Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі (2010)
Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь | |||
---|---|---|---|
19 снежня 2010 | |||
Яўка: | 90,65 % | ||
Кандыдат: | Аляксандр Лукашэнка | Андрэй Саннікаў | Яраслаў Раманчук |
Партыя: | беспартыйны, самавылучэнне | беспартыйны, вылучаны ГА «Еўрапейская Беларусь» | Аб’яднаная грамадзянская партыя |
Галасоў: | 5 130 557 (79,65 %) |
156 419 (2,43 %) |
127 281 (1,98 %) |
Даныя сацыялагічных апытанняў | |||
Кастрычнік 2010 | 48,2 | 8,6 | 6,1 |
Лістапад 2010 | 33,3 | 10,6 | 8,2 |
Даныя сацыялагічных апытанняў | |||
Кастрычнік 2010 | |||
Лістапад 2010 | |||
| |||
Вынік выбараў: | Аляксандр Лукашэнка пераабраны на чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін. |
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі 2010 года — чацвертыя прэзідэнцкія выбары з часу атрымання незалежнасці ў 1991 годзе. Адбыліся 19 снежня 2010 года. Дата правядзення была абрана 14 верасня на сесіі Палаты прадстаўнікоў 108 дэпутатамі адзінагалосна[1].
У выбарах удзельнічала найбольшая колькасць кандыдатаў за ўсю іхную гісторыю: дзесяць чалавек. Паводле афіцыйных звестак, перамогу ў першым туры атрымаў Аляксандр Лукашэнка.
Перадвыбарчае становішча
[правіць | правіць зыходнік]Выбары адбыліся паводле двойчы змененай пасродкам рэферэндумаў Канстытуцыі 1994 года. У выніку першага ў 1996 годзе адбылося пашырэнне паўнамоцтваў прэзідэнта і ператварэнне парламента ў дзвюхпалатны. У выніку другога ў 2004-ым знялі абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў. Ад часу ўвядзення ў 1994 годзе пасаду прэзідэнта Беларусі займаў Аляксандр Лукашэнка. Лад прэзідэнцкай рэспублікі даваў яму права на:
- роспуск абедзвюх палат парламента;
- выданне дэкрэтаў, якія маюць сілу закона;
- прызначнне 6 з 12 суддзяў, уключна са старшынёй, і здыманне ўсіх суддзяў Канстытуцыйнага суда;
- прызначэнне і здыманне ўсіх суддзяў астатніх судоў Беларусі, у тым ліку Вярхоўнага[2].
Большасць з 15 улічаных партый падтрымлівалі Лукашэнку. Апазіцыя дзейнаму прэзідэнту не мела ніводнага прадстаўніка ў складзе абедзвюх палат парламент. Свабода сходаў і выказ меркаванняў абмяжоўваліся ўжо больш за дзесяцігоддзе. Урад таксама абмяжоўваў дзейнасць апазіцыйных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь касавала ўлік грамадскіх аб’яднанняў, што не адпавядалі патрабаванню артыкула 272 Грамадзянскага кодэксу аб наяўнасці юрыдычнага адрасу ў нежылым будынку. Артыкул 193 Крымінальнага кодэксу (КК) прадугледжваў зняволенне да 2 год за ўдзел у мерапрыемствах няўлічаных грамадскіх рухаў[3].
Прававыя ўмовы
[правіць | правіць зыходнік]Прэзідэнт абіраўся на 5 год. Для правядзення правамоцных выбараў у адзін тур патрабаваўся ўдзел 50 % уключаных у спісы выбаршчыкаў і набор адным з вылучэнцаў больш, як паловы пададзеных галасоў. Унесеныя 4 студзеня 2010 года ў Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь (ВК) папраўкі прадугледжвалі:
- паведамленне вылучэнцамі аб ладжанні сходаў за 2 дні да правядзення;
- перадачу абмеркаванняў між вылучэнцамі праз урадавыя сродкі масавай інфармацыі;
- стварэнне прыватных перадвыбарных фондаў;
- складанне пратаколу па сканчэнні кожнага з 5 дзён датэрміновага галасавання;
- прынамсі 30 % месцаў ва ўчастковых (УВК) і тэрытарыяльных выбарчых камісіях (ТВК) для прадстаўнікоў партый і грамадскіх аб’яднанняў;
- аспрэчанне пастановаў УВК і ТВК у судзе адпаведнага ўзроўню[4].
Артыкул 4 ВК пазбаўляў права голасу і выбрання асоб у дасудовым зняволенні. Паводле артыкула 60 ВК раней судзімым грамадзянам забаранялася вылучацца ў прэзідэнты. УВК не абавязваліся падлічваць галасы ўслых і паказваць бюлетэні назіральнікам. ВК не вымагаў выдання папярэдніх і канчатковых вынікаў выбараў з разбіўкаю да ўчасткаў[5].
Падрыхтоўка
[правіць | правіць зыходнік]Выбары ладзілі выбарчыя камісіі: цэнтральная (ЦВК), 155 тэрытарыяльных і 6390 участковых. 45 выбарчых участкаў працавала пры дыпламатычных прадстаўніцтвах Беларусі за мяжой.
ЦВК працавала на сталай аснове і складалася з 12 асоб, першую палову з якіх прызначыў Лукашэнка, другую — ускосна абіраемы Савет Рэспублікі. Тэрмін паўнамоцтваў камісіі складаў 5 гадоў і ў тагачасным складзе сканчаўся ў 2012 годзе, аднак прэзідэнт мог распусціць яе датэрмінова. На пасяджэнні 9 лістапада ЦВК выказала падтрымку дзейнаму прэзідэнту і падчас выбараў бараніла яго зацікаўленасці[6]. Кожнаму ўлічанаму вылучэнцу далі права прызначыць свайго прадстаўніка з дарадчым голасам для ўдзелу ў пасяджэннях ЦВК. Ім дазвалялася знаёміцца з дакументамі камісіі. Пастановы аб тэхнічных баках падрыхтоўкі выбараў на сайце ЦВК не публікаваліся.
Пры прызначэнні складу ТВК мясцовыя ўлады вылучылі:
- 44 % месцаў прадстаўнікам грамадскіх аб’яднанняў;
- 6 % — прадстаўнікам партый.
З 781 вылучэнца ад пралукашэнкаўскіх згуртаванняў у склад ТВК дапусцілі 729 (93 %). З 72 апазіцыйных — 14 (20 %), якія склалі 0,7 % ад агульнай колькасці членаў ТВК. Чыноўнікі складалі большасць у ТВК і кіравалі іх працаю. З 25 492 вылучэнцаў ад пралукашэнкаўскіх згуртаванняў у склад УВК дапусцілі 23 689 (93 %). З 1073 вылучэнцаў ад апазіцыйных — 183 (17 %), якія склалі 0,26 % ад агульнай колькасці членаў УВК[4].
Улік выбаршчыкаў
[правіць | правіць зыходнік]Зводнага спісу выбаршчыкаў на ўзроўні вышэйшым за ўчастак не існавала, як і папярэджання шматразовых уліку выбаршчыкаў і галасавання. УВК выдалі спісы выбаршчыкаў 3 снежня, аднак з улікам перапісу 2009 года ў спісы не ўнеслі 300 тысяч выбаршчыкаў[7].
Улік вылучэнцаў
[правіць | правіць зыходнік]Правам вылучэння на пасаду прэзідэнта валодалі старэйшыя за 35 гадоў грамадзяне, якія стала пражывалі ў краіне прынамсі 10 гадоў перад выбарамі. Вылучэнне праводзілася ініцыятыўнымі групамі колькасцю не менш як у 100 выбаршчыкаў шляхам збору 100 тысяч подпісаў. Партыям не дазвалялася мець вылучэнцаў. ТВК не дазвалялі назірання за праверкаю сапраўднасці пададзеных за вылучэнцаў подпісаў, якую праводзілі цягам 10 дзён. Кіраўнікі ўрадавых устаноў змушалі падначаленых падпісвацца ў падтрымку Лукашэнкі і пагражалі звальненнем за збор подпісаў за іншых вылучэнцаў[7]. ЦВК адмовіла ва ўліку Уладзіміру Правальскаму на падставе колькасці несапраўдных подпісаў. 18 лістапада ўлік прайшлі 10 вылучэнцаў.
Прэтэндэнт | Пасада | Ініцыятыўная група | Подпісы за вылучэнне, тыс. | ||
---|---|---|---|---|---|
Колькасць, чал.[8] | Кіраўнік | Здадзена[9] | Прынята[10] | ||
Дзмітрый Вус[11] | Дырэктар ТДА «Трывіюм» | 1354 | Уладзімір Калганаў[8] | 110 753 | 104 102 |
Рыгор Кастусёў | Намеснік генеральнага дырэктара ТАА «Асвейская будаўнічая кампанія» | 1306 | Аляксей Янукевіч[8] | 107 083 | 100 870 |
Аляксандр Лукашэнка | Прэзідэнт Беларусі | 8403 | Аляксандр Радзькоў[8] | 1 113 014 | 1 110 149 |
Алесь Міхалевіч | Юрысконсульт ПУП «Агенцтва перакладаў і юрыдычных паслуг Міхалевіча» | 1795 | Юрый мелашкевіч[12] | 120 531 | 111 699 |
Уладзімір Някляеў | Выканаўчы дырэктар грамадскага аб’яднання «Клопат» | 3271 | Андрэй Дзмітрыеў[8] | 193 829 | 180 073 |
Яраслаў Раманчук | Выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра «Стратэгія» | 1461 | Анатоль Паўлаў[8] | 128 699 | 123 206 |
Віталь Рымашэўскі | Намеснік старшыні РГА «Хрысціянская дзелавая ініцыятыва» | 1700 | Павел Севярынец[13] | 105 318 | 102 817 |
Андрэй Саннікаў | Палітычны аглядальнік газеты «Народная Воля» | 2003 | Уладзімір Кобец[14] | 150 168 | 142 023 |
Мікалай Статкевіч | Пенсіянер | 1547 | Мікалай Статкевіч[15] | 117 989 | 111 159 |
Віктар Цярэшчанка | Старшыня Савету Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва | 1301 | Уладзімір Гурын[16] | 122 520 | 109 012 |
Прэтэндэнт | Ініцыятыўная група | Падстава | |
---|---|---|---|
Колькасць, чал. | Кіраўнік | ||
Пётр Барысаў | 110 | Святлана Супрун | Адмовіўся ад удзелу ў выбарах на карысць Віталя Рымашэўскага[17] |
Сяргей Гайдукевіч | 10 443 | Анатоль Хішчанка | Адмовіўся ад удзелу ў выбарах[18] |
Юрый Глушакоў | 244 | Дзмітрый Кучук | |
Ілья Дабратвор | 1 | Ілья Дабратвор | Недастатковая колькасць членаў ініцыятыўнай групы; узрост < 35 гадоў[19] |
Сяргей Іваноў | 129 | Кацярына Целеш | Не здаваў подпісы[20] |
Іван Кулікоў | 107 | Валерый Лемешаў | Не здаваў подпісы[20] |
Уладзімір Правальскі | 187 | Алег Правальскі | |
Сяргей Рыжоў | 123 | Данііл Гітцовіч | Адмовіўся ад удзелу ў выбарах[21] |
Наталля Старыкава | 30 | Сяргей Кротаў | Недастатковая колькасць членаў ініцыятыўнай групы[19] |
Перадвыбарчае агітаванне
[правіць | правіць зыходнік]Усе вылучэнцы ладзілі сходы, сустрэчы з выбаршчыкамі і абходы дамоў. Кастусёў, Някляеў, Раманчук, Саннікаў і Статкевіч сутыкаліся з адмовамі друкарняў прымаць замовы на выданне ўлётак па прычыне ціску з боку Камітэту дзяржаўнае бяспекі. Агітавальнікі за Някляева, Раманчука, Рымашэўскага і Саннікава падвяргаліся пераследу з боку міліцыі. 24 лістапада ў Мінску падчас распаўсюджвання ўлётак быў збіты агітавальнік Саннікава. 8 снежня міліцыя канфіскавала ўлёткі Статкевіча. Цягам агітавання ЦВК вынесла папярэджанні Рымашэўскаму і Статкевічу, Генеральная пракутарура — Някляеву, Саннікаву, Раманчуку, Рымашэўскаму і Статкевічу[22]. Найбольш агітацыйных мерапрыемстваў правялі Някляеў і Саннікаў.
Асноўным перадвыбарчым мерапрыемствам стаў 4-ы Усебеларускі народны сход з удзелам Лукашэнкі. Яго дэлегаты атрымалі за ўдзел бытавую тэхніку. Па-за сталіцай агітаванне за Лукашэнку праводзілася аб’яднаннем «Белая Русь», што выкарыстоўвала будынкі мясцовых органаў улады ў якасці выбарчых штабоў. Супрацоўнікі Адміністрацыі прэзідэнта ўваходзілі ў склад мясцовых агітавальных каманд Лукашэнкі. Кіраўнікі ідэалагічных аддзелаў урадавых прадпрыемстваў у Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях схілялі супрацоўнікаў да наведвання агітацыйных мерапрыемстваў Лукашэнкі ў абмен на аплачаны непрацоўны час, як і да датэрміновага галасавання за яго[4].
Значныя сродкі ў свае перадвыбарчыя фонды ад грамадзян і юрыдычных асоб прыцягнулі Лукашэнка, Някляеў і Саннікаў. Кожны вылучэнец таксама атрымаў на друк улётак па 2300 «базавых адзінак» грошай (80,5 млн рублёў[23]; каля 19 500 еўра). Артыкул 48 ВК абмяжоўваў асабістыя выдаткі вылучэнцаў на перадвыбарчыя мерапрыемствы 50 «базавымі адзінкамі» (прыблізна €420), паступленні ад грамадзян — 10-цю (прыблізна €85), ад юрыдычных асоб — 30-цю (прыблізна €255). Выдаткі вылучэнца са сродкаў асабістага перадвыбарчага фонду не маглі перавышаць 3000 «базавых адзінак» (103 мільёны рублёў[24]; прыблізна 25 300 €)[5].
Вылучэнец | Падтрымка ў кастрычніку[25] |
---|---|
Вус | 1,9 % |
Кастусёў | 2,8 % |
Лукашэнка | 48,2 % |
Міхалевіч | 6,4 % |
Някляеў | 16,8 % |
Раманчук | 6,1 % |
Рымашэўскі | 4 % |
Саннікаў | 8,6 % |
Статкевіч | 5,8 % |
Цярэшчанка | 2,5 % |
Вяшчанне
[правіць | правіць зыходнік]У краіне дзейнічала 77 тэлевізійных станцый, 9 інфармацыйных агенцтваў і больш за 1300 друкаваных выданняў. Аднак дзяржава кіравала агульнакраёвымі вяшчальнымі прадпрыемствамі і сеткамі распаўсюджвання друкаваных выданняў. Закон аб СМІ, што набыў моц у лютым 2009 года, абмяжоўваў правы на атрыманне, захоўванне і распаўсюджанне інфармацыі. Артыкулы 367 і 368 КК прадугледжвалі зняволенне да 5 год за паклёп, зняслаўленне і абразу кіраўніка дзяржавы. Рашэнне ЦВК № 82 ад 14 кастрычніка 2010 года аб асвятленні выбараў СМІ надавала вылучэнцам па гадзіне бясплатнага эфірнага часу і па 5 друкаваных палосаў (аркуш А3) у 4 агульнакраёвых і 7 мясцовых газетах. Упершыню з 1994 года ў прамым эфіры між вылучэнцамі, аднак без удзелу Лукашэнкі, праводзілася два абмеркаванні — адно па тэлебачанні[26], другое на радыё[27].
Падчас вечаровых навін 6 і 7 снежня «АНТ», «Першы нацыянальны тэлеканал» і «Сталічнае тэлебачанне» ў прамым эфіры перадавалі трохгадзінны выступ Лукашэнкі на 4-ым Усебеларускім народным сходзе. Зварот Лукашэнкі размясцілі на першай старонцы газетаў, тады як іншых вылучэнцаў — на ўнутраных старонках, што пярэчыла артыкулу 46 ВК[5]. Рэдактары дамагаліся цэнзуры зваротаў апазіцыйных вылучэнцаў. 22 лістапада Някляеў звярнуўся ў ЦВК з нагоды перадузятасці ўрадавага вяшчання на карысць Лукашэнкі. Аднак ЦВК заявіла, што артыкул 25 Закона аб прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ад 21 лютага 1995 года дае яму на гэта права.
Скаргі
[правіць | правіць зыходнік]Да дня выбараў у суды паступіла 105 скаргаў на спосаб утварэння УВК і ТВК мясцовымі органамі ўлады. Суды адхілілі ўсе скаргі без права далейшага абскарджання іх пастановаў у вышэйшых судах. Заканадаўства не прадугледжавала абскарджанне вынікаў выбараў у судзе. Да выбараў ЦВК атрымала 421 скаргу, усе з якіх адхіліла без належнага юрыдычнага тлумачэння. Толькі 5 спраў разглядаліся не аднаасобна старшынёю і сакратаром камісіі. Вярхоўны суд адхіліў скаргу на адмову ЦВК ва ўліку вылучэння Правальскага[4].
ЦВК адхіліла без разгляду ўсе скаргі пададзеныя ў дзень выбараў. 22 снежня Кастусёў звярнуўся ў ЦВК для аспрэчання вынікаў выбараў[28]. 24 снежня ЦВК адхіліла яго зварот. 3 студзеня 2011 года Кастусёў падаў скаргу на адмову ЦВК у Вярхоўны суд, якую той адхіліў 6 студзеня на падставе непадсуднасці пастановы ЦВК. 10 студзеня Беларускі Хельсінкскі камітэт таксама падаў у Вярхоўны суд пазоў аб аспрэчванні вынікаў выбараў[29], які той зноў адхіліў па тоеснай прычыне.
Назіранне
[правіць | правіць зыходнік]Закон не прадугледжваў права назіральнікаў на атрыманне засведчаных копій пратаколаў з вынікамі галасавання, як і назірання за праверкаю спісаў подпісаў ініцыятыўных груп, перадачаю пратаколаў з УВК у ТВК і абагульненнем вынікаў у ТВК. УВК і ТВК улічылі 36’096 мясцовых назіральнікаў. 20’715 (57 %) з іх прадстаўлялі пралукашэнкаўскія аб’яднанні — Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі[30], Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі[31], «Белую Русь»[32], Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў і Беларускі саюз жанчын. «Праваабаронцы за свабодныя выбары» мелі 600 назіральнікаў. ЦВК акрэдытавала 1031 замежнага назіральніка. 452 (44 %) з іх прыцягнула Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе (АБСЕ). Назіральнікі ад АБСЕ здолелі правесці назіранне за апрацоўкаю вынікаў выбараў на 138 (89 %) з 155 ТВК[4].
Галасаванне і падлік галасоў
[правіць | правіць зыходнік]Паводле ЦВК у 5-дзённым датэрміновым галасаванні брала ўдзел 23,1 % выбаршчыкаў[33]. Кіраўніцтва вучылішчаў змушала да ўдзелу ў ім сваіх навучэнцаў[7]. 30 лістапада ЦВК аднагалосна адхіліла патрабаванне пяці вылучэнцаў у прэзідэнты аб допуску назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі ўначы для назірання разам з прызначанай міліцэйскай аховай. Асобнае абвяшчэнне вынікаў падліку галасоў па перанасной і стацыянарнай скрынях і скрыні для датэрміновага галасавання ажыццяўлялася менш як на палове ўчасткаў. ЦВК не апублікавала вынікі выбараў з разбіўкай па ўчастках[4].
Вынікі
[правіць | правіць зыходнік]Паводле ЦВК у выбарах прыняў удзел 6 433 681 выбаршчык (90,72 %). Паводле афіцыйных звестак галасы размеркаваліся наступным чынам[34]:
Брэсцкая вобласць | Віцебская вобласць | Гродзенская вобласць | Гомельская вобласць | Магілёўская вобласць | Мінск | Мінская вобласць | Разам | |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Вус | 1,07 % | 0,44 % | 0,30 % | 0,33 % | 0,27 % | 0,61 % | 0,28 % | 0,48 % |
Кастусёў | 1,44 % | 1,66 % | 1,03 % | 2,94 % | 0,93 % | 3,49 % | 1,56 % | 1,97 % |
Лукашэнка | 81,52 % | 82,50 % | 81,37 % | 82,31 % | 84,98 % | 67,64 % | 80,67 % | 79,67 % |
Міхалевіч | 1,24 % | 0,96 % | 0,85 % | 0,72 % | 0,78 % | 1,43 % | 1,03 % | 1,02 % |
Някляеў | 1,57 % | 1,75 % | 1,89 % | 0,91 % | 1,87 % | 3,13 % | 1,20 % | 1,77 % |
Раманчук | 1,88 % | 1,57 % | 2,91 % | 0,92 % | 1,47 % | 3,34 % | 1,71 % | 1,97 % |
Рымашэўскі | 1,36 % | 1,12 % | 1,26 % | 0,76 %' | 0,92 % | 1,35 % | 0,90 % | 1,10 % |
Саннікаў | 2,74 % | 3,06 % | 4,07 % | 0,98 % | 2,66 % | 3,38 % | 1,50 % | 2,56 % |
Статкевіч | 1,02 % | 1,02 % | 0,94 % | 0,68 % | 0,93 % | 1,69 % | 0,91 % | 1,04 % |
Цярэшчанка | 0,48 % | 1,13 % | 1,19 % | 0,65 % | 1,09 % | 1,85 % | 1,13 % | 1,08 % |
Супраць усіх | 4,83 % | 4,04 % | 3,50 % | 8,12 % | 3,30 % | 11,12 % | 7,90 % | 6,47 % |
Недзяржаўныя сацыялагічныя даследаванні паказалі, што на выбарах-2010 за А. Лукашэнку прагаласавала 58% выбаршчыкаў, якія прыйшлі на ўчасткі. Гэта істотна менш, чым паводле версіі Цэнтрвыбыркама. Пры тым У. Някляеў набіраў 9,7%, а А. Саннікаў — 7% галасоў[35].
Каляндар выбараў
[правіць | правіць зыходнік]15 верасня 2010 года на пасяджэнні Цэнтрвыбаркаму быў прыняты асноўны пакет дакументаў, якія тычацца правядзення прэзідэнцкіх выбараў[36]. Каляндарны план па днях распісвае кожную фазу хады выбарчай кампаніі.
- Да 25 верасня: прадастаўленне спісу членаў ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за кандыдата ў прэзідэнты
- Да 30 верасня: фарміраванне абласных, гарадскіх, раённых выбарчых камісіяў; рэгістрацыя ініцыятыўных груп кандыдатаў
- Да 4 лістапада: фарміраванне ўчастковых выбарчых камісіяў
- Да 30 кастрычніка: здача падпісных лістоў
- Да 9 лістапада: праверка сапраўднасці подпісаў
- З 15 па 24 лістапада: рэгістрацыя кандыдатаў
- З 4 снежня: абнародаванне спісаў выбаршчыкаў[37]
- 14—18 снежня: датэрміновае галасаванне[38]
- 19 снежня: галасаванне
Хада кампаніі
[правіць | правіць зыходнік]14 верасня 2010 года на пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў адзінагалосна была прынята пастанова аб правядзенні выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 19 снежня 2010 года[39]. Паводле словаў старшыні парламенцкай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Васіля Байкова, пры вызначэнні даты выбараў зыходзілі з таго, каб забяспечыць максімальны ўдзел грамадзян у выбарчай кампаніі і «з пачатку наступнага года прыступіць да выканання найважнейшых сацыяльна-эканамічных задачаў»[40]. Раней планаваныя магчымыя даты выбараў у пачатку 2011 года былі адкінуты, па словах старшыні профільнай камісіі, з прычыны «ня самага зручнага часу як пары́, насычанай свецкімі і рэлігійнымі святамі».
Паводле іншага меркавання, дата 19 снежня нязручная з прычыны таго, што другі тур выбараў у такім выпадку будзе прыпадаць на 26 снежня або 2 студзеня[41]. Абодва дні акурат прыпадаюць на «пару́, насычаную свецкімі і рэлігійнымі святамі».
16 верасня:
- Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь афіцыйна запрасіла назіральнікаў ад СНД і АБСЕ прыняць удзел у кантролі за хадой выбараў[42].
30 верасня:
- Пачаўся збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі.
18 лістапада:
- Кандыдатамі ў прэзідэнты зарэгістраваныя 10 чалавек: Дзмітрый Вус, Рыгор Кастусёў, Аляксандр Лукашэнка, Алесь Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Віктар Цярэшчанка[8].
6 снежня: Адбыліся першыя пасля выбараў 1994 года тэледэбаты ў жывым эфіры з удзелам 9 кандыдатаў у прэзідэнты (акрамя Лукашэнкі).
14—18 снежня:
- У датэрміновым галасаванні прынялі ўдзел 23,1 % выбаршчыкаў[43].
Праваабаронцы заявілі аб масавых парушэннях падчас выбарчай кампаніі. Сярод найбольш распаўсюджаных правапарушэнняў — прымус да датэрміновага галасавання і перашкоды працы незалежных назіральнікаў. Ад назіральнікаў кампаніі «За справядлівыя выбары» ў цэнтральную выбарчую камісію было даслана ля 270 скаргаў. Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў паведамілі, што гатовы прадаставіць замежным назіральнікам доказы фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, і чарговы раз запрасілі сваіх прыхільнікаў сабрацца 19 снежня а 20:00 на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.
19 снежня:
Галасаванне ў асноўны дзень выбараў ладзілася з 8 да 20 гадзін. Працавалі 6390 выбарчых участкаў, у тым ліку 44 за мяжой[44]. За выбарамі сачылі больш за тысячу міжнародных і звыш 27 тысяч унутраных назіральнікаў.
Па стане на 14:00 удзел у выбарах прынялі 65,2 % выбаршчыкаў, што азначала, што выбары адбыліся.
А 15-й гадзіне па Беларускім тэлебачанні былі абвешчаны вынікі экзітполу, зладжанага аналітычным цэнтр «EcooM». Паводле яго вынікаў, за Лукашэнку прагаласавалі 83 % апытаных. Паводле аналагічнага апытання расійскага Агенцтва эфектыўных камунікацый «Inside», на 14 гадзін за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 37,8 %[45].
У другой палове дня сталі з’яўляцца паведамленні пра блакаванне на тэрыторыі Беларусі навінасных сайтаў незалежных СМІ: «Хартыі’97»[46], «Салідарнасці» (праз ананімайзеры адчыняліся), GMail, сацыяльных сетак Facebook, Twitter і LiveJournal; тэлефонаў журналістаў і праваабаронцаў, якія займаюцца назіраннем на выбарчых участках[47]. Упершыню былі створаны сайты-фальшыўкі беларускіх інтэрнэт-СМІ ў дамене.in[48][49]. Іхныя IP-адрэсы належаць кампаніі «Белпак»[50].
Беларускія ўлады цалкам заблакавалі знешні трафік па https (порт 443), што зрабіла немагчымым доступ да электроннай пошты праз абаронены пратакол абмену інфармацыяй, увод пароляў для доступу да замежных сацыяльных сетак, а таксама кіраванне зместам сайтаў, размешчаных за мяжой з Беларусі[49].
Падзеі пасля выбараў
[правіць | правіць зыходнік]Яшчэ напярэдадні выбараў Някляеў, Рымашэўскі, Саннікаў і Статкевіч заклікалі сваіх прыхільнікаў да сходу на Кастрычніцкай плошчы Мінску 19 снежня. Да яе былі сцягнуты ўзмоцненыя сілы міліцыі. Яшчэ да пачатку збору, а палове на восьмую, невядомымі ў чорным быў здзейснены напад на калону Уладзіміра Някляева. Падчас збіцця Уладзімір Някляеў страціў прытомнасць, яго забрала «хуткая дапамога»[51]. З лякарні яго пазней вывезлі супрацоўнікі КДБ.
Усе астатнія вылучэнцы а 20-й гадзіне за выключэннем Лукашэнкі далучыліся да сваіх прыхільнікаў на плошчы. Праз гадзіну 5 вылучэнцаў узялі ўдзел у шэсці да плошчы Незалежнасці, дзе размяшчаецца парламент і ЦВК. Там быў зладжаны мітынг і спроба дамагчыся перамоў з урадам. Міліцыя без разбору збівала асоб, якія спрабавалі ўзламаць дзверы Дома ўраду, і мірных удзельнікаў шэсця, што прывяло да нанясення некалькім дэманстрантам чэрапна-мазгавых траўмаў і пакідання плошчы большасцю ўдзельнікаў шэсця. Каля 5 тысяч з іх засталіся разам з Саннікавым і Рымашэўскім. Апоўначы пасля спробаў арганізатараў мітынгу выклікаць на перамовы кіраўніцтва сілавых структур сотні міліцыянтаў разагналі і іх. Яны затрымалі Кастусёва, Міхалевіча, Някляева, Рымашэўскага, Саннікава, Статкевіча і Вуса[52][53], кіраўнікоў іх штабоў і давераных асоб, некалькі сотняў прыхільнікаў, таксама шэраг журналістаў і замежных грамадзян.
20 снежня Лукашэнка паведаміў аб арышце 639 асоб і пацвердзіў, што вылучэнцаў у прэзідэнты дапытвалі ў месцах зняволення КДБ[54]. 29 снежня Някляева, Рымашэўскага, Саннікава і Статкевіча абвінавацілі ў ладжанні недазволенага грамадскага мерапрыемства, што паводле артыкула 293 КК прадугледжвала зняволенне ад 5 да 15 год. 17 лютага ўдзельніка кампаніі Някляева выраклі на 4 гады зняволення. Большасць арыштаваных суды выракалі на выплату спагнанняў да 30 «базавых адзінак» (каля 265 еўра) і 15-дзённага зняволення. 31 снежня Міністэрства замежных спраў паведаміла аб спыне паўнамоцтваў прадстаўніцтва АБСЕ ў Мінску па прычыне нежадання ўраду іх працягваць. 21 студзеня Лукашэнку прывялі да чацвёртай прэзідэнцкай прысягі[55].
Былі асуджаныя кандыдаты ў прэзідэнты:
- Уладзімір Някляеў — 2,5 года пазбаўлення волі з адтэрміноўкаю на 2 гады.
- Андрэй Саннікаў — 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, вызвалены пасля памілавання 14 красавіка 2012 года[56].
- Мікалай Статкевіч — 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
- Дзмітрый Вус — 5,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, вызвалены пасля памілавання 1 кастрычніка 2011 года[57].
- Віталь Рымашэўскі — 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна[58].
Зноскі
- ↑ Выбары прэзідэнта адбудуцца 19 снежня . Польскае радыё для замежжа (14 верасня 2010). Праверана 23 красавіка 2011.(недаступная спасылка)
- ↑ Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі ад 24.11.1996 г. і 17.10.2004(недаступная спасылка). Заканадаўства Рэспублікі Беларусь на беларускай мове (29 сакавіка 2005). Архівавана з першакрыніцы 21 снежня 2012. Праверана 18 верасня 2011.
- ↑ Экспертнае заключэнне па арт. 193-1 КК РБ(недаступная спасылка). Беларускі Хельсінкскі камітэт (29 мая 2007). Архівавана з першакрыніцы 3 сакавіка 2012. Праверана 18 верасня 2011.
- ↑ а б в г д е Канчатковая справаздача Місіі БДІПЧ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 снежня 2010 (pdf). Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе (22 лютага 2011). Праверана 25 красавіка 2011.
- ↑ а б в Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь (руск.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (4 студзеня 2010). Праверана 18 верасня 2011.(недаступная спасылка)
- ↑ Зміцер Лукашук. Ярмошына: Я — член каманды прэзідэнта(недаступная спасылка). Рэпартажы. Еўрапейскае радыё для Беларусі (18 студзеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 21 лістапада 2011. Праверана 25 красавіка 2011.
- ↑ а б в Справаздача па выніках назірання за выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 19 снежня 2010 года (pdf). Праваабаронцы за свабодныя выбары. Праваабарончы цэнтр «Вясна» (11 лютага 2011). Праверана 25 верасня 2011.
- ↑ а б в г д е ё Зборнік электроннай статыстыкі "Выбары Прэзыдента Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе" (руск.) (PDF)(недаступная спасылка). Прэзідэнцкія выбары 2010 года. Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Рэспублікі Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2012. Праверана 24 кастрычніка 2012.
- ↑ Звесткі аб колькасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных аркушах, здадзеных у тэрытарыяльныя камісіі (руск.) (pdf). Прэзідэнцкія выбары 2010 года. Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі. Праверана 23 красавіка 2011.(недаступная спасылка)
- ↑ Звесткі аб устанаўленні колькасці выбаршчыкаў, якія паставілі подпісы ў падтрымку прапановы аб вылучэнні кандыдатаў (руск.) (pdf)(недаступная спасылка). Прэзідэнцкія выбары 2010 года. ЦВК Беларусі. Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2012. Праверана 24 кастрычніка 2012.
- ↑ 19 кандыдатаў просяцца на старт . Палітыка. Радыё «Свабода» (24 верасня 2010). Праверана 24 верасня 2010.
- ↑ Зміцер Панкавец. Кіраўніком ініцыятыўнай групы Міхалевіча стаў Юрась мелашкевіч . Наша Ніва (23 верасня 2010). Праверана 23 красавіка 2011.
- ↑ Рымашэўскі зарэгіструе ініцыятыўную групу заўтра (руск.)(недаступная спасылка). Палітыка. Беларускі партызан (23 верасня 2010). Архівавана з першакрыніцы 25 лістапада 2011. Праверана 23 красавіка 2011.
- ↑ Валерый Каліноўскі. Уладзімір Кобец стаў кіраўніком ініцыятыўнай групы Саннікава . Людзі і выбары. Радыё «Свабода» (22 верасня 2010). Праверана 23 красавіка 2011.
- ↑ Уладзімір Глод. У рэзерве ў Статкевіча — ён сам . Палітыка. Радыё «Свабода» (22 верасня 2010). Праверана 23 красавіка 2011.
- ↑ Ганна Соўсь. В. Цярэшчанка: ёсць людзі, якія павінны павесці Беларусь наперад . Людзі і выбары. Радыё «Свабода» (21 верасня 2010). Праверана 23 красавіка 2011.
- ↑ Барысаў зняў сваю кандыдатуру на карысць Рымашэўскага . Выбары. Telegraf.by (7 кастрычніка 2010). Праверана 23 красавіка 2011.(недаступная спасылка)
- ↑ Гайдукевіч зняўся з выбараў (Абноўлена) . Палітыка. Хартыя’97 (8 кастрычніка 2010). Праверана 23 красавіка 2011.
- ↑ а б ЦВК узялася за ініцыятыўныя групы . Палітыка. Радыё «Свабода» (27 верасня). Праверана 27 верасня 2010.
- ↑ а б Зміцер Панкавец. Адзінаццаць кандыдатаў падалі ў выбаркамы больш 100 тысяч подпісаў(недаступная спасылка). Наша Ніва (30 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 21 верасня 2011. Праверана 23 красавіка 2011.
- ↑ Сяргей Пульша. Сяргей Рыжоў спыняе свой удзел у выбарчай кампаніі(недаступная спасылка). Палітыка. БелаПАН (21 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 5 снежня 2020. Праверана 23 красавіка 2011.
- ↑ Пасля тэлевыступаў кандыдатаў папярэджвае Генпракуратура . Радыё «Свабода» (24 лістапада 2010). Праверана 18 верасня 2011.
- ↑ Зміцер Лукашук. Ярмошына: «Дзе грошы патрацілі не на прэміі — там скрыні празрыстыя» . Рэпартажы. Еўрапейскае радыё для Беларусі (15 верасня 2010). Праверана 25 верасня 2011.(недаступная спасылка)
- ↑ Выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь . Дасье. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (14 снежня 2011). Праверана 19 верасня 2011.
- ↑ Агульнакраёвае апытанне 14-24 кастрычніка 2010 (руск.). Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (15 лістапада 2010). — Апыталі 1505 чал., памылка прадстаўнічасці не перавышае 0.03. Праверана 18 верасня 2011.(недаступная спасылка)
- ↑ Віталь Цыганкоў. Апазіцыйныя кандыдаты могуць запісаць тэледэбаты сабе ў плюс . Палітыка. Радыё «Свабода» (4 снежня 2010). Праверана 18 верасня 2011.
- ↑ Алесь Дашчынскі. У радыёдэбатах узялі ўдзел кандыдаты і давераныя асобы . Палітыка. Радыё «Свабода» (5 снежня 2011). Праверана 21 верасня 2011.
- ↑ Сяргей Каралевіч. Рыгор Кастусёў перадаў у ЦВК скаргу з патрабаваннем прызнаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў несапраўднымі(недаступная спасылка). Палітыка. БелаПАН (22 снежня 2010). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 23 красавіка 2011.
- ↑ БГК патрабуе прызнаць выбары прэзідэнта несапраўднымі . Беларускі праўны партал (16 студзеня 2011). Праверана 18 верасня 2011.(недаступная спасылка)
- ↑ Юлія Ваніна. Л. Козік: ФПБ падтрымлівала і будзе далей падтрымліваць прэзідэнта Беларусі А. Лукашэнку . Грамадства. БелТА (15 верасня 2010). Праверана 19 верасня 2011.
- ↑ А. Радзькоў падзякаваў актывістам БРСМ за падтрымку А. Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах . Грамадства. БелТА (3 сакавіка 2011). Праверана 19 верасня 2011.
- ↑ Юлія Ваніна. «Белая Русь» напярэдадні выбараў(недаступная спасылка). Каментары. БелТА (8 снежня 2009). Архівавана з першакрыніцы 21 лістапада 2011. Праверана 19 верасня 2011.
- ↑ Сяргей Каралевіч. Лідзія Ярмошына выступае супраць адмены датэрміновага галасавання(недаступная спасылка). Палітыка. БелаПАН (19 снежня 2010). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 18 верасня 2011.
- ↑ Выніковыя звесткі аб выніках галасавання (руск.) (pdf)(недаступная спасылка). Прэзідэнцкія выбары 2010 года. ЦВК Беларусі. Архівавана з першакрыніцы 1 лістапада 2019. Праверана 24 касстрычніка 2012.
- ↑ naviny.media Архівавана 19 снежня 2020.
- ↑ Зоя Варанцова. Плацдарм падрыхтаваны . Выбары-2010. Звязда, №181, 26789 (16 верасня 2010). Праверана 23 красавіка 2011.
- ↑ Каляндар выбараў . Радыё «Свабода» (14 верасня 2010). Праверана 18 верасня 2010.
- ↑ Барацьба за крэсла прэзідэнта Беларусі сярод беспрацоўных абвастраецца (руск.). Interfax-Захад (24 верасня 2010). Праверана 23 красавіка 2011.(недаступная спасылка)
- ↑ Пастанова Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб назначэнні выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» №412-П4/У ад 14 верасня 2010 . Звязда, №180, 26788 (15 верасня 2010). Праверана 23 красавіка 2011.(недаступная спасылка)
- ↑ «Аптымальны варыянт». Парламенцкі дзённік // «Звязда» № 180 (26788) 15 верасня 2010
- ↑ Алесь Пілецкі. Выбары прызначаныя на Міколу . «Наша Ніва» (14 верасня 2010). Праверана 19 верасня 2010.
- ↑ Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць «пад каўпаком» міжнародных наглядальнікаў - Л. Ярмошына . БелТА (16 верасня 2010). Праверана 19 верасня 2011.
- ↑ Датэрмінова змусілі 23,1%(недаступная спасылка). Наша Ніва (19 снежня 2010). Архівавана з першакрыніцы 19 верасня 2011. Праверана 23 красавіка 2011.
- ↑ У Беларусі сёння пачаліся прэзідэнцкія выбары . Выбары-2010. Афіцыйная старонка Рэспублікі Беларусь (19 снежня 2010). Праверана 25 снежня 2010.(недаступная спасылка)
- ↑ экзітполы: ЭКООМ - за Лукашэнку 72,3 працэнты, INSIDE - 37,8 . Палітыка. Радыё «Свабода» (19 снежня 2010). Праверана 25 снежня 2010.
- ↑ Сайт charter97.org заблокирован (руск.). Палітыка. «Хартыя’97» (19 снежня 2010). Праверана 25 снежня 2010.
- ↑ У правозащитников и журналистов заблокированы телефоны (руск.). Палітыка. «Хартыя’97» (19 снежня 2010). Праверана 25 снежня 2010.
- ↑ Созданы фальшивые сайты белорусских интернет-СМИ в домене.in (руск.). Палітыка. «Хартыя’97» (19 снежня 2010). Праверана 25 снежня 2010.
- ↑ а б Bykouski, Paulyuk. Belarusian Media in the Virtual Space (англ.) 5. BELL (2011). Архівавана з першакрыніцы 11 снежня 2020. Праверана 11 снежня 2020.
- ↑ Беларусь у інфармацыйнай аблозе . Палітыка. Радыё «Свабода» (19 снежня 2010). Праверана 25 снежня 2010.
- ↑ Невядомыя ў чорным збілі някляеўцаў. Някляева забрала хуткая дапамога . Палітыка. Радыё «Свабода» (19 снежня 2010). Праверана 25 снежня 2010.
- ↑ Плошча 2010 . Палітыка. Радыё «Свабода» (19—20 снежня 2010). Праверана 23 красавіка 2011.
- ↑ Затрыманыя кандыдаты ў прэзідэнты Алесь Міхалевіч і Дзмітрый Вус . Выбары прэзідэнта 2010. Праваабарончы цэнтр «Вясна» (20 снежня 2010). Праверана 23 красавіка 2011.
- ↑ 20 снежня Аляксандр Лукашэнка правёў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў айчынных і замежных СМІ . Прэс-служба прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (20 снежня 2010). Праверана 10 мая 2011.
- ↑ Лукашэнка прынёс прысягу і афіцыйна заняў пасаду прэзідэнта, дапоўнена(недаступная спасылка). Палітыка. БелаПАН (21 студзеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 12 красавіка 2015. Праверана 22 верасня 2011.
- ↑ Андрэй Саннікаў на свабодзе // «Наша Ніва»
- ↑ Дзмітрый Ус выйшаў на волю(недаступная спасылка) // «Наша Ніва», 1 кастрычніка 2011
- ↑ Віталь Рымашэўскі пра выбары ў 2010 і 2015
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Выборы Президента Республики Беларусь 19 декабря 2010 года Архівавана 18 кастрычніка 2006. (руск.) ЦВК РБ
- Выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь(недаступная спасылка). Белтэлерадыёкампанія. Архівавана з першакрыніцы 30 снежня 2010. Праверана 22 верасня 2011.
- Выбары 2010 . Наша Ніва. Праверана 22 верасня 2011.
- Людзі і выбары . Радыё «Свабода». Праверана 22 верасня 2011.