Перайсці да зместу

Мазырская аперацыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мазырская аперацыя
Асноўны канфлікт: Польска-савецкая вайна
Дата 4—23 сакавіка 1919
Месца Усходняе Палессе
Вынік перамога польскіх войск
Праціўнікі
 Польшча  РСФСР
Камандуючыя
Уладзіслаў Сікорскі невядома
Сілы бакоў
тры пяхотныя брыгады дзве брыгады
Страты
62 забітых і параненых 800 палонных

Мазырская аперацыя — тактычная наступальная аперацыя польскіх войск падчас савецка-польскай вайны.

Падрыхтоўка і сілы бакоў

[правіць | правіць зыходнік]

Рыхтуючыся да буйнога наступлення ва Украіне, польскае камандаванне вырашыла папярэдне захапіць павятовы горад Мазыр і чыгуначны вузел Калінкавічы. Гэта перарэзала б важную рокадную чыгунку, якая дазваляла савецкаму камандаванню хутка перакідваць войскі і боепрыпасы ўздоўж усяго савецка-польскага фронту, і вымусіла б яго карыстацца больш аддаленымі ад фронту шляхамі паведамлення. Акрамя таго, захоп Мазыра дазваляў польскім войскам заняць выгадную пазіцыю на ўзвышаным правым беразе Прыпяці. У выпадку поспеху аперацыі Палеская група польскіх войскаў стварыла б пагрозу праваму флангу 12-й арміі РСЧА.

Палеская група польскіх войскаў складалася з 9-й пяхотнай дывізіі (камандуючы дывізіяй і ўсёй групай — палкоўнік Уладзіслаў Сікорскі) і 2-й кавалерыйскай брыгады (2 палкі, камандуючы-палкоўнік Здзіслаў Касцецкі). Група налічвала 7 тысяч штыкоў і 1700 шабляў, мела 202 кулямёты, 28 гармат, 2 бронецягнікі.

Раён Мазыр—Калінкавічы абаранялі дзве брыгады 47-й стралковай дывізіі РСЧА. Польская разведка ацаніла сілы праціўніка ў 4 тысячы штыкоў, 150 шабляў, 84 кулямёты, 24 гарматы і 6 бронецягнікоў. У тыле, у раёне Рэчыцы (85 км ад Калінкавіч) знаходзілася 57-я стралковая дывізія.

Галоўнакамандуючы Юзаф Пілсудскі 26 лютага 1920 года выдаў загад аб пачатку Мазырскай аперацыі ў пачатку сакавіка 1920 года. План аперацыі прадугледжваў наступленне 17-й пяхотнай брыгады ў цэнтры на Мазыр і Калінкавічы з адначасовым абыходам сіл праціўніка на флангах: на поўначы 2-й кавалерыйскай брыгадай праз мястэчка Шацілкі да Дняпра, на поўдні 18-й пяхотнай брыгадай праз Ельск на Барбароў і Нароўлю. Гэтым сілам была пастаўлена задача акружыць і знішчыць савецкія войскі ў раёне Мазыра. Паралельна 4-я пяхотная дывізія павінна была ўдарыць з поўначы на Оўруч, каб адцягнуць увагу і сілы РСЧА ад асноўнай аперацыі польскіх войскаў.

Ход баявых дзеянняў

[правіць | правіць зыходнік]

Ва ўмовах вясновай бездаражы ў лясіста-балоцістай мясцовасці войскі Палескай групы пачалі наступленне на досвітку 4 сакавіка. Першыя ж атакі прынеслі поспех, бо выпадкова супалі з заменай часцей 47-й стралковай дывізіі часцямі 57-й стралковай дывізіі. Увечары 5 сакавіка два батальёны 17-й пяхотнай брыгады падышлі да Калінкавічаў, абыйдучы іх з паўночнага ўсходу, і завязалі бой на станцыі. Раніцай 6 сакавіка польскія падраздзяленні цалкам занялі станцыю Калінкавічы, узяўшы ў палон каля 500 чалавек і захапіўшы адзін бронецягнік.

18-я пяхотная брыгада 9-й дывізіі да поўдня 5 сакавіка ўварвалася ў Мазыр і захапіла мост праз Прыпяць. Захоп горада адбыўся настолькі імкліва, што польскім войскам удалося захапіць штаб 1-й брыгады савецкай 47-й дывізіі. У 17 гадзін з паўднёва-заходняга напрамку ў Мазыр увайшлі астатнія падраздзяленні 18-й пяхотнай брыгады.

Да раніцы 6 сакавіка войскі Палескай групы выйшлі на рубяжы, названыя ў загадзе Пілсудскага, за выключэннем Шацілак, якія былі занятыя ўвечары. Неўзабаве польскімі войскамі былі занятыя таксама Ельск, Барбароў і Нароўля.

Савецкія войскі спрабавалі контратакаваць, асабліва моцныя баі ішлі ў раёне Шацілак, аднак польскія войскі аказалі ўпарты супраціў. У ходзе баёў з 17 па 23 сакавіка ўсе атакі савецкіх войскаў былі адбітыя.

Наступленне польскіх войскаў стварыла пагрозу Гомелю. Польскія войскі захапілі 21 паравоз, 890 вагонаў, 3 бронекатэры і 23 рачныя судны. Было ўзята звыш 800 палонных, 14 гармат, некалькі дзясяткаў кулямётаў, два склада боепрыпасаў. Польскія страты падчас Мазырскай аперацыі склалі 62 чалавекі забітымі і параненымі. За гэтую аперацыю палкоўнік Уладзіслаў Сікорскі атрымаў ордэн «Virtuti Militari» 2-га класа і званне генерала-падпаручніка.

  • А. П. Грицкевич «Западный фронт РСФСР 1918—1920. Борьба между Россией и Польшей за Белоруссию» — Минск, «Харвест», 2010. ISBN 978-985-16-6650-4