Таварыства прыяцеляў беларусаведы
Таварыства прыяцеляў беларусаведы — навуковы гурток студэнтаў-беларусаў пры Віленскім універсітэце ў 1931—1939 г.
Кіруючы орган — «урад», які ў розны час узначальвалі В. Тумаш, Х. Ільяшэвіч, А. Шукелойц. Актыўны ўдзел у працы Таварыства прымалі М. Пецюкевіч, С. Станкевіч, І. Касяк, Ч. Будзька, Я. Клагіш, Я. Хвораст, С. Нарушэвіч і інш. Асноўнай мэтай лічыла «згуртаваць людзей, якія хочуць паглыбіць свае веды ў галіне беларусазнаўства, а таксама весці ў гэтым напрамку сістэматычную навуковую працу». У сваёй дзейнасці кіравалася статутам, зацверджаным сенатам універсітэта ў 1934. Знаходзілася пад апекай куратараў прафесара Э. Кашмідэра (да 1936) і інш. Мела 4 секцыі (філалагічную, этнаграфічную, гістарычна-эканамічную, літаратурную), у якіх рыхтавалі рэфераты (напр., у 1934 на 14 сходах зачытаны 16 рэфератаў), праводзілі дыскусіі. Арганізоўваліся этнаграфічныя экспедыцыі па тэрыторыі Заходняй Беларусі. Для гэтага былі падрыхтаваны спецыяльныя выданні: «Увагі… дзеля запісывання пахаронных абрадаў і абрадаў памінальных дзён» М. Пецюкевіча (1933), «Апытальнік да збірання дыялектычных і некаторых агульных асаблівасцей беларускай (крывіцкай) мовы» Я. Станкевіча (1935). Члены таварыства апрацоўвалі практычны польска-беларускі слоўнік, садзейнічалі ў краязнаўчай працы беларускім суполкам у Латвіі. 3 1935 пачалося стварэнне ўласнай бібліятэкі (у 1937 налічвалася больш за 500 кніг, шмат рукапісаў), арганізоўваліся канцэрты, часта з удзелам хору Р. Шырмы. Таварыства прыяцеляў беларусаведы было ініцыятарам розных урачыстасцей, у т.л. ў гонар 300-годдзя з дня смерці Л. Сапегі (1933). На літаратурных вечарынах чыталі свае творы М. Машара, Н. Арсеннева, Х. Ільяшэвіч, М. Танк, А. Бярозка, М. Васілёк і інш. Таварыства мела цесны кантакт з Беларускім студэнцкім саюзам, часопісам «Студэнцкая думка». Спыніла дзейнасць у верасні 1939 г.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вабішчэвіч А. Таварыства прыяцеляў беларусаведы // ЭГБ, Т.6, кн. І. — Мн., 2001.