Армянскі корпус
Добраахвотніцкі армянскі корпус — ваярскае злучэнне (пяхотны корпус) Рускай арміі ў час Першай сусветнай вайны.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]З першых дзён Першай сусветнай вайны мноства армян, як расійскіх падданых, гэтак тых, якія жылі за межамі Расійскай імперыі, жадалі пайсці добраахвотнікамі на службу ў рускую армію. Фармаванне армянскіх добраахвотніцкіх дружын пачалося ў верасні і галоўным чынам было скончана пад канец кастрычніка—лістапада 1914 года. Усяго было сфармавана чатыры дружыны агульнай колькасцю да 9 тысяч салдатаў і афіцэраў. Першая партыя армянскіх добраахвотнікаў з ЗША адправілася ў Расію 12 сакавіка 1915 года. Яны з вялікімі цяжкасцямі прыбылі ў Архангельск, адкуль былі скіраваны на Каўказскі фронт. Другая партыя па гэтым жа маршруту адбыла 10 мая, а трэцяя — 21 лістапада 1915 года.
Надалей армянскія добраахвотніцкія дружыны былі ператвораны ў асобныя батальёны, лік іх узрос да шасці, а да сярэдзіны ліпеня 1917 года па прапанове армянскіх грамадскіх арганізацый Санкт-Пецярбурга і Тыфліса яны былі разгорнены ў палкі.
Да кастрычніка 1917 года дзеялі ўжо дзве армянскія дывізіі. 13 снежня 1917 года новы галоўнакамандуючы Каўказскім фронтам генерал-маёр Яўген Лебядзінскі утварыў добраахвотніцкі армянскі корпус, камандуючым якога быў прызначаны генерал Фама Назарбекаў, а начальнікам штаба — генерал Яўген Яўгенавіч Вышынскі (былы камандзір 13-га грэнадзёрскага Эрыванскага палка). Па просьбе Армянскага нацыянальнага савета асобым камісарам пры камандуючым Назарбекаве быў прызначаны «генерал Дро».
Да канца 1917 года армянскі корпус быў сфармаваны ў наступным складзе:
- 1-я дывізія (генерал-маёр Міхаіл Арэшаў);
- 2-я дывізія (палкоўнік Маўсес Сілікаў);
- конная брыгада (палкоўнік Гарганян);
- Западноармянская дывізія (генерал-маёр Андранік Азанян);
- Ларыйскі, Шушынскі, Ахалкалакскі і Хазахскі палкі.
Апроч таго, у корпус уваходзіла язідская конніца Джангіра-Агі.
Цягам 1917 года руская армія паступова раскладалася, салдаты дэзерціравалі, адпраўляючыся па хатах, і да канца года Каўказскі фронт апынуўся развалены цалкам.
5 (18) снежня 1917 года паміж расійскімі і турэцкімі войскамі было складзена так званае Эрзінджанскае перамір’е. Гэта прывяло да масавага адыходу рускіх войскаў з Заходняй (Турэцкай) Арменіі на тэрыторыю Расіі. Да пачатку 1918 года турэцкім сілам фактычна супрацьстаялі толькі некалькі тысяч каўказскіх (галоўным чынам армянскіх) добраахвотнікаў пад камандай двухсот афіцэраў.
У красавіку 1918 года Закаўказскі сойм абвясціў Закаўказскую Дэмакратычную Федэратыўную Рэспубліку. Асманская імперыя прызнала яе і ў маі склала з ёй перамір’е. Армянскі корпус выцягнуўся ў адну лінію ўздоўж новай армяна-турэцкай мяжы. Аднак 15 мая турэцкія войскі парушылі перамір'е і пачалі наступ. У Кара-Кіліскай, Баш-Абаранскай і Сардарапацкай бітвах армянскі корпус нанёс параза турэцкім войскам і спыніў пасоўванне праціўніка ўглыб Усходняй Арменіі.