Айнаравічы
Вёска
Айнаравічы
|
Айна́равічы[2] (трансліт.: Ajnaravičy, руск.: Айнаровичи) — вёска ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Янушкавіцкага сельсавета.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Паводле Е. Ахманскага, назва ад "несумненна літоўскага" імені Einaras[3]. У лідскім рэгіёне Забалаць-Ваверка (часам у адных і тых жа вёсках) у другой палове ХІХ ст. фіксаваліся варыянты прозвішча «Эйнаровіч» і «Айнаровіч»[4]. Ёсць літоўскія двухасноўныя прозвішчы Einoras, Einoris[5], латышскае Einoris[6].
З іншага боку, на думку гомельскага мовазнаўца А. Рогалева, назва мела паходзіць ад "калектыўнай мянушкі першых пасяленцаў" тыпу "айнаравічы" - нашчадкі носьбіта імя Айнар. Але Рогалеў сцвярджаў, што імя арабскага паходжання, і меркаваў, што так маглі зваць выхадца з Залатой Арды на вайсковай службе ВКЛ[7].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першае ўпамінанне Айнаравічаў адносіцца да 1526 года. У 1567 годзе вёска згадваецца ў попісе войска Вялікага Княства Літоўскага як шляхецкая ўласнасць у Менскім павеце. У XIX стагоддзі — вёска ў складзе маёнтка Мураваны Двор, уласнасць памешчыкаў Няплюевых. У 1816 годзе вёска, 157 рэвізскіх душ, і засценак, 5 рэвізскіх душ мужчынскага полу належалі стацкаму саветніку Івану Няплюеву. З 1838 года ўласнасць генерал-маёра Сцяпана Смаляка і яго жонкі Кацярыны. У 1846 годзе ў вёсцы 38 двароў, 219 жыхароў, вадзяны млын (2 паставы). Паводле рэвізіі 1857 года вёска, цэнтр Айнаравіцкай воласці, у 1870 годзе ў Гайна-Слабодскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні.
У пачатку XX стагоддзя 26 гаспадарак, якія валодалі 834 дзесяцінамі зямлі, адносіліся да Гайна-Слабодскай сельскай грамады. У 1909 годзе — 96 двароў, 522 жыхары, у 1917 годзе — 112 двароў, 665 жыхароў. У 1941 годзе — 117 двароў, 472 жыхары. У Вялікую Айчынную вайну карнікі знішчылі 10 двароў, 228 жыхароў вывезлі ў Германію, 44 вяскоўцы загінулі на фронце, 2 у партызанскай барацьбе. У баях за вызваленне вёскі ў 1944 годзе загінулі 2 партызаны і 2 савецкія воіны. У 1969 годзе 115 двароў, 331 жыхар. Да 14 красавіка 1959 года вёска ўваходзіла ў склад Гайненскага сельсавета[8]. У 2003 годзе 55 двароў, 105 жыхароў, у складзе калгаса «Янушкавічы».[9]
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 2010 год — 71 чалавек
- 2003 год — 105
- 1999 год — 125
- 1969 год — 331
- 1969 год — 331
- 1941 год — 472
- 1917 год — 665
- 1909 год — 522
- 1846 год — 219
Помнікі
[правіць | правіць зыходнік]Курганны могільнік
[правіць | правіць зыходнік]На паўднёва-заходняй ускраіне вёскі 12 абкладзеных камянямі курганоў дыяметрам 6—8 м, вышынёй — 0,6—1,1 м.[10]
Зноскі
- ↑ http://pop-stat.mashke.org/belarus-census-2019/minskaja.htm
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Эйна́равічы
- ↑ Ежы Ахманскі. Літоўская этнічная мяжа на ўсходзе ад племянной эпохі да XVI стагодзьдзя // Arche. — 2016. — № 2. — С. 71.
- ↑ https://www.familysearch.org/ark:/61903/3:1:3Q9M-C9B8-W3TV-7?i=836&cat=2325460&lang=ru
- ↑ Lietuvių pavardžių žodynas. A-K. Vilnius, 1985. C. 568.
- ↑ https://uzvardi.lv/surname/647461
- ↑ А. Ф. Рогалеў. Тапанімічны слоўнік Лагойскага раёна Мінскай вобласці (назвы населеных пунктаў) // Бласлаўлёнай зямлі неўміручыя скарбы: Народная духоўная культура Лагойшчыны. Кн. 1. Гомель, 2013. С. 167.
- ↑ Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 14 красавіка 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 5.
- ↑ Айнаравічы // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна. У 2 кнігах. Кн. 2-я. — Мн.: БелЭн, 2004. С. 398
- ↑ Я. Г. Звяруга. Помнікі археалогіі // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна. У 2 кнігах. Кн. 1-я. — Мн., 2003. С. 33
