Перайсці да зместу

Антанас Жмуйдзінавічус

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Антанас Жмуйдзінавічус
Фатаграфія
Імя пры нараджэнні Antanas Žmuidzinavičius
Дата нараджэння 19 (31) кастрычніка 1876
Месца нараджэння
Дата смерці 9 жніўня 1966(1966-08-09)[1][2] (89 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства  Расійская імперыя
 Літва
 СССР
Жонка Марыя Жмуйдзінавічэнэ
Род дзейнасці мастак, калекцыянер мастацтва, скульптар
Жанр партрэт
Член у
Узнагароды
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга
Народны мастак СССР
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Анта́нас Жмуйдзіна́вічус (літ.: Antanas Žmuidzinavičius; 31 (19) кастрычніка 1876, в. Сейрыяй, Лаздзейскі раён, Літва — 9 жніўня 1966, Каўнас) — літоўскі мастак, жывапісец; народны мастак СССР, член-карэспандэнт Акадэміі мастацтваў СССР (1958).

Навучаўся ў настаўніцкай семінарыі (1890—1894), скончыўшы якую працаваў настаўнікам у школах Польшчы. Жывапісу навучаўся ў камерцыйных школах у Варшаве (1898—1901) і ў Парыжы (1905—1906). З 1902 года ўдзельнічаў у выставах. З 1906 года жыў у Вільні, у 1907 годзе стаўся, разам з Мікалоюсам Чурлёнісам, Пятрасам Калпокасам, Пятрасам Рымшам і Каетонасам Склерусам, адным з арганізатараў першай выстаўкі літоўскага мастацтва і адным з заснавальнікаў Літоўскай мастацкай суполкі. Быў яе старшынёй.

У 1908—1912 гадах і пазней у краінах Заходняй Еўропы і ЗША маляваў карціны, ладзіў свае выстаўкі, чытаў лекцыі пра літоўскае мастацтва.

У 1919 абжыўся ў Каўнасе. Выкладаў у Мастацкай школе (1926—1940), пасля вайны — у Інстытуце прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва (1944—1951; прафесар ад 1947), Політэхнічным інстытуце (1953—1957). Адначасова ў 1951—1953 гадах выкладаў у Мастацкім інстытуце Літоўскай ССР (цяпер Віленская мастацкая акадэмія) у Вільні. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі. Напісаў кнігу ўспамінаў «Палітра і жыццё» («Paletė ir gyvenimas», 1961).

«Партрэт жонкі». 1910

Маляваў пераважна пейзажы, прасякнутыя лірызмам з доляй алегарычнасці і ідэалізацыяй прыроды «Нёман перад навальніцай» (1912), «Выхаванцы Нёмана» (1927), «Дзве хвоі» (1930), «Лес — дзяржаве» (1948) (усе ў Каўнаскім мастацкім музеі імя М. Чурлёніса); цыкл карцін «Тут будзе Каўнаскае мора» (1953—1965). Маляваў таксама партрэты (напрыклад, Тадаса Даўгірдаса), фігурныя кампазіцыі, аздабляў кнігі, ствараў плакаты.

Уваходзіў разам з Ёнасам Басанавічусам і Тадасам Даўгірдасам у камісію, якая выпрацавала праект літоўскага сцяга, які быў зацверджаны Саветам Літвы 19 красавіка 1918 года. Найбольш істотныя рысы праекта закладзеныя ў аснове цяперашняга Дзяржаўнага сцяга Літвы. Удзельнічаў таксама ў распрацоўцы Дзяржаўнага герба Літвы.

Агульная колькасць яго прац сягае 2000.

Зноскі

  1. ↑ RKDartists Праверана 23 жніўня 2017.
  2. ↑ Antanas Žmuidzinavičius // Grove Art Online / J. Turner — Oxford, England, Houndmills, Basingstoke, England, New York: OUP, 1998.
  • Всемирный биографический энциклопедический словарь. — М., 1998.
  • Большая Российская энциклопедия. Т. 10. — М., 2008. (Форма имени: Жмуйдзинавичюс, Антанас Йоно.)
  • Рисунки [Изоматериал] : [репродукции] / художник В. А. Серов. ― Ленинград, 1970 (АУР5192) (Форма имени: Жмуйдинявичус-Жемайтис, А. И.)
  • Беларуская энцыклапедыя. Т. 6. — Мн., 1998.