Асманская жэставая мова

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Асманскі глухі (1657)

Асманская жэставая мова — жэставая мова, якая выкарыстоўвалася ў асманскім палацы ў Стамбуле з XV па XVIII стагоддзе. Жэставую мову называлі ixarette, ад асманскага ișaret («знак»)[1].

Пасля захопу Канстанцінопаля султан Мехмед II увёў новыя правілы знаходжання ў палацы. Султану яны прадпісвалі цішыню і адасабленне: лічылася, што правіцель мусіць амаль увесь час праводзіць у сваіх пакоях ва ўнутраным двары палаца Тапкапы і зусім рэдка з’яўляцца на публіцы. Толькі самыя высокапастаўленыя госці атрымлівалі права сустрэцца з султанам у палацы ў абстаноўцы маўчання, якое парушаў толькі шум фантана[2].

Калі захаванне цішыні мае важнае цырыманіяльнае значэнне, няздольнасць да вуснага маўлення аказваецца спрыяльнай рысай для слуг[3][4]. Звычай трымаць пры двары людзей з асаблівасцямі развіцця, часцей за ўсё карлікаў, у якасці блазна быў распаўсюджаны па ўсім свеце[5], аднак у Асманскай імперыі нямыя мелі абавязкі скрытных слуг, ахоўнікаў, катаў, кур’ераў[3], па некаторых даных — і наёмных забойцаў[4]. З дапамогай навыку чытання па вуснах маўклівыя слугі маглі даведвацца, пра што гутараць наведвальнікі палаца[3], а іх няздольнасць вусна размаўляць гарантавала, што яны не выдадуць канфідэнцыяльную інфармацыю за межы палаца, таму яны маглі прысутнічаць нават на сакрэтных сходах[6]. «Палацавыя нямыя» (па-асманску dilsiz, літаральна «без’языкія») згадваюцца ў справаздачах аб плацяжах і абмундзіраванні ўжо ў 1470-х гадах у часы праўлення султана Мехмеда II[1][4]. Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што нямыя з’явіліся пры двары яшчэ раней, пры султане Баязідзе I (1389—1402)[4]. Вядома, што ў якасці нямых пасады пры двары атрымлівалі як глухія ад нараджэння людзі, так і тыя, каму ампутавалі язык[3].

У палацы апынулася вялікая колькасць слуг, няздольных да вуснага маўлення. У прыватнасці, да 1580-х гадоў іх колькасць ацэньваецца ў 15-20 чалавек; затым агульная колькасць персаналу палаца ўзрасла з 7000 да 11000 чалавек, павялічылася і колькасць «палацавых нямых»[4]. У 1600 годзе брытанскі будаўнік арганаў Томас Далам[en], які даставіў у падарунак султану Мехмеду III музычны інструмент ад каралевы Лізаветы I, назіраў пры двары каля сотні слуг, пазбаўленых здольнасці размаўляць уголас[7]. Склаліся ўмовы, які спрыялі зараджэнню бязгучнай камунікацыі[1].

У часы праўлення султана Сулеймана I (1520—1566) глухія ўжо карысталіся некаторай жэставай сістэмай. Нямецкі гісторык і ўсходазнавец Йоханэс Леунклавіус[en] наведваў Стамбул каля 1583 года і апісваў людзей, якія маглі «адкрываць свой розум з дапамогай пэўных знакаў і, у сваю чаргу, разумець рэчы, пазначаныя жэстамі і знакамі»[1][4]. У канцы XVI — пачатку XVII стагоддзя жэставая сістэма камунікацыі развівалася, набываючы ўсё больш важную ролю ў палацы султана. Магчыма, жэставая мова стала выкарыстоўвацца часцей у сувязі з тым, што султаны ў гэты час пазбягалі ўдзелу ў ваенных паходах і праводзілі больш часу са сваімі прыдворнымі. Здольнасць слуг абменьвацца жэстамі адзначаў у 1600 годзе будаўнік арганаў Томас Далам. Дыпламат Аттавіяна Бон[it] пісаў у 1608 годзе, што султан Ахмед I праводзіць шмат часу са сваімі глухімі слугамі, здольнымі абменьвацца любой інфармацыяй з дапамогай сістэмы знакаў, якія правіцель выдатна разумее[4]. Асман II (1618—1622), верагодна, стаў першым султанам, які вывучыў жэставую мову і прымусіў да таго ж сваіх пажоў і еўнухаў[4][6]. Пазней мову жэстаў вывучалі дзеці султана і яго набліжаныя[3]. Засваенне мовы жэстаў дазваляла султану аддаваць таемныя распараджэнні сваім памочнікам[6]. У другой палове XVII стагоддзя брытанскі дыпламат сэр Пол Райкот[en] адзначаў, што жэставая мова вельмі папулярная пры двары султана. Французскі вучоны Жазеф Пітан дэ Турнефор пакінуў каментарый пра тое, што жэставая мова слуг правіцеля мае дзённую і начную формы, і апошняя ўяўляе сабой узаемадзеянне з дапамогай дакрананняў да розных частак цела суразмоўца[4].

На тэрыторыі палаца працавала школа, дзе старэйшае пакаленне слуг навучала жэставай мове пачаткоўцаў[3].

Апошнія звесткі аб выкарыстанні жэставай сістэмы адносяцца да пачатку XX стагоддзя, захавалася фатаграфія двух глухіх служыцеляў у Высокай Порты[4].

Дакладна невядома, ці была асманская жэставая сістэма паўнавартаснай мовай. Сэр Пол Райкот меркаваў, што з яе дапамогай можна разважаць і цалкам выказваць свае думкі, у тым ліку пераказваць ісламскія гісторыі і сюжэты, павучанні з Карану і наогул усё, што можа выказана з дапамогай вуснай мовы[2]. Такім жа чынам характарызавалі жэставую сістэму і іншыя вандроўнікі, якія наведвалі палац Тапкапы ў XVI—XVII стагоддзях. Трэба адзначыць, што яны не разумелі гэтай мовы і, верагодна, проста паўтаралі пачутае меркаванне пра здольнасці жэставай сістэмы камунікацыі. Матэрыялаў, якія дазволілі б аб’ектыўна ацаніць магчымасці сістэмы, не захавалася[4].

Невядома, ці з’яўляецца асманская жэставая мова продкам турэцкай жэставай мовы[3].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г Richardson 2017.
  2. а б Amelia Soth. The Secret Sign Language of the Ottoman Court (англ.). JSTOR Daily. JSTOR (13 снежня 2017). Архівавана з першакрыніцы 8 лістапада 2021. Праверана 8 лістапада 2021.
  3. а б в г д е ё Kemaloğlu 2012.
  4. а б в г д е ё ж з і к Miles 2000.
  5. Ayşe Ezgi Dikici. Chapter I. Jesters and court dwarfs in the world and their origins: a comparative perspective // Imperfect bodies perfect companions? Dwarfs and mutes at the Ottoman court in the sixteenth and seventeenth centuries. — Стамбул: Sabancı University, 2006.
  6. а б в Seraglio sign language: The Ottoman court's second language (англ.). Daily Sabah (18 жніўня 2017). Архівавана з першакрыніцы 8 лістапада 2021. Праверана 8 лістапада 2021.
  7. Dallam's Voyage to Turkey(англ.) // The Musical Times. — 1905. — В. 46. — P. 649—654. Архівавана з першакрыніцы 9 лістапада 2021.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Yusuf Kemal Kemaloğlu, Pınar Yaprak Kemaloğlu The history of sign language and deaf education in Turkey(англ.) // Kulak burun bogaz ihtisas dergisi: KBB (Journal of ear, nose, and throat). — 2012. — В. 22. — P. 65—76. — DOI:10.5606/kbbihtisas.2012.013
  • Kristina Richardson New Evidence for Early Modern Ottoman Arabic and Turkish Sign Systems(англ.) // Sign Language Studies. — 2017. — В. 17. — P. 172—192. — DOI:10.1353/sls.2017.0001
  • M. Miles Signing in the Seraglio: Mutes, dwarfs and jestures at the Ottoman Court 1500-1700(англ.) // Disability & Society. — 2000. — В. 15. — P. 115—134. — DOI:10.1080/09687590025801