Андрай Сладкавіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Андрэй Сладкавіч)
Jump to navigation Jump to search
Андрай Сладкавіч
Andrej Sládkovič
Andrej Sladkovic.JPG
Andrej Sládkovič - podpis.JPG
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні: Andrej Braxatoris
Дата нараджэння: 30 сакавіка 1820(1820-03-30)[1]
Месца нараджэння:
Дата смерці: 20 красавіка 1872(1872-04-20)[1] (52 гады)
Месца смерці:
Пахаванне:
Грамадзянства:
Альма-матар:
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці: паэт, крытык, публіцыст, перакладчык
Кірунак: рамантызм
Жанр: паэзія
Валодае мовамі: славацкая
Подпіс: Andrej Sládkovič - podpis.JPG
Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы

А́ндрай Сла́дкавіч (славацк.: Andrej Sládkovič), сапраўднае імя Андрай Браксатарыс (славацк.: Andrej Braxatoris, псеўданімы Андрай Браксатарыс-Сладкавіч, Онджай Красіслаў Сладкавіч; 30 сакавіка 1820, Крупіна — 20 красавіка 1872, Радвань над Гронам) — славацкі евангельскі святар, паэт, літаратурны крытык, публіцыст і перакладчык. Прадстаўнік г. зв. пакалення «штураўцаў». Разам з Самам Халупкам, Янам Бота і Янка Кралем належыць да найвыбітнейшых паэтаў эпохі славацкага рамантызму.

Бацька Марціна Мілаша Браксатарыса, таксама евангельскага святара, паэта, рэдактара і перакладчыка; дзед Паўла Браксатарыса, лібрэтыста і песенніка, сузаснавальніка славацкай аперэты.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў незаможнай пратэстанцкай сям'і настаўніка і літаратара, у 18261830 гадах навучаўся ў Крупіне, пасля ў 18301831 у Перачанах, у 18311832 наведваў піярскую гімназію ў Крупіне, у 18321840 навучаўся ў евангелісцкім ліцэі ў Шэльмецбані, у 18401842 — у евангелісцкім ліцэі ў Прэсбургу, нарэшце ў 18431844 вывучаў тэалогію ва ўніверсітэце ў Гале.

У 18391840 гадах вучыўся ў хаце Паўла Пішла, дзе пазнаёміўся з Марынай Пішлавай, у 1838 працаваў памочнікам настаўніка ў Ладзанях. У 1841 годзе разам з Самуэлем Юркавічам заснаваў «славацкі нацыянальны тэатр» у Собацішці. У 18421843 быў выхавацелем у Годрушы, па вяртанні з навучання ў Гале стаў выхавацелем у сям'і Паўла Безега ў Рыбарах.

У 1847 пасвечаны на святара і стаў пастырам у Грохаці. З захапленнем сустрэў рэвалюцыю 18481849 гадоў. Верыў, што ідэалы свабоды, роўнасці і братэрства пранікнуць у свядомасць народаў. У 1849 быў затрыманы. Ад 1856 да смерці служыў святаром у Радвані над Гронам. Браў удзел у мемарандавым сходзе ў Марціне, дзе быў пісарам, стаў адным з заснавальнікаў Маціцы славацкай, член яе літаратурнага аддзела. Па смерці Карала Кузмані ў 1867 годзе стаў старшынёй спеўнікавага камітэта, задачаю якога было выданне духоўных спеваў і набажэнскіх кніга. У 1868 цяжка захварэў на вадзянку, ад якой ужо не акрыяў.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Першыя вершы апублікаваныя ў альманаху «Нітра». У сваёй рамантычнай паэзіі спалучаў матывы славацкага фальклору з філасофскім уяўленнем пра ідэальную маральнасць, прыгажосць і дасканаласць чалавека. Моцнай натхняльнай крыніцай былі ўласны досвед, эмацыйнае жыццё, асабістыя канфлікты, пошук жыццёвай раўнавагі ў цяжкім становішчы народнага і грамадскага жыцця. Звяртаўся да розных жыццёвых пытанняў, адкрываў «неадкрытае» хараство ў славацкай прыродзе, у людзе і яго культуры.

Быў пад моцным уплывам Людавіта Штура і адносіўся да вядучых асоб яго суполкі. Стаў адным з заснавальнікаў Маціцы славацкай, спрычыніўшыся да ажыўлення славацкага жыцця. Падтрымліваў кантакты з выбітнымі прадстаўнікамі славянскіх народаў. На яго мысленне ўплыў аказала таксама філасофія Гегеля.

Акрамя пастырскай дзейнасці, пісаў і на рэлігійную тэматыку. яго знакамітая паэма «Марына», якая ўслаўляе любоў не толькі да жанчыны, але і да народу, і лірычна-эпічная паэма «Дзетван» уважаюцца вяршыняй яго вершаванага майстэрства. «Марына» стала найбольш перакладаным яго творам (двойчы на венгерскую, чэшскую, польскую, французскую мовы).

Займаўся таксама перакладамі з расійскай (Аляксандр Пушкін), французскай (Вальтэр, Жан Расін), нямецкай (Іаган Вольфганг фон Гётэ) моў; пісаў публіцыстычныя артыкулы, рэцэнзіі і водгукі, якія мелі высокі тэарэтычны ўзровень.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Ад 1960 штогод ладзіцца Сладкавічава Радвань — конкурс мастацкай дэкламацыі.

Імем Андрая Сладкавіча названая малая планета і гімназія ў Банскай Бістрыцы.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Andrej Sládkovič // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Сладкович Андрей // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 25 лютага 2017.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Андрай Сладкавіч