Рыгор Раманавіч Шырма

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Рыгор Шырма)
Рыгор Раманавіч Шырма
Рыгор Шырма, 1939 г.
Рыгор Шырма, 1939 г.
Род дзейнасці публіцыст, літаратуразнавец, дырыжор, кампазітар, музыказнавец
Дата нараджэння 8 (20) студзеня 1892
Месца нараджэння
Дата смерці 23 сакавіка 1978(1978-03-23) (86 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Альма-матар
Партыя
Член у
Узнагароды і прэміі
Герой Сацыялістычнай Працы
ордэн Леніна ордэн Леніна ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга Ордэн «Знак Пашаны»
народны артыст СССР Народны артыст Беларускай ССР Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР Дзяржаўная прэмія БССР Дзяржаўная прэмія БССР
ордэн «Кірыл і Мяфодзій»
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Рыго́р Рама́навіч Шы́рма (8 (20) студзеня 1892, в. Шакуны, цяпер Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць — 23 сакавіка 1978, Мінск) — беларускі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, фалькларыст, грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец.

Дзеяч беларускага культурнага і палітычнага руху ў Заходняй Беларусі, арганізатар беларускіх хораў у Вільні. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (1939—1970). Сабраў больш за 2 тысячы беларускіх народных песень. Выдаў першыя зборнікі Міхася Васілька, Максіма Танка, Сяргея Крыўца.

Прозвішча[правіць | правіць зыходнік]

Прозвішча Шырма таго ж паходжання, што і літоўскія антрапонімы (прозвішчы) Šìrma (Širmà), Širmelis, Širmulis, Širmonis, якія звязаныя з літоўскім širmas «сівы; шэраваты»[1]. Прозвішча вядомае ўжо ў XVI—XVII стагоддзях[2].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Маладыя гады[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 8 (20) студзеня 1892 года ў вёсцы Шакуны Пружанскага павета Гродзенскай губерні[3]. У вялікай сям’і Рыгора Шырмы спевакамі былі ўсе, пачынаючы з бондара дзеда Васіля па мянушцы Майстровіч. Добра спявалі дзянна[4] Ганна Іванаўна Шырма, яе дачка Алеся. Найлепшыя калыханкі Шырма пачуў ад маці Тэадоры Дзям’янаўны. Таленавітым выканаўцам быў бацька Раман Васільевіч (~1863—1947), які двойчы прызываўся ў расійскую армію і ведаў багата казацкіх, рэкруцкіх і салдацкіх песень. Праз беднасць сям’і з шасцігадовага ўзросту Рыгору Шырму даводзілася працаваць па найме, першую асвету атрымаў у «школе граматы», дзе працавалі найманыя настаўнікі. Адзін з настаўнікаў-семінарыстаў добра ведаў спевы, і Рыгор у гэты час пачаў спяваць у хоры.

У 1904 употай ад бацькі з 15 капейкамі ў кішэні Шырма пешкі накіраваўся ў Пружаны, каб паступіць у гарадское вучылішча  (бел. (тар.)). Праз год стаў найлепшым вучнем, іграў на струнных інструментах і ўдзельнічаў у аркестры і хоры вучылішча. На светапоглядзе Шырмы адбілася тое, што ў хоры не спявалі беларускія песні[5]. Скончыў школу на выдатна.

Цягу Шырмы да народнай паэзіі заўважыў настаўнік літаратуры Манцэвіч, ён заахвоціў вучня запісваць песні. Спачатку гэта былі запісы ад Ганны Дудзейкі, у якой кватараваў юнак, пазней і ад іншых спевакоў. У 1907 годзе, у час летніх вакацый, Рыгор Шырма пешшу адправіўся ў сваю першую фальклорную вандроўку па Белавежскай пушчы, дзе запісаў беларускія народныя песні «Ой, не вылятай, сіва зязюлька», «Я з казаком стаяла», «Там за гаем». Добрай песенніцай была бацькава сястра Захвея Васілеўна (па мужы Хвораст, маці Янкі Хвораста) з вёскі Кацёлкі. Звычайна яе запрашалі на ўсе ўрачыстасці як першую спявачку. Акрамя такіх народных песень, як восеньская «Ой, не вылятай, сіва зязюлька», Шырма запісаў ад яе радзінны і вясельны абрады. Пра багацце паэтычнай душы цёткі Захвеі ён напіша ў 1941 годзе ў артыкуле «Выдатная песенніца з народу». Агулам Шырма запісаў ад яе 150 песень.

Падчас навучання на двухгадовых настаўніцкіх курсах у Свянцянах у 1911—1912 гадах Шырма праходзіць сальфеджыа, вучыцца іграць на скрыпцы, арганізуе настаўніцкі хор. Адначасова ён спрабуе запісваць мелодыі. Пасля сканчэння курсаў настаўнічаў у Лідскім і Свянцянскім (вёска Ганута сённяшняга Вілейскага раёна)[6] паветах. Больш плённа канцэртная работа працягнулася ў Седлецкім настаўніцкім інстытуце (1914), які на той час быў эвакуіраваны спачатку ў Маскву і Яраслаўль, а потым у Варонеж (скончыў у 1918). Ладзячы канцэрты, яго засмучала тое, што ён не мог знайсці аніводнай апрацоўкі беларускай народнай песні. Усе запісы, зробленыя Шырмам да Першай сусветнай вайны, згарэлі разам з хатай у Шакунах.

Настаўніцкая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

У канцы Першай сусветнай вайны мабілізаваны ў расійскую армію, скончыў Чугуеўскае ваеннае вучылішча  (руск.) на Харкаўшчыне. Служыў у званні прапаршчыка ў Туркестане.

У 1918 годзе па накіраванні Беларускага нацыянальнага камісарыяту едзе арганізоўваць школу ў сяле Навагольскім  (руск.) Новахапёрскага павета  (руск.) Варонежскай губерні Расіі, куды выехалі перад вайной яго бацькі. Выкладаў псіхалогію, педагогіку і славеснасць, адначасова загадваў валаснымі аддзеламі адукацыі і культуры (да лета 1922[7]). Сабраў і арганізаваў школьную бібліятэку, хор, драматычны гурток, ладзіў літаратурныя вечары. «Светам свайго юнацтва» назваў яго навагольскі вучань, расійскі пісьменнік, аўтар аповесці «Белы Бім Чорнае вуха  (руск.)» Гаўрыіл Траяпольскі  (руск.)[8] і казаў, што «не стаў бы пісьменнікам, калі б не сустрэў Рыгора Раманавіча. Ён навучыў нас думаць над прачытаным»[9][10].

На другі год існавання школы Рыгора Шырму прызвалі ў Чырвоную армію, але неўзабаве вярнуўся да настаўніцкай дзейнасці. У Навагольскім Рыгор Шырма пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, таксама школьнай настаўніцай Клаўдзіяй Іванаўнай Раеўскай. Пасля шлюбу яна сваё жыццё звязала з беларускай народнай песняй, трыццаць гадоў праспявала ў капэле[11].

Вяртанне на радзіму[правіць | правіць зыходнік]

Улетку 1922 вярнуўся ў родныя Шакуны Пружанскага павета, якія пасля Рыжскага падзелу адышлі да Польшчы. Тут уключыўся ў палітычную дзейнасць, вёў работу ў Беларускім выбарчым камітэце. Каб пракарміць сям’ю (у іх з жонкай Клаўдзіяй Іванаўнай Раеўскай 22 верасня нарадзілася дачка Алена), давялося пэўны час працаваць на лесараспрацоўцы, аднак неўзабаве і адтуль Шырма быў звольнены за беларускую дзейнасць і «дрэнны ўплыў на рабочых»[11]. Пад канец 1922 года Шырма прыняў прапанову стаць рэгентам хору пружанскага Аляксандра-Неўскага сабора[7].

У 1924 годзе Шырма арганізаваў у Пружанах хор, запісвае народныя песні і заахвочвае да гэтай працы здольных людзей, ладзіць канцэрты, пераносіць на заходнебеларускую глебу «Беларускія вечарынкі». Каб паліцыя не магла іх забараніць, яны ладзіліся пад выглядам «Вечароў славянскай песні», а ў праграму ўключаліся і польскія народныя спевы. Хутка выступы хору і імя яго кіраўніка становяцца вядомымі ў Заходняй Беларусі.

Паваротным для Шырмы стаў канцэрт у Пружанах, на якім прысутнічаў Браніслаў Тарашкевіч, кіраўнік БСРГ. Пазнаёміўшыся з фальклорнымі запісамі Шырмы, сам вядомы філолаг, Тарашкевіч убачыў у Шырму чалавека, здольнага весці культурна-асветную працу ў Заходняй Беларусі.

Віленскі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

У 1925 годзе Шырма атрымаў польскі пашпарт (дзе быў запісаны «палешуком») і дазвол на выкладанне ў пачатковых школах Закону Божага. У 1926 пераехаў у Вільню. Працуе ў сакратарыяце БСРГ, выхавацелем у інтэрнаце для хлопчыкаў Віленскай беларускай гімназіі. З 1926 года выкладае ў Віленскай беларускай гімназіі спевы і арганізуе хор. У гэтым самым годзе стаў першым кіраўніком народнай капэлы ў Дзяляцічах ля Наваградка[12]. Пазней некаторыя яе ўдзельнікі трапілі ў хор Рыгора Шырмы. Пасля таго, як яго звольнілі з гімназіі, працаваў у Віленскім універсітэце[11], стварыў хор Беларускага студэнцкага саюза пры ім.

Будучы паплечнік і найбольш паслядоўны вучань Шырмы, арганізатар Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору БССР Генадзь Цітовіч напіша:

1926 год… Мая першая віленская восень. Бязмэтна блукаю па квадраце сціснутага манастырскімі сценамі двара. І раптам з напаўадчыненага акна палілася беларуская народная песня, за ёю другая, трэцяя. Чымсьці родным, блізкім дыхнула на мяне. «Сасна»? Ды гэтую ж песню і ў нас спяваюць… Але тут прыгажэй! «Перапёлачку» я ўжо слухаю ў зале, захаваўшыся ў далёкім вугалку, — таму што перад хорам строгі рэгент… Закончылася гэта генеральная рэпетыцыя, і куды дзелася сур’ёзнасць кіраўніка. Ён стаіць цяпер з дабрадушнай усмешкай у акружэнні моладзі, а тую дзяўчыну, што запявала «Зязюльку», па-бацькоўску нават па галоўцы пагладзіў. Ад выходзячых я даведаўся, што гэты рэгент — Шырма, беларускі пясняр. Сказалі гэта, ды яшчэ на мяне насмешліва: маўляў, хто ты такі, што Шырмы не знаеш!
Хор Прачысценскага сабора ў Вільні. Сядзіць крайні справа — Рыгор Шырма.
Дом па вул. Св. Ганны, 13, у якім жыў Рыгор Шырма.
Галоўная ўправа Таварыства беларускай школы. Стаіць крайні злева — Рыгор Шырма

Каб захаваць Шырму для культурна-асветнай легальнай працы (паводле Рыжскага дагавора Польшча абавязалася захаваць культурную аўтаномію нацыянальных меншасцяў), Браніслаў Тарашкевіч рэкамендаваў яму не ўступаць афіцыйна ні ў БСРГ, ні ў КПЗБ. З 1927 года Шырма ўзначаліў Таварыства беларускай школы (ТБШ) і заставаўся сакратаром Галоўнай управы аж да забароны арганізацыі ў 1936 годзе. За гэты час ён аб’ехаў усю Заходнюю Беларусь, наладжваў гурткі ТБШ і хоры, школы з беларускай мовай навучання, дапамагаў ставіць спектаклі. Адначасна служыў рэгентам у віленскім Прачысценскім саборы, ад якога атрымаў кватэру на першым паверсе хаты па адрасе вул. Святой Ганны, 13. На гэтым будынку цяпер вісіць памятная дошка[13]. У часе царкоўных святаў хор пад кіраўніцтвам Шырмы выконваў беларускія рэлігійныя песні ў Прачысценскім саборы[14].

Шырма шукаў кампазітараў для апрацоўкі народных песень, знайшоў для гэтага такіх майстроў як расійскі кампазітар Аляксандр Грачанінаў у Парыжы і ўкраінскіх Аляксандра Кошыца  (укр.) і Міхайлу Гайваронскага  (укр.) ў Нью-Ёрку[8]. Аляксандр Грачанінаў актыўна ліставаўся з Рыгорам Шырмам, захаваліся 17 ягоных апрацовак беларускіх народных песень для голасу і фартэпіяна, і яшчэ 11 для мяшанага хору. Ён таксама напісаў «Беларускую рапсодыю» для сімфанічнага аркестру, п’есу для скрыпкі на тэму калядкі з Пружанскага павета «Дар Белай Русі», музыку для п’есы Васіля Шашалевіча «Апраметная» (пастаўленая ў БДТ-2 у 1926).

Вільня, Віленскі ўніверсітэт, 1931 г. Удзельнікі хору Беларускага студэнцкага саюза пад кіраваннем Рыгора Шырмы і з удзелам Міхася Забэйды-Суміцкага. На фоне беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня

У Вільні Рыгор Шырма сябраваў з беларускім кампазітарам Канстанцінам Галкоўскім, які апрацаваў чатыры беларускія песні — «Там пад гаем зеляненькім», «Ой, маці, маці», «Пайшла дзяўчынка ў лес за грыбамі», «Ой, чумача, чумача» — запісаныя Шырмам у Шакунах. Атрыманыя ад гэтых асоб апрацоўкі адразу правяраліся ў хорах гімназіі ў другой палове 1920-х і Беларускага саюза студэнтаў у 1930-я гады. Апошні, заснаваны Шырмам у 1931 годзе, пасля таго, як з ім стаў выступаць Міхась Забэйда-Суміцкі[8], стаў папулярным у Заходняй Беларусі. Хор студэнцкага саюза часта выступаў у Вільні для моладзі, вернікаў розных рэлігій, простых гараджан.

Шырма выдаў для школьных і самадзейных хораў зборнікі «Беларускія народныя песні» (1929) і «Наша песня» (1938). У 1927 годзе выпусціў зборнік вершаў «Шум баравы», а ў 1936 годзе — «З сялянскіх ніў» папулярнага ў Заходняй Беларусі паэта Міхася Васілька. Выдаў першы зборнік Максіма Танка «На этапах» (1936), а затым два наступныя зборнікі «Журавінавы цвет» (1937) і «Пад мачтай» (1938). Прапагандаваў творчасць сваіх вучняў-гімназістаў Алеся Салагуба і Валянціна Таўлая, выдаваў таксама кнігі Сяргея Крыўца.

Рыгор Шырма за беларускую і сацыялістычную дзейнасць пераследаваўся польскімі ўладамі. У 1928 годзе звольнены з Віленскай беларускай гімназіі «за наладжванне камсамольскіх ячэек», тройчы трапляў у судовыя працэсы ў першай палове 1930-х гадоў. З 16 кастрычніка да 22 снежня 1930 года быў пад арыштам па абвінавачванні ў антыдзяржаўнай дзейнасці[15].

«Літаратурная гарбатка» на кватэры Антона Неканды-Трэпкі ў Вільні, 1936 г. Злева направа: 1-шы шэраг— Мікола Шчорс, невядомая; 2-гі шэраг — Антон Неканда-Трэпка, Вячаслаў Багдановіч, Канстанцін Галкоўскі, Міхась Забэйда-Суміцкі, Рыгор Шырма, Антон Луцкевіч; 3-ці шэраг — Сяргей Паўловіч, Максім Танк, Станіслаў Станкевіч, а. Станіслаў Глякоўскі, Ян Станкевіч.

За выхад з ТБШ Шырму прапаноўвалі пэўныя выгоды. Паводле Шырмы віленскі ваявода Бацянскі прапанаваў яму прадаць фальклорныя запісы, каб перакласці іх і выдаць як польскія, на што збіральнік гнеўна адказаў: «Каб перакласці народныя песні, трэба геній Адама Міцкевіча, а так як у вас яго няма, то гэта будзе тое самае, што абліць гэты белы абрус атрамантам!». У пэўны час была выдадзеная фальсіфікацыя, што Шырма з’яўляецца агентам дэфензівы, але прагрэсіўная грамадскасць на яе не паддалася. Судовыя акцыі, пераследы цягнуліся да далучэння Заходняй Беларусі да БССР. Сядзеў у вядомай турме «Лукішкі».

Паводле Шырмы, пасля пачатку Другой сусветнай вайны польскія баевікі паводле загаду эміграцыйнага лонданскага ўраду нібыта намагаліся забіць яго, але не здолелі знайсці яго на здымнай кватэры ў Беластоку, ані ў Шакунах[11].

З літаратуразнаўчымі артыкуламі і рэцэнзіямі пачаў выступаць у друку з 1933 года. У 1933 годзе разам з Феліксам Стацкевічам пачаў выдаваць часопіс «Летапіс ТБШ» (з 1936 «Беларускі летапіс»), у 1939 годзе стаў супрацоўнікам «Калосся». Наладжваў беларускія музычныя перадачы на польскім радыё, у сярэдзіне 1930-х адным падтрымаў праграму антыфашысцкага Народнага фронту, актыўна супрацоўнічаў як публіцыст з газетай КПЗБ «Наша воля».

Савецкі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

З пачаткам Другой сусветнай вайны, у выніку паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну, які пачаўся 17 верасня 1939 года, гэтыя тэрыторыі былі далучаныя да СССР. З1 лістапада 1939 года савецкія ўлады ўручылі Рыгору Шырму мандат на стварэнне прафесійнага калектыву. Шырма збірае вакол сябе таленавітых спевакоў, у тым ліку і многіх былых удзельнікаў віленскіх хораў, і пачынае мэтанакіраваную працу з імі ў Беластоку (тагачасны цэнтр Беластоцкай вобласці БССР). У канцы 1940 года Беларускі ансамбль песні і танцу пад яго кіраўніцтвам выступае ў Мінску, а ў траўні 1941 года — на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве.

Дом Уніхоўскага ў Мінску на плошчы Незалежнасці, у якім жыў Рыгор Шырма

У час нападу Германіі на СССР калектыў знаходзіўся на гастролях у РСФСР, адкуль паехалі на Каўказ, а пасля ў Краснаярск. Тут Рыгор Шырма быў арыштаваны НКВД і сядзеў у турме да сакавіка 1942 года. Пасля перавезены на Лубянку  (руск.), дзе допыты ладзіліся да жніўня. Вызвалены паводле хадайніцтва Якуба Коласа перад Панцеляймонам Панамарэнкам і высланы пад нагляд органаў НКУС у Паўночны Казахстан, дзе працаваў настаўнікам сярэдняй школы.

У 1943 годзе Рыгор Шырма атрымаў дазвол выехаць да жонкі, якая знаходзілася з капэлай на гастролях. У ліпені 1944 года ансамбль вярнуўся ў Мінск. З восені 1944 плённа працуе ў Гродне. Шырма заняўся падрыхтоўчай працай па пераўтварэнні ансамбля ў акадэмічны хор. Ён прыцягнуў да мастацкай апрацоўкі народных песень беларускіх кампазітараў Мікалая Аладава, Анатоля Багатырова, Яўгена Цікоцкага, Пятра Падкавырава, Рыгора Пукста, Уладзіміра Алоўнікава, Васіля Яфімава, Несцера Сакалоўскага, Самуіла Палонскага, Дзмітрыя Лукаса, Эдзі Тырманд, І. Кузняцова, а таксама прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў Васіля Залатарова, Вісарыёна Шабаліна  (руск.), Андрэя Пашчанкі, Дзмітрыя Васільева-Буглая  (руск.), Рыгора Лабачова, Аляксея Копасава, Мікалая Калесу  (руск.), Міхаіла Верыкоўскага  (укр.), Аляксандра Ленскага, Аляксандра Фляркоўскага  (руск.), Галіну Смірнову, Віктара Белага, Якава Саладуху  (руск.), Марыяна Каваля  (руск.), Яніса Мядзіньша  (англ.) і інш[16].

У 1950 годзе хор рэарганізаваны ў Дзяржаўны хор БССР. У 1952 годзе Дзяржаўны хор пераязджае ў Мінск, а ў 1955 годзе з поспехам выступае на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве, пасля якой Шырму было прысвоена званне Народнага артыста БССР. Яго ансамбль атрымаў назву Дзяржаўная харавая капэла Беларускай ССР (з 1957 — Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР).

У 1964 годзе стаў адным з заснавальнікаў грамадскай арганізацыі «Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом». У 1970 годзе пад ціскам вымушаны быў падаць на звальненне з пасады мастацкага кіраўніка капэлы[17]. У адным са сваіх інтэрв’ю палітык Зянон Пазняк згадвае, як у сярэдзіне 1970-х прыйшоў да Рыгора Шырмы з просьбай падпісаць зварот да Брэжнева ў абарону ад зруйнавання старога Мінска. Шырма не адмовіўся ад подпісу, нягледзячы на тое, што яго сяброўскія стасункі з Машэравым, тагачасным першым сакратаром ЦК КПБ, пагоршыліся, але руйнаванне спынілася[8].

У 1966—1978 гадах старшыня праўлення Саюза кампазітараў БССР і сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР  (руск.). Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 4 — 9 скліканняў (1955—1978). Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1966 года.

Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Першы песенны зборнік Рыгора Шырмы ў мастацкім афармленні Язэпа Горыда
  • «Беларускія народныя песні» (1929)
  • «Наша песня» (1938)
  • «Беларускія народныя песні, загадкі і прыказкі» (1947)
  • «Беларускія песні» (1955)
  • «Школьны спеўнік» (1957)
  • «Выбраныя песні з рэпертуару Дзяржаўнага хору БССР» (1958)
  • «Дзвесце беларускіх народных песень» (1958)
  • «Беларускія народныя песні» (т. 1, 1959; т. 2, 1960; т. 3, 1962; т. 4, 1976)
  • «Спявае Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР» (1966)
  • «Беларускія народныя песні (для хору)» (т. 1, 1971; т. 2, 1973)[18]
  • «Песня — душа народа: Публіцыстыка; Фальклёр; Музыка; Літаратура: 1929—1939; 1944—1974» — Мн., 1976;
  • «Песня — душа народа: З літаратурнай спадчыны». Мн., 1993.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Памятная дошка на доме па вул. Св. Ганны ў Вільні, дзе жыў Рыгор Шырма

Заснаваная Рыгорам Шырмам харавая капэла ў 1978 годзе атрымала ягонае імя.

Імя Рыгора Раманавіча Шырмы носяць Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Беларусі, Пружанская дзіцячая школа мастацтваў[19], Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 8 г. Мінска[20] і Брэсцкі музычны каледж[21]. Якаў Малайчук стварыў у Пружанах музей Рыгора Шырмы[19], у сярэдняй школе № 150 Мінска харавой спецыялізацыяй створаная экспазіцыя, прысвечаная кампазітару.

Адна з цэнтральных вуліц Пружанаў носіць яго імя, у 2008 годзе імем Рыгора Шырмы названая вуліца ў Мінску.

Мемарыяльныя дошкі месцяцца на дамах, дзе ён жыў, у Вільні, Гродне[22], Мінску.

Шырму прысвечаны верш Ніла Гілевіча «Сэрца дзядзькі Рыгора»[23]

У філатэліі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Lietuvių pavardžių žodynas. L-Ž. Vilnius, 1989. С. 937—938.
  2. М. В. Бірыла. Беларуская антрапанімія. Мінск, 1969. С. 492.
  3. Васіль Жураў. Рыгор Шырма: вялікі ў славе і просты ў жыцці // Звязда. Архівавана з першакрыніцы 24 сакавіка 2012.
  4. дзядзькава жонка
  5. Рыгор Шырма / складальнік В. Дз. Ліцьвінка. — Мн.: «Беларусь», 1990. — С. 5.
  6. Барыс С. В., Рогач А. В. Нарачанка і яе берагі. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2013. — С. 649. — 712 с. — 99 экз. — ISBN 978-985-6992-37-0.
  7. а б Евгений Днепровский.. Красный псаломщик (руск.). Гістарычная брама №1 (25) 2010 г.. Праверана 11 студзеня 2012.
  8. а б в г Глазов. Архіўная копія (руск.)(недаступная спасылка). Брестский курьер. Архівавана з першакрыніцы 17 красавіка 2014. Праверана 29 ліпеня 2013.
  9. Троепольский Гавриил: "Ищите друга!" (руск.). Тэлеканал Культура. Праверана 29 лістапада 2005.(недаступная спасылка)
  10. Гавриил ТРОЕПОЛЬСКИЙ. ВЕРЮ В СОВЕРШЕНСТВОВАНИЕ ЧЕЛОВЕКА (руск.).
  11. а б в г Васіль Ліцьвінка. Шырма расказвае пра сябе… Ч. 2 // Раённыя будні. — 21 сакавіка 2012. — № 23 (9469). — С. 5.
  12. Архіўная копія(недаступная спасылка). Культура. Замкавая гара. Архівавана з першакрыніцы 3 мая 2006. Праверана 29 ліпеня 2013.
  13. Андрэй Вашкевіч. Віктар Роўда: «Шырма „пілаваў“ на скрыпцы, аднак хор у яго спяваў ідэальна» // Народная воля. — 20 студзеня 2010. Архівавана з першакрыніцы 20 ліпеня 2011.
  14. Хроніка // Голас Праваслаўнага Беларуса : часопіс. — 1931. — Т. -. — № 2. — С. 22.
  15. Sprawozdanie z życia mniejszości narodowych za IV kwartał 1930 roku. Wyd. 1931. — s. 64.
  16. ШИРМА Григорий Романович (руск.). Белорусский хоровой портал. Праверана 13 лютага 2012.
  17. Васіль Ліцьвінка. Шырма расказвае пра сябе… Ч. 3 // Раённыя будні. — 4 красавіка 2012. — № 27 (9473). — С. 5.
  18. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. — С. 406.
  19. а б Інеса Галаўніцкая. Дзве пяцёркі прафесіяналаў // Культура.
  20. http://uk.minsk.gov.by/shkoly/185-guo-detskaya-muzykalnaya-shkola-iskusstv-8-im-g-r-shirmy-g-minska ДУА «Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 8 імя Г. Р. Ширмы г. Мінска»
  21. Постановление Кабинета Министров Республики Беларусь от 12 августа 1994 г. №14 «О присвоении имени Григория Ширмы Брестскому музыкальному колледжу». (руск.). Права — заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Валерый Леванеўскі. Праверана 13 лютага 2012.
  22. Віктар Парфёненка, Ганна Васілевіч.. Рыгору Шырму — 120 гадоў. Радыё Рацыя (20 студзеня 2012). Праверана 13 лютага 2012.
  23. Песняю песень у сэрцы — Радзiма Архівавана 5 сакавіка 2016.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]