Перайсці да зместу

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без»
Жанр дэтэктыў
меладрама
Аўтар Уладзімір Някляеў
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 2012
Дата першай публікацыі 2012

«Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» — раман Уладзіміра Някляева, напісаны ў 2012 годзе. Кніга «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» упершыню выдадзена ў 2012 годзе, выдавецтва «Паперус», Мінск[1]. За свой раман Уладзімір Някляеў стаў лаўрэатам першай прэміі імя Ежы Гедройца[2].

У некаторых малазначных дэталях раман Уладзіміра Някляева з'яўляецца аўтабіяграфічным — напрыклад, татарка Нэла, першае мінскае каханне галоўнага героя, мела рэальны прататып. Рэальных прататыпаў мелі і многія іншыя персанажы, хаця з імі Уладзімір Някляеў або ўвогуле не быў знаёмы, або пазнаёміўся значна пазней за пачатак 1960-х гадоў. Але Ася і маёр КДБ Гагарын — персанажы выдуманыя. Галоўны герой рамана — непаўнагадовы хлопец, які прыязджае з правінцыі ў сталічны Мінск у часы хрушчоўскай адлігі вучыцца ў радыётэхнічным тэхнікуме (ў якім навучаўся ў свае гады і сам Някляеў). Хлопец збліжаецца са стылягамі, якіх улады лічаць дысідэнтамі і ворагамі сістэмы. І хлопец сутыкаецца са злом, якое ўвасоблена ў КДБ.

Пакаленне мінскіх стыляг-шасцідзясятнікаў слухала Булата Акуджаву і Дзіна Рыда, і задумлялася над злачынствамі маршала Жукава.

Побач з прыдуманымі ў творы героямі дзейнічаюць рэальныя гістарычныя асобы: Лі Харві Освальд і Мікіта Хрушчоў, Уладзімір Караткевіч, Кім Хадзееў, Эдуард Гарачы, Андрэй Міронаў, Барыс Луцэнка. І кожны з іх мае свой раманны лёс, толькі Караткевіч з'яўляецца як «камета».

Большасць падзей рамана - фантастычныя, яны маюць вельмі мала супольнага з рэальным Мінскам пачатку 1960-х гадоў.

Жанр цяжка адназначна вызначыць, бо ў ім прысутнічаюць і элементы меладрамы, рамана выхавання, дэтэктыва[3].

Гісторыя стварэння

[правіць | правіць зыходнік]

Працу над раманам «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» Уладзімір Някляеў пачаў у 2009 годзе. Аднак пасля падзей ў снежні — Плошчы-2010, і турмы пасля іх, напісанне рамана было часова спынена. Пасля вызвалення з турмы Някляеў працягнуў працу над раманам.

Сам Някляеў так казаў пра гэты перыяд:

" Што цікава — што галоўны герой рамана яшчэ да Плошчы праходзіў праз турму. І пасля падзей 2010-га мне не давялося мяняць сюжэт, толькі крыху была змененая фабула[4]. "

У верасні 2022 года выйшла аўдыякніга У. Някляева «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без», тэкст начытаў Уладзімір Лісоўскі.

1 сакавіка 2013 года у канферэнц-зале мінскага Princess гатэля «Crowne Plaza» адбылося ўрачыстае узнагароджанне лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Лаўрэатам першай прэміі стаў Уладзімір Някляеў за свой раман «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без»[2].

Раман быў рэзка раскрытыкаваны Сямёнам Букчыным за гістарычную недаставернасць[5].

Зноскі

  1. Някляеў Уладзімір. Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без. Праверана 2 сакавіка 2013.
  2. а б Прэміяй імя Ежы Гедройца ўганараваныя Уладзімір Някляеў, Альгерд Бахарэвіч і Адам Глобус(недаступная спасылка). СПБ. Архівавана з першакрыніцы 24 студзеня 2017. Праверана 2 сакавіка 2013.
  3. Свет — аўтамат, а людзі ў ім — капейкі: Някляеў напісаў раман «Аўтамат з газіроўкай. З сіропам і без».. Літаратура. газ. Наша ніва (29 снежня 2012). Праверана 2 сакавіка 2013.
  4. Валянціна Аксак. «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» — новая кніга Уладзіміра Някляева(недаступная спасылка). СПБ (2 сакавіка 2013). Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2013. Праверана 2 сакавіка 2013.
  5. Букчин, Семен. Жизнь как хохма и прикол Архівавана 28 жніўня 2017. // Букчин, Семен. Кабаре на сцене и в жизни. Заметки на темы литературы, театра и кино. Санкт-Петербург, 2017. С. 107-122.