Антон Антонавіч Шукелойць
Антон Антонавіч Шукелойць | |
---|---|
Род дзейнасці | грамадскі дзеяч |
Дата нараджэння | 19 ліпеня 1915 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 7 студзеня 2017 (101 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Партыя | |
Член у |
Антон Антонавіч Шукелойць, або Шукелойц (19 ліпеня 1915, в. Якелеўшчына Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Ашмянскі раён Гродзенскай вобл. — 7 студзеня 2017[1], Нью-Ёрк) — беларускі грамадскі дзеяч у ЗША.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сялянскай сям’і Антона і Бенедыкты з Пецюкевічаў. Бацька меў гаспадарку і гандляваў лесам. Скончыўшы Жупранскую пачатковую школу, паступіў у Ашмянскую польскую гімназію. Скончыў аддзяленне славянскай філалогіі і этнаграфіі гуманістычнага факультэта Універсітэта Стэфана Баторыя (1939). Падчас студэнцтва працаваў ва ўніверсітэцкім этнаграфічным музеі, часта выязджаў для збору матэрыялаў у розныя мясціны Беларусі.
У юнацтве далучыўся да грамадскага руху, падчас вучобы ў Ашмянскай польскай гімназіі быў сябрам беларускага гуртка сацыялістычнай моладзі, якім кіраваў вядомы ашмянскі сацыялістычны дзеяч адвакат Аляксандр Барановіч. У Вільні далучыўся да групы студэнтаў, якая выдавала часопіс беларускай сацыялістычнай думкі «Золак», ідэалагічна набліжаны да эсэраў. Ва ўніверсітэце быў сябрам беларускіх студэнцкіх арганізацый: Беларускага студэнцкага саюза, Таварыства прыяцеляў беларусаведы (у апошнім быў старшынёй). Спяваў у беларускім студэнцкім хоры пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы.
Па далучэнні Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе А. Шукелойць працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне. Арганізаваў у Ашмянах першую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы і каля 90 беларускіх школ на тэрыторыі былога Ашмянскага павета. Выкладаў беларускую мову ў гімназіі, дзе раней вучыўся сам. У 1940 годзе стаў дэпутатам Ашмянскага гарадскога савета, загадчыкам гарадскога аддзела народнай асветы і школьным інспектарам-метадыстам Ашмянскага раёна.
23 чэрвеня 1941 года арыштаваны органамі НКУС, вызваліўся з турмы ў выніку налёту нямецкай авіяцыі. Падчас нацысцкай акупацыі працаваў у аддзеле асветы і культуры Мінскай гарадской управы, дзе ўпарадкоўваў архівы ЗАГСа, часткова знішчаныя ў выніку ваенных дзеянняў. Затым стаў загадчыкам Беларускага гістарычнага музея (потым — Краязнаўчы музей). Далучыўся да падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі, удзельнічаў у заснаванні Мінскага камітэта Беларускай незалежніцкай партыі.[2] Пасля арганізацыі ў Мінску Беларускага культурнага згуртавання А. Шукелойця прызначылі кіраўніком аддзела краязнаўства галоўнай управы. Урэшце быў школьным інспектарам пры аддзеле Беларускай цэнтральнай рады. З 1944 года ў Германіі.
Пасля вайны працаваў у сістэме адукацыі ў лагерах для перамешчаных асоб у Германіі. Спрабаваў адшукаць у Баварыі сляды вывезеных туды беларускіх музейных каштоўнасцей. У пачатку 1950-x гадоў пераехаў у ЗША. Працаваў тавараведам пры Інстытуце вытворчасці моды, у краме вопраткі «Орбакг». Актыўны ўдзельнік жыцця беларускай дыяспары ў ЗША. Шматгадовы старшыня Беларуска-Амерыканскага задзіночання, член рэдакцыі газеты «Беларус», член Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.
Аўтар дзясяткаў артыкулаў, успамінаў, некралогаў апублікаваных у газетах «Бацькаўшчына» і «Беларус». Апублікаваны матэрыялы А. Шукелойця пра лёс музейных фондаў вывезеных у час Другой сусветнай вайны з Беларусі ў Германію і Аўстрыю.
100-гадовы юбілей Антона Шукелойця ўрачыста адзначаўся 19 ліпеня 2015 года беларускай грамадой у Нью-Ёрку (урачыстасць ладзіў Бруклінскі аддзел БАЗА).
Памёр 7 студзеня 2017 года. Пахаваны 14 студзеня 2017 года на беларускіх могілках Божай Маці Жыровіцкай у Іст-Брансуіку ў штаце Нью-Джэрсі.[3]
Зноскі
- ↑ Памёр патрыярх беларускай эміграцыі Антон Шукелойць. Ён пражыў 101 год — nashaniva.by, 08.01.2017, 00:05
- ↑ Сяргей Ёрш. Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі . Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2019.
- ↑ Пазьняк пра Антона Шукелойця: «Асоба беларускага духу, беларускай гісторыі і беларускай шляхетнай этыкі»(недаступная спасылка)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.;
- Мы гэтак шмат страцілі: [інтэрв’ю Ю.Хадыкі з А.Шукелойцам] // ЛіМ. 1991. 26 ліп.;
- Пазняк З. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. — Варшава: «АРО», 2003. — ISBN 9955-9337-8-X;
- Юрэвіч Л. Шукелойць Антон: Старонкі будучага даведніка // Кантакты і дыялогі, № 7-8. 2000.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Асобы
- Нарадзіліся 19 ліпеня
- Нарадзіліся ў 1915 годзе
- Нарадзіліся ў Ашмянскім павеце (Расійская імперыя)
- Памерлі 7 студзеня
- Памерлі ў 2017 годзе
- Памерлі ў Нью-Ёрку
- Пахаваныя на Беларускіх могілках у Іст-Брансуіку
- Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
- Члены Беларускай незалежніцкай партыі
- Постаці беларускай эміграцыі
- Беларусы ў ЗША
- Стагадовыя доўгажыхары
- Члены Беларуска-амерыканскага задзіночання
- Дэпутаты Ашмянскага гарадскога Савета дэпутатаў