Беларуская Самаабарона

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Беларуская Самаабарона (БСА) — беларуская ўзброеная нацыянальна-вызваленчая арганізацыя, якая дзейнічала на Палессі напярэдадні і напачатку нямецка-савецкай вайны 1941—1945 гадоў. З часам перафарматавалася ў Беларускую Народную Партызанку.

Перадгісторыя стварэння БСА[правіць | правіць зыходнік]

Пасля пачатку Другой Сусветнай вайны на тэрыторыі БССР, а менавіта на тэрыторыі Палесся, зноў актывізавалася антысавецкая дзейнасць, якая была таксама дадаткова прастымуляваная нямецкім камандаваннем. Перад наступам на Палессе нямецкае кіраўніцтва прыйшло да высновы, што ў гэтай мясцовасці немагчыма выкарыстанне танкаў і цяжкай тэхнікі, таму было вырашана выкарыстаць патэнцыял беларускіх і ўкраінскіх антысавецкіх дзеячаў і арганізацый, якія існавалі на ўжо захопленай Германіяй былой тэрыторыі Польшчы: сярод іх былі «Беларускі Народны Фронт» Шчорса-Гадлеўскага, і «Украінскае Нацыянальнае Вызваленне» Тараса Бульбы-Бараўца. «Беларускі Народны Фронт» быў вядомы тым, што прыкрываючыся нацыяналістычнай арганізацыяй, разбудоўваў падпольныя структуры беларускага супраціву і арганізоўваў беларускія дыверсійныя групы, якія перакідваліся ў БССР, у складзе якіх былі вядомыя беларускія нацыяналісты: Міхал Вітушка, Усевалад Родзька, Сцяпан Гугель, Мечыслаў Контаўт, Рыгор Зыбайла, Юрка Вежан і іншыя. «Украінскае Нацыянальнае Вызваленне» (пазней стала звацца «Палеская Сеч Украінскай Паўстанчай Арміі» або проста УПА) у той час займалася вызваленнем вязняў з савецкіх турмаў, захопам зброі і амуніцыі з мэтай схову ў хованках, а таксама вызваленнем мабілізаваных у савецкую армію. Згодна з планамі немцаў, гэтыя і іншыя шматлікія дробныя арганізацыі павінны былі на першых кроках нямецка-савецкай вайны вызваляць тэрыторыю (якая пазней акупавалася Вермахтам), выконваць абарончыя функцыі і змагацца супраць савецкіх салдат, якія патрапяць у будучы «Палескі кацёл». Аб кіраўніцтве Беларускай Самаабароны няма дакладных звестак: Тарас Бульба-Баравец называе камандзірамі аддзелаў БСА «капітана Усевалада Родзьку ды ягонага заступніка паручніка Міхала Вітушку», але таксама вядома, што да кіраўніцтва належалі сябры Беларускай Народнай Грамады Якуб Харэўскі і Васіль Вір.

Стварэнне і дзейнасць БСА[правіць | правіць зыходнік]

Шматлікія аперацыі беларускіх антысавецкіх арганізацый ад самага пачатку праводзіліся разам з украінцамі, вынікам чаго стала беларуска-украінская канферэнцыя БСА і «Палескай Сечы» Тараса Бульбы-Бараўца у Пінску. Ад беларускай стараны выступалі Міхал Вітушка, Усевалад Родзька, атаман Якуб Харэўскі (Новік) і Васіль Вір, а ад украінскай стараны галавой дэлегацыі быў атаман П. Даўмацюк-Налівайка. Вынікі канферэнцыі былі настолькі паспяховымі, што Тарас Бульба-Баравец пазней напісаў:

«…беларусы віталі нашу дэлегацыю з асаблівай гасціннасцю, уласціваю хіба толькі гэтаму рыцарскаму народу. Яны цалкам ухвалілі супольны план як найхутчэйшага ачышчэння ўсіх нашых палескіх земляў ад расейска-бальшавіцкага тэрору. Дэлегацыі дамовіліся, што штаб беларусаў падрыхтуе таксама свой план, а тады абодва планы будуць узгоднены і па аднаму сігналу распачнецца генеральны наступ. Адносіны беларусаў да немцаў былі такімі самымі, як і ў нас. Беларусы таксама змагаліся за сваю суверэнную дзяржаву супраць СССР і былі гатовыя на чынную барацьбу супраць Германіі, у выпадку, калі нямецкая палітыка ня будзе шанаваць дзяржаўных інтарэсаў беларускага народу.»[1](укр.) 

З украінскай стараны план быў створаны асабіста атаманам Бульбай-Бараўцом, паручнікам Дарашэнкам, сотнікам Васілём Раеўскім і іншымі, ад беларусаў план верагодна гатавалі Міхал Вітушка і Усевалад Родзька, таму што менавіта яны былі выкліканыя ў кастрычніку 1941 году нямецкім кіраўніцтвам у Мінск з мэтай падрабязнага апісання Палескай аперацыі.

Згодна з планам, распрацаваным сумесна штабамі БСА і Палескай Сечы УПА, 5 тысяч салдат БСА і 10 тысяч украінцаў пачыналі аперацыю 20 жніўня 1941 году. Немцы толькі назіралі за ходам аперацыі і не ўдзельнічалі непасрэдна, украінцы павінны былі вызваляць раёны Столін-Сарны-Алеўск-Наваград-Валынскі-Оўруч, беларусы бралі сабе ўсе раёны на ўсход ад лініі Слуцк-Лунінец у напрамку Мазыра, а ў канцы аперацыі хаўрусныя беларуска-украінскія войскі аб’ядноўваліся ў раёне Мазыра. Мясцовае насельніцтва Палесся было расчаравана савецкай уладай, а менавіта яе рэпрэсіямі і эканамічнымі мерапрыемствамі, таму беларускія войскі мелі дапамогу мясцовых жыхароў і ўжо ў першыя дні вайны паспяхова вызвалялі адну вёску за іншай ад савецкіх войскаў. Сумесныя войскі хутка ішлі наперад, а ў кожным вызваленым ад Чырвонай Арміі, НКВД і савецкіх партызанаў населеным пункце ўкраінцы і беларусы ўсталёўвалі сваю ўладу, выдавалі газеты і дзялілі зямлю. У гэты час Вермахт абыходзіў Палессе з поўдня і поўначы на ўсход да Кіева і Смаленску. Сур’ёзнага супраціву беларускім вайскоўцам Чырвоная Армія не аказвала і хутка адступала ўглыб СССР, таму беларусы хутка атрымалі кантроль над цэлымі раёнамі. У выніку цэлыя савецкія злучэнні Чырвонай Арміі і НВКД апынуліся разбітымі ў так званым «Палескім катле» - трыкутніку Пінск-Мазыр-Корасцень.

У кастрычніку 1941 году ў вызваленае Палессе прыбыла нямецкая адміністрацыя з мэтай усталявання новай улады і кантролю, а першым крокам было падначальванне мясцовай міліцыі. Палеская Сеч УПА Тараса Бульбы-Бараўца ў адказ на гэтыя меры прыхавала зброю і афіцыйна абвесціла аб самароспуску 15 лістапада 1941 году, а Беларуская Самаабарона падзялілася. Некаторыя аддзелы БСА адышлі ў лясы, а большая частка функцыянавала далей як афіцыйная паліцыя. Міхал Вітушка і Усевалад Родзька таксама перайшлі на легальнае становішча. Як узгадваў Васіль Вір, нават вясковая дапаможная паліцыя не хавала антынямецкіх настрояў і беларускія аддзелы выкурвалі прысланыя нямецкія атрады. Фармальна Беларуская Самаабарона ўжо не дзейнічала і яе сябры былі падпарадкаваныя немцам, але фактычна падтрымлівалася сувязь з мінскімі актывістамі, мінская паліцыя крыху дапамагала зброяй, а частка самаабароны дзеяла самастойна. Пазней раздробленая Беларуская Самаабарона перафарматавалася ў Беларускую Народную Партызанку, якая таксама дзейнічала разам з украінцамі і згодна з успамінамі атамана Язэпа Таўпекі, запанавала ў беларускіх лясах і вёсках зімой 1941 году.

Форма БСА[правіць | правіць зыходнік]

Беларуская Самаабарона таксама мела ўласную вайсковую форму:

  • Ушытыя з савецкіх, пясковага колеру шынеляў, фрэнчы і шапкі-кэпі (на ўзор аўстрыйскіх), на якіх была выява Ярылавага крыжа
  • шлемы савецкага вырабніцства з выявай Ярылавага крыжа, намаляванага белым ці жоўтым колерам

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі