Лізавета I

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Лізавета I
Elizabeth I
Darnley stage 3.jpg
сцяг
каралева Англіі і Ірландыі
сцяг
17 лістапада 1558 — 24 сакавіка 1603
Каранацыя: 15 студзеня 1559
Папярэднік: Марыя I
Пераемнік: Якаў I
 
Дзейнасць: палітык
Веравызнанне: Англіканства і Lapsed Catholic[d]
Нараджэнне: 7 верасня 1533[1][2][3]
Смерць: 24 сакавіка (3 красавіка) 1603[4][2][3] (69 гадоў)
Пахаванне:
Дынастыя: Дынастыя Цюдараў
Бацька: Генрых VIII
Маці: Ганна Балейн
 
Аўтограф: Autograph of Elizabeth I of England.svg

Лізаве́та I (англ.: Elizabeth I; 7 верасня 1533, Грынвіцкі палац, цяпер Лондан — 1603, Рычманд) — каралева Англіі і каралева Ірландыі з 17 лістапада 1558 года і да самай смерці, апошняя з дынастыі Цюдараў. Бацька — Генрых VIII, маці — Ганна Балейн. Яе называлі каралева-нявінніца. Час панавання Лізаветы часам называюць «залатым векам Англіі», як у сувязі з росквітам культуры, бо іменна ў яе часы працавалі Уільям Шэкспір, Крыстафер Марла, Фрэнсіс Бэкан і іншыя выдатныя дзеячы, так і з узмацненнем міжнароднага становішча Англіі, дзякуючы разгрому Непераможнай Армады, дзейнасці Фрэнсіса Дрэйка і Уолтэра Рэйлі, стварэннем Ост-Індскай кампаніі.

Некаторыя гісторыкі больш стрыманыя ў сваіх ацэнках. Яны апісваюць Лізавету, як запальчывага, часам нерашучага кіраўніка[5], якой аднак шанцавала ў палітыцы. К канцу праўлення Лізаветы I шэраг эканамічных і ваенных праблем аслабілі яе папулярнасць. Тым не менш, Лізавету апісваюць харызматычным лідарам, у той час калі ўлада парламента была слабай і абмежаванай, і калі манархі ў суседніх краінах сутыкнуліся з унутранымі праблемамі, якія паставілі пад пагрозу іх стальцы. Так было ў выпадку з шатландскай каралевай Марыяй, якая была скінута са стальца ў 1568 годзе і ўрэшце пакарана смерцю ў 1587 годзе. Пасля кароткага валадарання папярэднікаў Лізаветы, 44 гады яе праўлення далі доўгачаканую стабільнасць для каралеўства і паспрыялі фарміраванню пачуцця нацыянальнай самасвядомасці.

Першыя гады[правіць | правіць зыходнік]

Дзяцінства[правіць | правіць зыходнік]

Генрых VIII

Лізавета нарадзілася ў нядзелю 7 верасня 1533 года ў каралеўскім палацы ў Грынвічы. Яе бацькам быў кароль Генрых VIII, маці — былая фрэйліна Ганна Балейн, з якою кароль ажаніўся па гарачаму каханню. Акрамя таго, Генрых спадзяваўся, што Ганна падорыць яму доўгачаканых сыноў, бо шматгадовы шлюб з Кацярынай Арагонскай не даў Англіі спадчынніка мужчынскага полу, і становішча дынастыі Цюдараў было вельмі нетрывалым. Такім чынам, нараджэнне Лізаветы нікога не ўзрадавала, бо ў каралеўскай сям'і ўжо была дачка, прынцэса Мэры, і з'яўленне яшчэ адной дзяўчынкі выклікала, хутчэй, гнеў і смутак у імпульсіўнага караля.

Аднак урачыстасці з нагоды нараджэння прынцэсы былі на рэдкасць пышнымі. Хрышчэнне дзяўчынкі прайшло ў том жа Грынвічы 10 верасня: імя сваё яна атрымала ў гонар маці Генрыха VIII, Лізаветы Ёркскай. У снежні 1533 года дзяўчынцы вызначылі ў якасці месца жыхарства рэзідэнцыю Гэтфілд-хаус, невялікі палац непадалёк ад Лондана. Бацькі даволі рэдка наведвалі сваю дачку, нягледзячы на тое, што Ганна Балейн адчувала прывязанасць да дачкі. Нельга сказаць, што Генрых быў абыякавы да дзяўчынкі, у яе была толькі адна загана на яго думку — яе пол. А ад каралевы па-ранейшаму чакалі сыноў.

Калі Лізавеце было два гады і восем месяцаў, яна засталася без мацеры: Ганну Балейн пакаралі смерцю па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе. Ганна так і не нарадзіла Генрыху сына і, як даказаў суд, неаднаразова змяняла свайму мужу. Усім з самага пачатку было ясна, што Генрых вырашыў пазбавіцца ад Ганны, і доказы «шматразовых здрад» былі відавочна сфабрыкованымі. Аднак, пакаранне смерцю была здзейснена 19 мая 1536 года. Генрых VIII паспяшаўся ізноў ажаніцца, а Лізавету прызнаў незаконнанароджанай, як некалькі гадоў таму ён прызнаў незаконнанароджанай і прынцэсу Марыю, абодва папярэднія каралеўскія шлюбы цяпер сталі несапраўднымі і не мелі ніякіх юрыдычных наступстваў.

«Дзіўнае» рашэнне прынцэсы[правіць | правіць зыходнік]

У 1537 годзе чарговая каралева Джэйн Сеймур нарадзіла Генрыху сына Эдуарда. Нягледзячы на тое, што Джэйн спрабавала прымірыць караля з яго ні ў чым не павіннымі дочкамі, Лізавета па-ранейшаму заставалася ў Хэтфілд-хаўсе: Генрых не хацеў бачыць дачку «здрадніцы Балейн».

Пасля смерці каралевы Джэйн Генрых ажаніўся яшчэ тры разы. З Аннай Клеўскай ён папросту развёўся, а юную Кейт Говард загадаў пакараць смерцю за здраду. Гібель маладой каралевы патрэсла дзевяцігадовую Лізавету ці ледзь не больш, чым смерць маці. Менавіта ў гэтым узросце ў будучай каралевы сфармавалася ўстойлівае непрыманне шлюбу.

Існуе крыніца, з якой вядома гэта, дзіўнае на першы погляд, рашэнне юнай прынцэсы — яе перапіска з шостай жонкай Генрыха, Кацярынай Пар. У гістарычнай літаратуры можна знайсці і больш «рамантычную» версію. Нібыта Лізавета прызналася свайму сябру дзяцінства — Роберту Дадлі, што ніколі не выйдзе замуж. Для яе любы падпарадкаванне мужчыне з гэтага часу асацыявалася са смерцю. Гэта зацятасць зусім не была яе дзіўным капрызам або, як схільныя лічыць многія раманісты і гісторыкі, следствам яе тайнай фізіялагічнай або псіхічнай недасканаласці.

Юнацтва[правіць | правіць зыходнік]

Лізавета ў юнацтве

Лізавета вельмі рана пачала праяўляць свае прыродныя здольнасці — у дзесяцігадовым узросце яна нядрэнна размаўляла на грэчаскай, італьянскай і французскай мовах. Яе латынь была бездакорнай — на гэтай мове прынцэса не толькі чытала творы рымскіх гісторыкаў, але і пісала вялізныя лісты сваёй мачысе — Кацярыне Пар. Нягледзячы на ​​тое, што Лізавета па-ранейшаму лічылася незаконнанароджанай, яе выхаваннем займаліся лепшыя выкладчыкі з Кембрыджа. Гэта былі маладыя вольнадумныя вучоныя, прыхільнікі Рэфармацыі. З цягам часу да Лізаветы далучыўся яе малодшы брат Эдуард. Менавіта ў 15431547 гадах у каралеўскім сямействе ўсталявалася адносна спакойная атмасфера — Генрых быў цалкам шчаслівы з Кацярынай Пар, у яго падрастаў прынц-спадчыннік, а яго дочкі, па крайняй меры вонкава, але змірыліся са сваім становішчам «незаконнанароджаных».

Адзінакроўны брат Лізаветы Эдуард VI

28 студзеня 1547 года Лізавеце, якая знаходзіцца ў Энфілдзе, паведамілі, што яе бацька памёр. У тэстаменце караля гаварылася, што трон ён пакідае сыну Эдуарду. У выпадку смерці Эдуарда ці пры адсутнасці ў яго спадчыннікаў, спадкаемцай на яго пасаду будзе прынцэса Марыя, затым яе дзеці, потым Лізавета і яе дзеці. Гэтай сваёй апошняй праявай манаршай волі Генрых VIII «прызнаў» сваіх дачок і даў ім надзею, калі не на карону Англіі, то на годны шлюб з прынцам любой еўрапейскай краіны.

Мачыха Лізаветы, Кацярына Пар, неўзабаве пасля заканчэння жалобы па каралю выйшла замуж за прыдворнага авантурніка Томаса Сеймура, роднага дзядзьку Эдуарда VI. Аднак Сеймур быў вельмі славалюбівы — яму было мала блізкасці клана Сеймураў да трона, яму хацелася большага. Існуе версія, што Томас Сеймур жадаў з часам ажаніцца на прынцэсе Лізавеце, а пакуль яна была зусім юнай, пачаў да яе заляцацца. Некаторыя крыніцы намякаюць на ўзаемную сімпатыю Лізаветы і Сеймура, аднак сур'ёзных пацверджанняў гэтаму факту няма.

Кацярына Пар, нягледзячы на ​​амаль матчыну любоў да сваёй падчарыцы, усё ж адправіла яе ў Хартфардшыр у маёнтак Чэшант. Там Лізавета працягнула свае заняткі з настаўнікам Роджэрам Эшамам. Гэтага чалавека, надзеленага энцыклапедычнымі ведамі, Лізавета шанавала ўсё жыццё. Томас Сеймур у 1549 годзе, ужо пасля смерці Кацярыны Пар ад радзільнай гарачкі, здзейсніў спробу дзяржаўнага перавароту. У яго гэта не атрымалася і ў канцы студзеня 1549 года каралеўскі дзядзька быў пакараны смерцю. Падазравалі, што і Лізавета мела дачыненне да змовы Сеймура, аднак яна здолела даказаць сваю невінаватасць.

У 1551 годзе Эдуард VI запрасіў да двара Лізавету — брат і сястра заўсёды ставіліся адзін да аднаго з вялікай пяшчотай, таму для Лізаветы было ўдарам, калі 6 ліпеня 1553 года Эдуард памёр. Пасля смерці караля лорд-пратэктар Джон Дадлі ўзвёў на каралеўскі пасад юную Джэйн Грэй — стрыечную ўнучку Генрыха VIII. У краіне пачалася смута. У выніку ўзброенага канфлікту паміж прыхільнікамі Джэйн I і прыхільнікамі прынцэсы Марыі перамаглі апошнія. Лізавета прадбачліва засталася ў Гатфілдзе, бо яе папярэдзіў пра небяспеку лорд Уільям Сесіл, сакратар Савета. У выніку трон заняла заўзятая каталічка Марыя I.

У няміласці сястры[правіць | правіць зыходнік]

Марыя I

У кастрычніку 1553 года Марыя I каранавалася ў Лондане. Каралеве было 37 гадоў, дваццаць з якіх былі для яе гадамі выпрабаванняў. З першых жа дзён панавання Марыя пачала актыўна дзейнічаць: яе галоўнай задачай стала вяртанне Англіі ва ўлонне Каталіцкай царквы, нягледзячы на ​​тое, што ў краіне паспела вырасці цэлае пакаленне, выгадаванае ў новай веры. У краіне пачаліся крывавыя рэпрэсіі ў адносінах да пратэстантаў.

У студзені 1554 года шляхціч Томас Уайт падняў паўстанне пад антыпапскімі лозунгамі. Пасля задушэння гэтага стыхійнага выступу дарадцы параілі Марыі I заключыць Лізавету ў Таўэр, бо малодшая дачка Генрыха, выхаваная ў пратэстанцкай веры, была небяспечная. Да таго ж, на думку каралевы, Лізавета магла быць звязана з Уайтам і яго паслядоўнікамі. Тут жа, у Таўэры, быў заключаны адзін з яе сяброў дзяцінства — Роберт Дадлі. Існуе версія, што маладыя людзі мелі зносіны падчас прагулак ва ўнутраным дворыку Таўэра, і гэтыя зносіны сталі пачаткам іх будучага кахання.

У Англіі тым часам расла незадаволенасць палітыкай каралевы Марыі. Яно стала відавочным пасля таго, як улетку 1554 года ў Лондан прыбыў Філіп іспанскі — будучы муж Марыі. Напярэдадні свайго вяселля каралева вызваліла сваю сястру з турмы. На рашэнне каралевы паўплывала тое, што Томас Уайт перад пакараннем смерцю пакляўся, што «міледзі Лізавета ніколі не ведала пра змову…».

Аднак, прынцэса не засталася пры двары — яе адправілі ў высылку ў Вудстак у графства Оксфардшыр. У Вудстаку Лізавеце не дазвалялася пісаць лістоў, а кнігі ёй прывозілі толькі па строга зацверджанаму спіску. Разам з тым, Лізавета па-ранейшаму лічылася пераемніцай пасаду, бо шлюб Марыі і Філіпа быў бяздзетным. Лізавету зноў вярнулі ў яе рэзідэнцыю ў Гэтфілд-хаус, і сціплы двор прынцэсы адразу стаў прыцягваць маладых арыстакратаў. Акрамя таго, сам Філіп спрыяў сваёй сваячцы: ён адчуваў да яе значна большую сімпатыю, чым да сваёй хмурнай жонкі. Яму таксама не хацелася псаваць адносіны са спадчынніцай пасаду: Марыя была вельмі нездаровая.

У пачатку лістапада 1558 года каралева Марыя адчула, што ёй засталіся лічаныя дні. Савет настойваў, каб яна афіцыйна прызначыла спадчынніцай сястру, але каралева працівілася: яна ведала, што Лізавета верне ў Англію ненавісны Марыі пратэстантызм. Толькі пад ціскам Філіпа Марыя саступіла патрабаванню сваіх дарадцаў, разумеючы што ў адваротным выпадку краіна можа пагрузіцца ў хаос грамадзянскай вайны. Каралева памерла 17 лістапада 1558 года, застаўшыся ў гісторыі як Марыя Крывавая. Лізавета, атрымаўшы вестку аб смерці сястры сказала: «Гасподзь так вырашыў. Дзіўныя справы яго ў нашых вачах».

Каранаванне[правіць | правіць зыходнік]

Лізавета стала каралевай ва ўзросце 25 гадоў. Напярэдадні цырымоніі каранавання, яе шчыра віталі грамадзяне. 15 студзеня 1559 года Лізавета была каранована і памазана Оўэнам Оглторпам, каталіцкім біскупам Карлайла, у Вэстмінстэрскім абацтве. Затым, сярод аглушальнага шуму дудак, трубы, барабанаў і званоў, яе паказалі людзям на плошчы як дзейную каралеву[6].

Шлюбнае пытанне[правіць | правіць зыходнік]

З самага пачатку панавання Лізаветы чакалася, што яна выйдзе замуж. Яна ніколі не зрабіла выбар суджанага, хоць да яе сваталіся многія, і прычыны гэтага дагэтуль не зусім ясныя.

Роберт Дадлі[правіць | правіць зыходнік]

Лізавета і яе фаварыт Роберт Дадлі

Увесну 1559 года стала відавочна, што Лізавета была закахана ў свайго сябра дзяцінства Роберта Дадлі[7]. Вядома, што Эмі Робсарт, яго жонка пакутавала ад «хваробы ў адной з яе грудзей», і што каралева хацела б выйсці за Дадлі, калі яго жонка памрэ[7]. Эмі Дадлі памерла ў верасні 1560 года ў выніку падзення з лесвіцы і, нягледзячы на ​​сведчанні каранера, які быў сведкам здарэння, многія людзі падазравалі Дадлі ў забойстве жонкі дзеля таго, каб ажаніцца з каралевай[5]. Лізавета сур'ёзна разглядала пытанне аб шлюбе з Дадлі на працягу некаторага часу. Тым не менш, незадаволенасць пэраў Уільяма Сесіла, Нікаласа Трокмартана і некаторых іншых гэтым магчымым шлюбам стала цалкам відавочнай[7]. Былі нават чуткі, што дваранства падыме паўстанне, калі шлюб адбудзецца[8].

Сярод іншых магчымых кандыдатаў для каралевы Роберт Дадлі разглядаўся як магчымы кандыдат яшчэ амаль дзесяць гадоў[8]. У 1564 годзе Лізавета ўзвысіла Дадлі ў званне пэра, як графа Лэстэра. Урэшце ён ажаніўся ў 1578 годзе, што вельмі расчаравала каралеву[9]. Тым не менш, Дадлі заўсёды «заставаўся ў цэнтры эмацыйнага жыцця [Лізаветы]», як апісалі гэту сітуацыю некаторыя гісторыкі[10]. Ён памёр неўзабаве пасля разгрому Армады. Пасля смерці Лізаветы, яго запіска была знойдзена сярод яе асабістых рэчаў, з паметкай «яго апошні ліст», зробленай яе почыркам[7].

Палітычныя аспекты[правіць | правіць зыходнік]

Франсуа, герцаг Анжу, якога Лізавета называла сваім жабяняткам. Праца Нікаласа Хіліярда.

Шлюбыя перамовы ўяўлялі сабой ключавы элемент у знешняй палітыцы Лізаветы[11]. Яна адмовілася ад шлюбнай прапановы іспанскага караля Філіпа II у 1559 годзе, і праводзіла перамовы на працягу некалькіх гадоў, каб выйсці замуж за свайго стрыечнага брата эрцгерцага Карла з Аўстрыі. Да 1569 года адносіны з Габсбургамі пагоршыліся, і Лізавета мела намер зладзіць шлюб з адным з французскіх князёў Валуа, спачатку з Генрыхам, герцагам Анжу, а затым, з 1572 да 1581 года, яго братам Франсуа, герцагам Анжу, былым герцагам Алансона[12]. Гэтая апошняя прапанова было звязана з запланаваным саюзам супраць іспанцаў, якія кантралявалі Паўднёвыя Нідэрланды[12]. Апошняя прапанова была даволі сур'ёзнай на нейкі час, Лізавета нават насіла завушніцы, якія паслаў ёй Франсуа ў якасці падарунка[5].

У 1563 годзе Лізавета сказала імперскаму пасланніку, што згодна з яе характарам, яна хутчэй за ўсё застанецца самотнай жабрачкай, чым каралевай і замужніцай[11]. Пазней у гэтым годзе, пасля хваробы Лізаветы на воспу, пытанне пераемнасці сур'ёзна паўстала ў парламенце. Лорды заклікалі каралеву выйсці замуж або прызначыць спадчынніка, каб прадухіліць грамадзянскую вайну пасля яе смерці. Аднак Лізавета адмовілася зрабіць што-небудзь. У красавіку яна прыпыніла дзейнасць парламента, пакуль не атрымала неабходнай падтрымкі на павышэнне падаткаў у 1566 годзе.

Да 1570 года, высокапастаўленыя фігуры ва ўрадзе, былі вымушаны прызнаць, што Лізавета ніколі не выйдзе замуж і не назаве імя пераемніка. З-за яе адмовы ад заключэння шлюбу, Лізавету часцяком абвінавачваюць у безадказнасці[11]. Аднак гэтыя сітуацыя ўмацавала яе палітычную бяспеку, бо яна ведала, што калі яна прызначыць спадчынніка, гэта можа стварыць для яе стальца пагрозу перавароту[11]. Незамужні статус Лізаветы натхніў да стварэння культу некранутасці. У паэзіі і партрэтным жывапісе, яе адлюстроўвалі як нявінніцу ці багіню, а не як звычайную жанчыну.

Першы вопыт вядзення вайны[правіць | правіць зыходнік]

Кароль Шатландыі Джэймс V і Марыя дэ Гіз

У маі 1559 года ў суседняй Шатландыі пачалося паўстанне пратэстантаў супраць каралевы-рэгентшы Марыі дэ Гіз — францужанкі, маці Марыі Сцюарт. Падтрымаць пратэстантаў Шатландыі раіў Лізавеце Сесіл, але яна адмовілася ад гэтага кроку, разумеючы, што падобнае ўмяшанне можа справакаваць узброены канфлікт з Францыяй, якая напоўніла Шатландыю сваімі войскамі. Ужо тады, у самым пачатку кіравання, каралева выпрацавала сваю, вельмі асцярожную, знешнюю палітыку.

Лізавета аказала шатландскім пратэстантам матэрыяльную падтрымку. Грошы былі вывезены таемна, і ніхто не мог абвінаваціць каралеву ў саўдзельніцтве.

Аднак у 1560 годзе Тайны Савет вымусіў Лізавету пачаць інтэрвенцыю. Шатландскія пратэстанты пры падтрымцы англійскіх войскаў разграмілі прыхільнікаў Марыі дэ Гіз, і 6 ліпеня 1560 года ў Эдынбургу быў падпісаны дагавор, які замацаваў гэту перамогу. Англія і Францыя вывелі свае войскі з Шатландыі.

Марыя дэ Гіз к гэтаму часу памерла, і ўлада пераходзіла да рэгенцкага савета шатландскіх лордаў-пратэстантаў. Марыі Сцюарт (на той момант жонцы Францыска II) было прапанована назаўсёды адмовіцца ад уключэння ў свой ​​герб герба Англіі, інакш кажучы, ніколі не прад'яўляць прэтэнзій на англійскую карону. Аднак Марыя не ратыфікавала Эдынбургскі дагавор. Менавіта з гэтага моманту пачалася шматгадовая варожасць дзвюх каралеў.

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118529870 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 14 жніўня 2015.
  2. 2,0 2,1 Elizabeth I of England // SNAC Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. 3,0 3,1 Elizabeth I // Find a Grave — 1995. — ed. size: 165000000 Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118529870 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 9 красавіка 2014.
  5. 5,0 5,1 5,2 Somerset, 2003
  6. Neale, 1954
  7. 7,0 7,1 7,2 7,3 Wilson, 1981
  8. 8,0 8,1 Doran1996, 1996
  9. Jenkins, 2002
  10. Doran2003, 2003
  11. 11,0 11,1 11,2 11,3 Haigh, 2000
  12. 12,0 12,1 Loades, 2003

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Хейг К. Елизавета I Английская. Ростов-на-Дону, 1997.
  • Neale, J. E. Queen Elizabeth I: A Biography (reprint ed.) — London: Jonathan Cape, 1954 [1934].
  • Wilson, Derek. Sweet Robin: A Biography of Robert Dudley Earl of Leicester 1533–1588 — London: Hamish Hamilton, 1981. — ISBN 978-0-241-10149-0.
  • Doran, Susan. Monarchy and Matrimony: The Courtships of Elizabeth I — London: Routledge, 1996. — ISBN 978-0-415-11969-6.
  • Doran, Susan Queen Elizabeth I — London: British Library, 2003. — ISBN 978-0-7123-4802-7.
  • Skidmore, Chris. Death and the Virgin: Elizabeth, Dudley and the Mysterious Fate of Amy Robsart — London: Weidenfeld & Nicolson, 2010. — ISBN 978-0-297-84650-5.
  • Somerset, Anne. Elizabeth I. (1st Anchor Books ed.) — London: Anchor Books, 2003. — ISBN 978-0-385-72157-8.
  • Jenkins, Elizabeth. Elizabeth and Leicester — The Phoenix Press, 2002 [1961]. — ISBN 978-1-84212-560-1.
  • Haigh, Christopher. Elizabeth I — 2. — Harlow: Longman Pearson, 2000. — ISBN 978-0-582-43754-8.
  • Loades, David. Elizabeth I: The Golden Reign of Gloriana — London: The National Archives, 2003. — ISBN 978-1-903365-43-4.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]


Папярэднік:
Марыя I
Каралева Англіі
15581603
Пераемнік:
Якаў I