Антон Антонавіч Шукелойць

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Антон Шукелойць)
Перайсці да: рух, знайсці
Антон Антонавіч Шукелойць
Род дзейнасці:

грамадскі дзеяч

Дата нараджэння:

19 ліпеня 1915(1915-07-19)

Месца нараджэння:

Якелеўшчына, Ашмянскі павет[d], Віленская губерня, Расійская імперыя

Дата смерці:

7 студзеня 2017(2017-01-07) (101 год)

Месца смерці:

Нью-Ёрк, ЗША

Антон Антонавіч Шукелойць, або Шукелойц (19 ліпеня 1915, в. Якелеўшчына Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Ашмянскі раён Гродзенскай вобл. — 7 студзеня 2017[1], Нью-Ёрк) — беларускі грамадскі дзеяч у ЗША.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і Антона і Бенедыкты з Пецюкевічаў. Бацька меў гаспадарку і гандляваў лесам. Скончыўшы Жупранскую пачатковую школу, паступіў у Ашмянскую польскую гімназію. Скончыў аддзяленне славянскай філалогіі і этнаграфіі гуманістычнага факультэта Універсітэта Стэфана Баторыя (1939). Падчас студэнцтва працаваў ва ўніверсітэцкім этнаграфічным музеі, часта выязджаў для збору матэрыялаў у розныя мясціны Беларусі.

У юнацтве далучыўся да грамадскага руху, падчас вучобы ў Ашмянскай польскай гімназіі быў сябрам беларускага гуртка сацыялістычнай моладзі, якім кіраваў вядомы ашмянскі сацыялістычны дзеяч адвакат Аляксандр Барановіч. У Вільні далучыўся да групы студэнтаў, якая выдавала часопіс беларускай сацыялістычнай думкі «Золак», ідэалагічна набліжаны да эсэраў. Ва ўніверсітэце быў сябрам беларускіх студэнцкіх арганізацый: Беларускага студэнцкага саюза, Таварыства прыяцеляў беларусаведы (у апошнім быў старшынёй). Спяваў у беларускім студэнцкім хоры пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы.

Па далучэнню Заходняй Беларусі да БССР у 1939 г. А. Шукелойць працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне. Арганізаваў у Ашмянах першую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы і каля 90 беларускіх школ на тэрыторыі былога Ашмянскага павета. Выкладаў беларускую мову ў гімназіі, дзе раней вучыўся сам. У 1940 г. стаў дэпутатам Ашмянскага гарадскога савета, загадчыкам гарадскога аддзела народнай асветы і школьным інспектарам-метадыстам Ашмянскага раёна.

23 чэрвеня 1941 арыштаваны органамі НКУС, вызваліўся з турмы ў выніку налёту нямецкай авіяцыі. Падчас нацысцкай акупацыі працаваў у аддзеле асветы і культуры Мінскай гарадской управы, дзе ўпарадкоўваў архівы ЗАГСа, часткова знішчаныя ў выніку ваенных дзеянняў. Затым стаў загадчыкам Беларускага гістарычнага музея (потым Краязнаўчы музей). Пасля арганізацыі ў Мінску Беларускага культурнага згуртавання А. Шукелойця прызначылі кіраўніком аддзела краязнаўства галоўнай управы. Урэшце быў школьным інспектарам пры аддзеле Беларускай цэнтральнай рады. З 1944 г. у Германіі.

Пасля вайны працаваў у сістэме адукацыі ў лагерах для перамешчаных асоб у Германіі. Спрабаваў адшукаць у Баварыі сляды вывезеных туды беларускіх музейных каштоўнасцей. У пачатку 1950-x гг. пераехаў у ЗША. Працаваў тавараведам пры Інстытуце вытворчасці моды, у краме вопраткі «Орбакг». Актыўны ўдзельнік жыцця беларускай дыяспары ў ЗША. Шматгадовы старшыня Беларуска-Амерыканскага задзіночання, член рэдакцыі газеты «Беларус», член Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

Аўтар дзясяткаў артыкулаў, успамінаў, некралогаў апублікаваных у газетах «Бацькаўшчына» і «Беларус». Апублікаваны матэрыялы А. Шукелойця пра лёс музейных фондаў вывезеных у час Другой сусветнай вайны з Беларусі ў Германію і Аўстрыю.

100-гадовы юбілей Антона Шукелойця ўрачыста адзначаўся 19 ліпеня 2015 беларускай грамадою ў Нью-Ёрку (урачыстасць ладзіў Бруклінскі аддзел БАЗА).

Памёр 7 студзеня 2017 года. Пахаваны 14 студзеня 2017 года на беларускіх могілках Божай Маці Жыровіцкай у Іст-Брансуіку ў штаце Нью-Джэрсі.[2]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9;
  • Мы гэтак шмат страцілі: [інтэрв'ю Ю.Хадыкі з А.Шукелойцам] // ЛіМ. 1991. 26 ліп.;
  • Пазняк З. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. — Варшава: «АРО», 2003. — ISBN 9955-9337-8-X;
  • Юрэвіч Л. Шукелойць Антон: Старонкі будучага даведніка // Кантакты і дыялогі, № 7-8. 2000.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]