Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Вярэйкі)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Каталіцкі храм
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Вярэйкі. Касцёл (01).jpg
53°14′54,40″ пн. ш. 24°11′09,40″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія Каталіцтва
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Дэканат Ваўкавыскі
Архітэктурны стыль класіцызм
Заснавальнік Аляксандр Свечын
Будаўніцтва 18261830 гады
Стан дзейнічае

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі — рымска-каталіцкі храм у вёсцы Вярэйках Ваўкавыскага раёна. Дзейнічае. Помнік архітэктуры позняга класіцызму.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл пасля перабудовы ў праваслаўную царкву.

У чэрвені 1826 года мясцовыя вернікі рымска-каталіцкага веравызнання атрымалі дазвол на заснаванне ўласнай святыні. Закладзенаму касцёлу надалі статус філіяльнага ад рэплеўскай парафіі. Праект будынка быў прысланы з Пецярбурга[1].

Касцёл пад тытулам Найсвяцейшага Імя Марыі Панны — аднавежавая безапсідная з трансептам цагляная і атынкаваная святыня ў класіцыстычным стылі — быў збудаваны ў 1830, 1839[2], або 1848 годзе на ўзвышшы ў цэнтры вёскі на сродкі Аляксандры з Біспінгаў Светчынавай. Хутчэй за ўсё, яна, як фундатарка, пасля смерці была пахавана каля касцёла, а калі касцёл быў адабраны пад царкву, надмагілле было знішчана. Цяпер пліта з яе надмагілля знаходзіцца перад касцёлам у Вялікіх Эйсмантах (Бераставіцкі раён).

Па іншых звестках, храм фундаваў уладальнік маёнтка стацкі саветнік Аляксандр Свечын, які быў праваслаўным[3]. Некалькі гадоў цягнулася цяжба з уладамі наконт правамоцтва самавольнага будаўніцтва, якое Свечын абгрунтоўваў тым, што ў Вярэйках з даўніх часоў існаваў касцёл[2].

Фасад касцёла.

19 чэрвеня 1865 года на хвалі рэпрэсій пасля паражэння паўстання К. Каліноўскага касцёл у Вярэйках быў зачынены і 3 лістапада 1866 года перададзены ў праваслаўнае ведамства. У 1868 годзе святыня была перабудавана па праекце архітэктара Мікалая Ціхвінскага[2] ў рэтраспектыўна-рускім стылі, зменены дэкор над праёмамі, а таксама завяршэнне вежы-званіцы, над сяродкрыжжам з’явілася цыбулепадобная глаўка.

Апсіда касцёла.

У 1921 годзе касцёл вяр­нулі каталіцкай супольнасці. У выні­ку рэканструкцыі былі разабраны вежа-званіца і крухта, на іх месцы ўзвялі шасцікалонны порцік. Новую вежу-званіцу (трох’ярусную чацверыковую шатровую) пабудавалі ў стылі неакласіцызм справа перад касцёлам. Касцёл быў ізноў асвечаны пад гістарычным тытулам Найсвяцейшага Імя Марыі Панны. Колькасць вернікаў вярэй­каў­скай парафіі перад Другой сусветнай вайной была больш за 2000 чалавек, да парафіі належала драўляная капліца на парафіяльных могілках, пабудаваная на мяжы 1920-30-х гадоў.

У жніўні 1952 года касцёл быў зноў зачынены, будынак перададзены мясцоваму саўгасу пад зернесховішча. Вернікі абсталявалі капліцу на парафіяльных могілках. У 1959 годзе ўлады знялі парафію з рэгістрацыі.

У 1990 годзе будынак вярнулі католікам і адразу ж пачалася рэстаўрацыя касцёла. На 1997 год парафія налічвала каля 800 вернікаў[2].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Скульптура на фасадзе касцёла.

Касцёл зараз бязвежавы і безапсідны. Прамавугольны ў плане аднанефавы аб’ём па баках фланкіраваны купальнымі чатырохграннымі ратондамі. Галоўны фасад пазначаны шасці­калонным порцікам, у конхавых нішах усталяваны каменныя фігуры святых Пятра (злева) і прарока Маісея. Пасярэдзіне бакавых фасадаў змешчаны трохвугольныя фран­тоны. Касцёл накрыты двух­схільным бляшаным дахам.

Касцёльны ўчастак абнесены бутавай агароджай з брамай у выглядзе атынкаваных цагляных слупкоў.

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр’ер залавы, перакрыты плоскай падшыўной атынкаванай столлю. Унутры тры мураваныя алтары. Галоўны алтар старажытны, у стылі класіцызм, дзве пары пілястраў нясуць трохвугольны франтон з Усёвідушчым Вокам, у цэнтры змешчаны абраз Уваскрасення Пана Езуса. Бакавыя алтары створаны ўжо пасля адраджэння касцёла: у левым змешчаны абраз Маці Божай Вастрабрамскай, у правым — тытульны абраз св. Станіслава (парафіяне лічаць, што тытул касцёла падвойны — яшчэ св. Станіслава, біскупа і мучаніка). Пад касцёлам знаходзіцца крыпта-пахавальня (замураваная ў 1990-я гады). На пілястрах прэзбітэрыя змешчаны гіпсавыя выявы святых апосталаў Якуба і Паўла (незвычайнае суседства звязана, магчыма, з тым, што выявы астатніх Апосталаў знаходзіліся на пілястрах малітоўнай залы). Над уваходам зроблены балкон арганных хораў, які абапіраецца на ўнутраны тамбур.

Капліца[правіць | правіць зыходнік]

Могілкавая капліца, пабудаваная ў XIX стагоддзі з дрэва, прамавугольная ў плане з трохграннай алтарнай часткай, накрытая двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром. Уваход пазначаны невялікай крухтай, галоўны фасад завершаны чацверыковай вежачкай. Да фасада далучаны нізкі прамавугольны прытвор пад вільчыкавым дахам. Вертыкальна ашаляваныя бакавыя фасады прарэзаны двума парамі прамавугольных аконных праёмаў.

Зноскі

  1. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў горадзе Гродна, ф. 97, воп. 1, спр. 104, арк. 4 аб.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. — С. 80
  3. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў горадзе Гродна, ф. 1, воп. 27, спр. 450, арк. 13 адв — 14.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
  • Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. — С. 80

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]