Азог

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Азог (англ.: Azog; Азог Заваёўнік, або Азог Апаганшчык) — правадыр оркаў, які жыў у Морыі прыкладна ў 2480—2799 гг. Т.Э.

Яго ўчынак стаў прычынай Вайны гномаў і оркаў у 2790 г.: Азог забіў караля гномаў Трора, які прыйшоў наведаць руіны Казад-Дума. Азог не толькі забіў Трора, але і перад гэтым катаваў яго некалькі дзён, і ў выніку абезгаловіў і выпаліў сваё імя на яго лбу. Гэтым ён заслужыў нянавісць усіх гномаў без выключэння, якія аб'ядналіся для таго, каб адпомсціць яму.

У наступныя гады Азог стаў агульным ворагам усіх гномаў. Паступова ўсе оркі Імглістых гор былі выцеснены ў Морыю, дзе і адбылася вырашальная бітва вайны — бітва пры Азанулбізары. Там Азог забіў Наіна, але і сам быў забіты сынам Наіна, Даінам II Жалезнастопам. Пасля забойства Трора Азог уторкнуў яму ў рот мяшэчак з дробнымі манетамі, цяпер жа гномы вярнулі іх, утыркнуўшы гэты ж мяшэчак у рот забітага Азога, паступіўшы з ім гэтак жа, як ён калісьці паступіў са старым каралём гномаў.

Сын Азога, Больг, атрымаў у спадчыну яго тытул правадыра оркаў Морыі і кіраваў імі яшчэ прыкладна 150 гадоў.

Вобраз Азога ў адаптацыях[правіць | правіць зыходнік]

У кінатрылогіі Пітэра Джэксана «Хобіт» у біяграфіі Азога маюцца значныя адрозненні. Так, Азог не гіне ад рукі Даіна пры Азанулбізары, а, дажыўшы да падзей «Хобіта», працягвае ўзначальваць оркаў Морыі і ў выніку вядзе іх на Бітву Пяці Войскаў. І паколькі Торын адсек руку Азогу, орк спрабуе яму адпомсціць. Таксама паводле фільма Азог пакляўся вынішчыць усіх нашчадкаў Дурына. У той жа час яго сын Больг з'яўляецца правадыром гоблінаў і оркаў Дол Гулдура[1]. На гэты ход стваральнікі фільма пайшлі для таго, каб супрацьпаставіць Торыну моцнага антаганіста, з якім ён бы хацеў расквітацца (паводле Толкіна, Азог забіў дзеда Торына Трора і наздзекаваўся над яго целам).

Зноскі