Свята-Аляксандра-Неўскі сабор (Кобрын)
Праваслаўны храм | |
Свята-Аляксандра-Неўскі сабор | |
---|---|
52°12′51,41″ пн. ш. 24°21′30,62″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Кобрын |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Брэсцкая і Кобрынская |
Благачынне | Кобрынскае |
Тып будынка | сабор |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Архітэктар | Іван Ігнатавіч Калянкевіч |
Будаўніцтва | 1864—1868 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000392 |
Матэрыял | цэгла |
Стан | дзейнічае |
Сайт | kobrinsobor.by/kafedraln… |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Свята-Аляксандра-Неўскі сабор — праваслаўны храм у горадзе Кобрыне Брэсцкай вобласці. Размешчаны на беразе Мухаўца, па адрасе: вуліца Леніна, 18. Другі кафедральны сабор у Брэсцкай і Кобрынскай епархіі, цэнтр Кобрынскага благачыння. Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пабудаваны ў 1864—1868 гадах з цэглы ў гонар адмены прыгоннага права, на месцы брацкай магілы рускіх салдат, якія загінулі ў бітве пад Кобрынам 15 ліпеня 1812 года. Да закрыцця храма ў 1963 годзе на фасадзе былі ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі з надпісам: «Под сенью сего святого храма покоятся кости русских воинов-героев, павших в Кобринском бою 15 июля 1812 года; Сей святой храм сооружен в память освобождения крестьян от крепостной зависимости 19 февраля 1861 года»[1].
Сабор пабудаваны на сродкі, сабраныя ў выглядзе кантрыбуцыі з удзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў. Праект і каштарыс будынка складзены губернскім архітэктарам Іванам Калянкевічам і ўхвалены ў 1864 годзе[2].
У 1960-я гады сабор закрыты і прыстасаваны пад філіял Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці. У 1989 годзе вернуты праваслаўнай абшчыне, 12 верасня 1990 года, у дзень памяці Аляксандра Неўскага, паўторна асвячоны. Адрэстаўрыраваны ў 1990—1993 гадах.
Побач з саборам знаходзіцца манумент у памяць бою пад Кобрынам 1812 года. Настаяцель прыхода — протаіерэй Сергій Утрата[3].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Помнік архітэктуры позняга класіцызму з рысамі рэтраспектыўна-рускага стылю[1]. Асноўны аб’ём крыжова-цэнтрычны, завершаны магутным васьмерыковым барабанам, а ў апошнія гады — маляўнічым 5-купаллем на шатрах. Да планіровачнага крыжа далучаюцца працяглы прытвор з вуглавымі прыдзеламі і прамавугольная апсіда з бакавымі невялікімі квадратнымі рызніцамі.
Для фасадаў характэрна стрыманая пластыка. Яны завершаны трохвугольнымі франтонамі, крапаваны вуглавымі лапаткамі і прамавугольнымі панэлямі, апяразаны фрызамі з шырынак, прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі, акаймаванымі архівольтамі. Сцены галоўнага фасада, алтарнай часткі і тарцовых частак трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі.
Галоўны ўваход аформлены накладным магутным парталам, вылучаным накладным несапраўдным порцікам з лучковым франтонам, які абапіраецца на дзве плоскія пілястры. Над дзвярным прамавгольным праёмам — вялікае паўцыркульнае акно.
Інтэр’ер
[правіць | правіць зыходнік]У інтэр’еры вялізны асветлены аб’ём прытвора злучаны з трапезнай шырокім праёмам. Цэнтральная частка раскрыта арачнымі праёмамі ў трапезную, бакавыя нефы і алтарную частку. Сяродкрыжжа перакрыта купалам на ветразях, астатнія памяшканні — цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках.
У саборы быў мясцовашанаваны абраз «Маці Божая», перанесены са старажытнай кобрынскай Свята-Прачысценскай царквы.
Зноскі
- ↑ а б Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. — С. 246.
- ↑ А. М. Кулагін. Свята-Аляксандра-Неўскі сабор // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Кобрынскага раёна // рэд. Г. П. Пашкоў. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 624 с. ISBN 985-6302-44-7
- ↑ Православный приход кафедрального собора святого благоверного князя Александра Невского в г. Кобрине (руск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. — С. 246.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 371. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — 368 с., іл. — С. 250—251.
- Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свята-Аляксандра-Неўскі сабор (Кобрын)
- Свята-Аляксандра-Неўскі сабор (Кобрын) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Свята-Аляксандра-Неўскі сабор (Кобрын) на сайце Radzima.org
- Свята-Аляксандра-Неўскі сабор (Кобрын) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Аляксандра-Неўскі сабор (Кобрын) на сайце «Архіварта»