Абмыванне немаўляці

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Абмыва́нне немаўля́ці — першае купанне дзіцяці адразу пасля родаў, якое суправаджалася традыцыйнымі абрадамі, звычаямі.

Абмывала немаўля звычайна бабка ў драўляных ночвах цёплай вадой з дабаўленнем адвару розных лекавых траў: рамонка, чыстацелу, мяты, чарады і інш. У воду таксама клалі некалькі зярнят і манету (часцей сярэбраную), каб жыццё дзіцяці было багатае і шчаслівае. У розных рэгіянальна-лакальных традыцыях у ваду маглі дадаваць бурштын, соль, вугольчык, малако, піва, лічачы, што яны маюць апатрапейныя і прадуцыруючыя ўласцівасці.

Пры першым купанні немаўля павінна было ляжаць тварам на захад ці поўнач. Пасля абмывання немаўляці ваду адразу вылівалі ў ціхім месцы, дзе не хадзілі людзі і жывёла. На Палессі, калі купалі дзяўчынку, ваду вылівалі на ганак, каб яна хутчэй выйшла замуж. На пранягу 40 дзён абмыванне немаўляці адбывалася кожны дзень, пасля — праз дзень і радзей.

Дзяцей ніколі не купалі ў гатаванай вадзе, бо лічылася, што ад гэтага яны будуць вельмі злымі і крыклівымі. На гэты конт у народзе існус шмат прымавак, напрыклад, «Ён/яна ў гарачай вадзе купаныя». Некаторыя звычаі, абрады і вераванні, што суправаджалі абмыванне немаўляці, у трансфармаваным выглядзе бытуюць у асяроддзі беларусаў і ў цяперашні час.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]