Антанкарана

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Антанкарана
(Antankarana)
Жанчына антанкарана, XIX ст.
Агульная колькасць 216 тыс. (2024 г.)
Рэгіёны пражывання Мадагаскар
Мова малагасійская
Рэлігія культ продкаў, шаманізм, іслам, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іншыя малагасійцы

Антанкара́на (малагас. Antankarana, літаральна "тыя, што ў скалах"), або антакарана (Antakarana), танкарана (Tankarana) — этнічная група малагасійцаў. Насяляюць паўночную частку Мадагаскара. Агульная колькасць — 216 тыс. чал.[1]

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Продкамі антанкарана былі мігранты з Паўднёва-Усходняй Азіі і Ўсходняй Афрыкі. У XIV - XIX ст. моцны ўплыў таксама аказалі выхадцы з арабскіх краін, Індыі і Еўропы. Фарміраванню адзінай этнічнай групы з агульнай тоеснасцю спрыяла ізаляванасць тэрыторыі населенай антанкарана ад астатняга Мадагаскара, шырокія кантакты з вонкавым светам, а таксама супольная барацьба супраць заваёўнікаў сакалава, мерына і французаў у XVIII - пач. XX стст., што багата адлюстравана ў паданнях антанкарана.

У XVIII ст. склалася дзяржаўнае ўтварэнне з манархічнай формай кіравання. У XIX ст. манархі антанкарана прынялі іслам, што яшчэ больш адасобіла гэтую этнічную групу ад астатніх малагасійцаў. Але ў кан. XIX ст. антанкарана былі канчаткова заваяваны французамі, пазней іх тэрыторыі ўвайшлі ў склад незалежнага Мадагаскара.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Антанкарана традыцыйна займаюцца жывёлагадоўляй, важную ролю адыгрываюць лоў рыбы і кабатажнае суднаходства. Земляробства мае дадатковае значэнне і, у асноўным, забяспечвае мясцовыя патрэбы. Матэрыяльная культура блізкая да бецымісарака.

Адзінства і адасобленасць ад астатніх малагасійцаў захоўваецца дзякуючы атаесамленню з манархамі, якія ў наш час захоўваюць рытуальныя кіраўнічыя функцыі, а таксама шматлікім супольным святам. Найбольш важныя з іх - цангацайні, які праводзіцца раз на 5 гадоў і заснаваны на шанаванні прыродных аб'ектаў, а таксама штогадовае свята шанавання продкаў цакафара.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Размаўляюць на дыялекце малагасійскай мовы, блізкай да дыялектаў сакалава.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць антанкарана прытрымліваецца традыцыйных вераванняў, заснаваных на кульце продкаў. Распаўсюджаны шаманізм. Каля 15% спавядаюць хрысціянства (з іх 60% - каталікі, 35% - пратэстанты) і каля 6% - іслам. Іслам моцна паўплываў на традыцыйныя рэлігійныя вераванні.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]