Перайсці да зместу

Аперацыя «Канцэрт»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аперацыя «Канцэрт»
Асноўны канфлікт: Вялікая Айчынная вайна
Дата 19 верасня — канец кастрычніка 1943
Месца БССР, Прыбалтыка, Карэлія, Крым, Ленінградская і Калінінская вобласці
Вынік савецкія партызаны дасягнулі сваёй мэты
Праціўнікі
 СССР  Трэці рэйх

Аперацыя «Канцэрт» — кодавае найменне аперацыі савецкіх партызан, якая праводзілася з 19 верасня па канец кастрычніка 1943 года. Працяг аперацыі «Рэйкавая вайна». Мэта — вывад з ладу вялікіх участкаў чыгуначных шляхоў для зрыву воінскіх перавозак праціўніка.

У акцыях удзельнічала 193 партызанскія фарміраванні (звыш 120 тысяч чалавек) Беларусі, Прыбалтыкі, Карэліі, Крыма, Ленінградскай і Калінінскай абласцей. Працягласць па фронце каля 900 кіламетраў (выключаючы Карэлію і Крым) і ў глыбіню звыш 400 кіламетраў. Дадзеная аперацыя была цесна звязана з наступленнем савецкіх войск на Смаленскім і Гомельскім напрамках і бітвай за Дняпро. Кіраўніцтва ажыццяўляў Цэнтральны штаб партызанскага руху.

Кожнае партызанскае фарміраванне атрымала канкрэтную баявую задачу. Было наладжана масавае навучанне партызан мінна-падрыўной справе.

Частка партызанскіх брыгад выйшла на зыходныя рубяжы і ў ноч на 19 верасня нанесла ўдар па чыгуначных камунікацыях. Асноўная маса фарміраванняў пачала акцыі ў ноч на 25 верасня. Нямецкае камандаванне зрабіла намаганні для аднаўлення руху па чыгунцы: у Беларусь былі перакінутыя новыя чыгуначныя аднаўленчыя батальёны, на рамонтныя работы зганялася мясцовае насельніцтва. З Польшчы, Чэхаславакіі, Германіі дастаўлялі рэйкі і шпалы, але партызаны зноў выводзілі са строю адрамантаваныя ўчасткі. Аперацыя была спыненая праз адсутнасць выбухоўкі (у сувязі з пагаршэннем надвор’я савецкая авіяцыя да 19 верасня даставіла партызанам толькі 50 адсоткаў запланаваных грузаў).

Тым не менш, у ходзе аперацыі падарвана каля 150 тысяч рэек. Толькі беларускія партызаны падарвалі каля 90 тысяч рэек, 1041 цягнік, узарвалі 72 чыгуначныя масты, разграмілі 58 гарнізонаў. Прапускная здольнасць чыгунак знізілася на 35—40 працэнтаў, што значна абцяжарыла перагрупоўку нямецкіх войск і аказала вялікую дапамогу Чырвонай Арміі.

Як адзначаў вядомы савецкі дыверсант Ілля Старынаў, пераключэнне асноўных намаганняў партызан на знішчэнне рэек пры недахопе выбухоўкі (з-за чаго прыйшлося адмяніць зімовы этап аперацыі) прывяло да скарачэння крушэнняў цягнікоў і павелічэнню прапускной здольнасці дарог, але абцяжарыла іх аднаўленне Чырвонай Арміяй у ходзе наступлення[1].

  1. И. Г. Старинов. Ошибки партизанской войны. / Малая война. Организация и тактика боевых действий малых подразделений. — Мн.: Харвест, 2003. — С. 173—174.
  • Великая Отечественная война, 1941—1945 : (ru). — 1985. — С. 367.
  • Рельсовая война // Железнодорожный транспорт: энциклопедия / гл. ред. Н. С. Конарев. — М.: Большая российская энциклопедия, 1994. — С. 363. — ISBN 5-85270-115-7.