Герб Літвы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Дзяржаўны герб Літвы)
Герб Літвы з 1992 г. Аўтар праекта — мастак Арунас Каждайліс
Версіі
Герб прэзідэнта Літвы
Дэталі
Заснаванне 1 студзеня 1382
Выкарыстанне Часовы герб Літоўскай Рэспублікі 1990-1992 Аўтар праекта — скульптар Юозас Зікарас

Герб Літвы, Віціс (літ.: Vytis — вершнік) — дзяржаўны герб Літвы; вызначаны 15-м артыкулам Канстытуцыі Літоўскай Рэспублікі, прынятай рэферэндумам 1992 года, і апісаны ў Законе аб дзяржаўным гербе.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Герб Літвы 1990—1991 гг.

У 1919 годзе незалежная Літоўская дзяржава ўзяла сабе герб былога Вялікага Княства Літоўскага — «Пагоню», пад назвай «Віціс». Прыняцце старажытнага герба мусіла падмацаваць прэтэнзіі маладой Літоўскай Рэспублікі на гістарычную пераемнасць з Вялікім Княствам Літоўскім.

Аднак у 1920—1930-я гады многія дзяржаўныя дзеячы Літвы паказвалі на неадпаведнасць герба менавіта літоўскай гістарычнай традыцыі, у літоўскім друку агучваліся прапановы змяніць назву краіны на Жамойць, а герб — на жамойцкага Мядзведзя[1]. У 1935 годзе прэм’ер-міністр Літоўскай Рэспублікі Ёзас Тубаліс[lt] афіцыйна прызнаў не літоўскае (славянскае[1]) паходжанне Пагоні і паведаміў, што ідзе праца па стварэнні новага дзяржаўнага герба. Напэўна, гэту працу перарвалі падзеі 1939—1940 гадоў[2][3].

У 1940 годзе, калі Літва ўвайшла ў склад СССР, «Віціс» быў забаронены для ўжытку.

Напярэдадні распаду Савецкага Саюза, «Віціс» разам з іншымі гістарычнымі сімваламі стаў сімвалам нацыянальнага адраджэння Літвы.

У 1988 годзе атрымаў статус нацыянальнага сімвала ў Літоўскай ССР, з 11 сакавіка 1990 года стаў яе дзяржаўным сімвалам, 10 красавіка 1990 года атрымаў афіцыйны статус герба, зацверджаны Вярхоўным Саветам Літоўскай ССР.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Пошук літоўскага слова для азначэння герба ВКЛ «Пагоні» пачаўся ўжо ў XVII ст. Тым часам Канстанцін Шырвід прапаноўваў два словы — waykitoias (прыблізны пераклад з літ.: «чалавек, які ганяе каго-небудзь») і waykimas (прыблізны пераклад з літ.: «праследаванне»).[4]

У літоўскамоўнай літаратуры канца XVIII — пачатку XIX ст. «Пагоню» звычайна звалі Vaikymas (Праследаванне). У сярэдзіне XIX ст. Сіманас Даўкантас прапанаваў свой неалагізм výtis (з малой літары і з націскам на першым складзе), але не для азначэння «Пагоні» цалкам, а толькі для яе вершніка — рыцара. Для азначэння ж «Пагоні» цалкам слова «Vytís» (з вялікай літары і з націскам на другім складзе) упершыню ўжыў Мікалоюс Акелаіціс (Mikalojus Akelaitis) у 1884 годзе.[4]

Да канца XIX ст. слова «Vytis» стала агульнапрынятым у Літве для азначэння «Пагоні». Аднак, яшчэ працяглы час трывалі спрэчкі пра націскны склад — першы або другі. Толькі ў 1930-я гады з гэтым вызначыліся — спыніліся на «Výtis».[4]

Структура[правіць | правіць зыходнік]

На чырвоным фоне геральдычнага шчыта намаляваны сярэбраны вершнік у латах на белым кані, з паднятым у правай руцэ над галавой сярэбраным мячом. На левым плячы вершніка сіні шчыт з падвойным залатым крыжам. Сядло і аброць у каня сіняга колеру, дзяржальня мяча, страмёны, злучэнні збруі і іншыя дэталі — залатога колеру. У каня хвост падняты ўверх.

Выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

Карыстацца пячаткамі, бланкамі дакументаў, вокладкамі і тытульнымі старонкамі друкаваных выданняў з Гербам Літвы маюць права

  • Сейм Літвы і падначаленыя ўстановы,
  • Прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі, Урад Літвы і яго ўстановы, міністэрствы,
  • Банк Літвы,
  • Адміністрацыі начальнікаў паветаў,
  • Канстытуцыйны суд і суды, Генеральная пракуратура і тэрытарыяльныя пракуратуры,
  • Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі і яго тэрытарыяльныя падраздзяленні, Служба спецыяльных расследаванняў, установы паліцыі,
  • дыпламатычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы,
  • установы самакіравання, якія не маюць усталяваных афіцыйных гербаў, дзяржаўныя ўстановы адукацыі і навукі,
  • прыставы і натарыусы, некаторыя іншыя службовыя асобы (напрыклад, старасты ў мясцовасцях, дзе адсутнічаюць установы грамадзянскай метрыкацыі, выкарыстоўваюць гербавую пячатку пры рэгістрацыі смерці і здзяйсненні натарыяльных дзеянняў).

На пячатках вершнік (элемент дзяржаўнага герба) адлюстроўваецца без поля геральдычнага шчыта.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б Арлоў У., Герасімовіч Д. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. — ISBN 978-985-6919-82-7. С. 373.
  2. Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. — 176 с. — ISBN 985-6299-36-5. С. 155.
  3. Скобла М. Анатоль Цітоў: «Гербу „Пагоня“ — 730 гадоў» Архівавана 11 жніўня 2011., Радыё Свабода, 31 студзеня 2008 г.
  4. а б в Rimša 2004, p. 61-63.
  5. Aruodai. Lietuvių kultūros šaltinių elektroninis sąvadas (aruodai.lt)
  6. Герб Литвы 1990 года (aminoapps.com)
  7. Image: Litva COA 1990 (vector-images.com)
  8. Гербы Литовской Республики (heraldicum.ru)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]