Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з А. М. Пяткевіч)
Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч
Дата нараджэння 30 сакавіка 1931(1931-03-30)
Месца нараджэння
Дата смерці 11 сакавіка 2022(2022-03-11) (90 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці педагог, літаратуразнавец, літаратурны крытык, краязнаўца, літаратар
Навуковая сфера літаратуразнаўства[1], краязнаўства, літаратурная крытыка[1] і рэгіяналістыка[d][1]
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат філалагічных навук
Альма-матар
Член у

Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч (30 сакавіка 1931, вёска Новы Свержань, Стаўбцоўскі павет, Навагрудскае ваяводства, Польская Рэспубліка — 11 сакавіка 2022, Гродна) — беларускі навуковец у галіне літаратуразнаўства і краязнаўства, педагог. Кандыдат філалагічных навук (1963), прафесар (1994).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 30 сакавіка 1931 года ў вёсцы Новы Свержань Стаўбцоўскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер — Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці) ў сям’і рабочага.

У 1954 годзе скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1957 годзе — аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ.

З 1957 года жыў у Гродне. Працаваў на кафедры літаратуры Гродзенскага педінстытута імя Я.Купалы ў 1957—1968 гг., на кафедры беларускай літаратуры Гродзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы ў 1968—1990 гадах (у 1968—1974 гадах — загадчыкам кафедры, з 1978 года — дацэнтам), на кафедры беларускай культуры гэтага ўніверсітэта ў 1990—2006 гадах (у 1991—2001 гадах — загадчыкам кафедры), на кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму ў 2006—2013 гадах, на кафедры турызму і культурнай спадчыны ў 2013—2017 гадах.

Быў адным з ініцыятараў за наданне Гродзенскаму ўніверсітэту імя класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, стварэння кафедры беларускай культуры.

Ганаровы член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (2006). Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (1971), сябра Міжнароднага купалаўскага Фонду (1997). Узнагароджаны дзяржаўнымі медалямі.

Старшыня Гродзенскай арганізацыі «Ветэраны Адраджэння» (2004—2014). Старшыня Гродзенскай гарадской арганізацыі «Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны» (1989—2001 і з 2005). Вёў на Гродзенскай абласной студыі тэлебачання штомесячную перадачу «Кнігарня» (1973—1974 і 1976—1989).

Памёр 11 сакавіка 2022 года ў Гродне[2].

Навукова-даследчыцкая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Сфера навуковых інтарэсаў — літаратуразнаўства, літаратурная крытыка і краязнаўства.

Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Псіхалагічны аналіз і праблема характару ў прозе Кузьмы Чорнага».

З 1958 года друкаваў артыкулы, гісторыка-літаратурныя і краязнаўчыя даследаванні, рэцэнзіі ў альманахах, навуковых зборніках, энцыклапедычных выданнях, перыядычным друку. Выдаў кнігу «Сюжэт. Кампазіцыя. Характар: Аб прозе Кузьмы Чорнага» (1981). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1969), «Гісторыі беларускай літаратуры. XIX — пачатак XX ст.» (1981).

Быў навуковым кіраўніком аспірантаў, падрыхтаваў трох кандыдатаў навук.

Аўтар 527 літаратурна-крытычных і культуралагічных работ, у тым ліку 16 кніг.

Выбраная бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  1. Наднёманскія былі. Мн., «Беларусь». 1968 (у сааўт.).
  2. Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Том 2. Мн., «Навука і тэхніка». 1969 (у сааўт.).
  3. Сюжэт. Кампазіцыя. Характар. Аб прозе К.Чорнага. Мн. «Мастацкая літаратура», 1981.
  4. Гісторыя беларускай літаратуры. Х1Х — пач. ХХ стагоддзя. Мн., «Вышэйшая школа». 1981 (у сааўт.).
  5. Пісьменнікі прынёманскага краю. Гродна. Таварыства аматараў кнігі. 1986.
  6. Zblizenia. Portrety bialostockich pisarzy. Cz 11. Bialystok. 1995 (у сааўт.).
  7. Літаратурная Гродзеншчына. Мясціны. Людзі. Кнігі. Мн., «Бацькаўшчына». 1996.
  8. Гісторыя беларускай літаратуры. Х1Х — пач. ХХ стагоддзя. Выданне 2-е, дапрацаванае і дапоўненае. Мн., «Вышэйшая школа». 1998 (у сааўт.).
  9. Людзі культуры з Гродзеншчыны. Даведнік. Гродна. ГрДУ. 2000.
  10. Маршруты кніжнага слова: з гісторыі кнігі, друку на Гродзеншчыне. Варшава. «Ідее». 2002.
  11. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Том 4. Кніга 2. Мн., «Навука і тэхніка». 2003 (у сааўт.).
  12. Старонкі спадчыны. Культурнае памежжа Гродзеншчыны: працэсы, з’явы, асобы. Мн., «Беларускі кнігазбор». 2006.
  13. Матыўная прастора беларускай літаратуры. Гродна. ГрДУ. 2009 (у сааўт.).
  14. Музычна-тэатральная культура Беларусі (Х-ХVIII стст.). Дапаможнік. Гродна. ГрДУ. 2010, выданне 2-е, 2011.
  15. Слова і кніга Прынёмання. Зборнік навуковых артыкулаў. Гродна, «ЮрСаПрынт», 2016.
  16. Аўтографы — разам. Гродна, «ЮрСаПрынт». 2018.

Зноскі

  1. а б в Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  2. Памёр літаратуразнаўца Аляксей Пяткевіч

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]