэнцы і байцы асобнага батальёна Гомельскага гарнізона (камандзір маёр М. С. Ісаеў). Савецкія войскі не толькі абараняліся, але і контратакавалі, 14 жніўня выбіўшы ворага з вёскі Сямёнаўка. Сустрэўшы ўпартае супраціўленне на гэтым напрамку, нямецкія войскі ўзмацнілі атакі на Гомель з паўночнага ўсходу і з боку Добруша. У раёне Веткі гітлераўцы фарсіравалі Сож і захапілі гарадскі пасёлак, аднак савецкія войскі затрымалі далейшы рух праціўніка і прычынілі яму значныя страты. Выкарыстаўшы перавагу ў сілах, 19 жніўня нямецкія войскі ўварваліся ў Гомель. На левым беразе Сажа, у Навабеліцы баі ішлі яшчэ трое сутак.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

У 1961 годзе ў гонар абаронцаў Гомеля ў вёсцы Пакалюбічы пастаўлены помнік.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэкал.:І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 175. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэд.) і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя /. — С. 82. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
  • Гомель: Энциклопедический справочник / И. П. Шамякин (гл. ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 191. — 527 с. — 15 000 экз. — ISBN 5-85700-054-8.