Баі за Ліду (1920)
Баі за Ліду | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Польска-савецкая вайна | |||
Дата | 28—29 верасня 1920 | ||
Месца | Ліда | ||
Вынік | перамога польскіх войск | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Баі за Ліду — эпізод польска-савецкай вайны, частка бітвы на Нёмане.
План
[правіць | правіць зыходнік]25 верасня Юзаф Пілсудскі выдаў адмысловы ўказ аб захопе Ліды.
Наступленне на Ліду вялі з захаду дзве калоны 21-й горнай і 22-й добраахвотніцкай дывізіі. Аднак хутчэй іх да Ліды падыходзілі брыгада 1-й літоўска-беларускай дывізіі з захаду і з паўночна-ўсходняга напрамку 1-я пяхотная дывізія легіёнаў, якая падтрымлівалася 4-й кавалерыйскай брыгадай. 3-я пяхотная дывізія легіёнаў таксама рухалася да Ліды, але знаходзілася яшчэ блізу Нёмана.
Захоп Ліды залежаў і ад таго, ці паспеюць галоўныя сілы 3-й арміі бальшавікоў падысці да горада раней надыходзячых польскіх часцей, меншых іх па колькасці. Загад аб пачатку аперацыі па захопу Ліды камандзіры шэрагу польскіх часцей аддалі са спазненнем больш чым суткі. Але страту часу яны кампенсавалі хуткім выкананнем загаду і максімальна хуткім перамяшчэннем сваіх падраздзяленняў.
Ход баёў
[правіць | правіць зыходнік]Раніцай 28 верасня да Ліды падышоў авангард 3-й пяхотнай брыгады легіёнаў. У 10 гадзін раніцы 6-ы полк гэтай брыгады, які падтрымліваўся артылерыяй, пачаў бой за горад. Першы ўдар полк нанёс з поўначы. Савецкія войскі былі ўжо ў значнай ступені дэмаралізаваныя. Праз гэта бой доўжыўся нядоўга, і польскай брыгадзе ўдалося заняць горад. Штаб 3-й арміі РСЧА разам з яе камандуючым Лазарэвічам у апошні момант пакінуў месца свайго знаходжання, пакінуўшы дывізіі 3-й арміі без адзінага камандавання. Да таго, як палякі паспелі замацавацца на новых пазіцыях, па іх ударыла 3-я армія.
Першай у бой ўступіла 4-я стралковая дывізія. У баі ля Крывавага Бору яна панесла меншыя страты, чым іншыя дывізіі 3-й арміі. Раптоўная атака гэтай дывізіі прыйшлася на пазіцыі 2-га батальёна 6-га палка легіёнаў і 2-га батальёна 1-га палка легіёнаў. Чырвонаармейцы хутка авалодалі казармамі, чыгуначнай станцыяй і прарваліся ў цэнтр горада. Абаронай Ліды кіраваў сам камандзір 1-й дывізіі легіёнаў палкоўнік Домб-Бярнацкі. Завязаліся вулічныя баі, у якіх абодва бакі неслі вялікія страты. Батарэі 1-га артпалка легіёнаў вялі агонь прамой наводкай.
У 13 гадзін у бой уступілі 1-ы і 3-і батальёны 6-га пяхотнага палка легіёнаў. Контратака свежых батальёнаў змяшала салдат Чырвонай Арміі. Нясучы значныя страты, 4-я стралковая дывізія адступіла з Ліды, рухаючыся ў паўднёвым кірунку. Разам з ёй сыходзіла 168-я стралковая брыгада. Паблізу Ліды фарміраванне трапіла ў засаду, наладжаную 1-м і 3-м батальёнамі 6-га палка легіёнаў. У гэты час польская 4-я кавалерыйская брыгада, якая абыходзіла Ліду з усходу, разбіла каля вёскі Дуброўна адыходзячыя падраздзяленні 6-й стралковай дывізіі бальшавікоў.
Позна ўвечары 22 верасня да горада з захаду наблізілася яшчэ адно злучэнне 3-й арміі бальшавікоў — 21-я стралковая дывізія і каля 22 гадзін пачала атаку пры падтрымцы артылерыі. Чырвонаармейцы авалодалі мясцовымі казармамі, але затым былі адкінутыя праціўнікам. 21-я стралковая дывізія, якая напярэдадні панесла вялікія страты ў баі ля Крывавага Бору, адступіла ў лес на захад ад Ліды. Да 24 гадзін 28 верасня Ліда была цалкам ачышчана ад чырвонаармейцаў.
Асабісты склад 21-й стралковай дывізіі быў дэмаралізаваны вялікімі стратамі, ваеннымі няўдачамі і знясільваючымі паходамі. Не хапала патронаў і боепрыпасаў. Раззлаваныя чырвонаармейцы арыштоўвалі камісараў, якія загадвалі іх працягваць бой, выдалі іх палякам і раніцай 29 верасня здаліся[1].
Наступствы
[правіць | правіць зыходнік]Хоць Ліду ўдалося ўтрымаць, польскія войскі не змаглі канчаткова разграміць 3-ю армію бальшавікоў. Варшава слаба каардынавала дзеянні сваіх сіл, у выніку чаго ў баях за Ліду ўдзельнічалі 1-я дывізія легіёнаў і 4-я кавалерыйская брыгада, а астатнія часці не паспелі падысці да горада. Усё ж 3-й арміі прыйшлося змяніць маршрут адступлення, тым самым адкрыўшы дарогу польскім войскам у тылы 15-й і 16-й армій бальшавікоў.
У баях за Ліду выявіўся заняпад баявога духу савецкіх часцей, у выніку чаго адбылася масавая здача ў палон — да 10 000 салдат. Было захоплена 40 гармат, 67 кулямётаў, 2350 абозных фурманак з рыштункам і запасамі, а таксама 1 аўтамабіль і 2 матацыкла[2]. Далейшы пераслед войск бальшавікоў 2-й кавалерыйскай брыгадай 29 верасня на паўднёвы ўсход ад Ліды паказаў, што яны амаль не аказвалі супраціўлення. У гэты дзень здаліся яшчэ 500 чырвонаармейцаў, было ўзята 9 гармат і 36 кулямётаў[3].
Пасля баёў за Ліду і ў яе ваколіцах усё паўночнае крыло Заходняга фронту фактычна перастала існаваць. Стварылася пагроза акружэння 15-й і 16-й армій «чырвоных». Камандуючы Заходнім фронта РСЧА Міхаіл Тухачэўскі аддаў загад аб хуткім адыходзе на ўсход. Нёманская аперацыя польскіх войскаў канчаткова развеяла надзеі палітычнага і ваеннага кіраўніцтва РСФСР выйграць у вайне з Польшчай.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Прушиньский М. «Драма Пілсудьского», с. 301—302
- ↑ Грицкевич 2005, с. 332—334.
- ↑ Odziemkovski. J. «Leksikon wojny Polsko-Rossijskiej 1919—1920», s. 231, 284
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- А.П. Грицкевич. Западный фронт РСФСР 1918-1920. — Харвест, 2005. — С. 332—334.