Ян Матусевіч
Ян Матусевіч | |
---|---|
Ян Карповіч-Матусевіч | |
Род дзейнасці | святар, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч |
Дата нараджэння | 24 ліпеня 1948 |
Месца нараджэння | Мінск, БССР |
Дата смерці | 2 верасня 1998 (50 гадоў) |
Месца смерці | Мінск, Рэспубліка Беларусь |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Веравызнанне | Каталіцкая Царква |
Альма-матар | |
Член у |
Ян Матусевіч (Ян Карповіч-Матусевіч[1]; 24 ліпеня 1948, Мінск[2] — 2 верасня 1998, Мінск) — беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, святар.
Нягледзячы на тое, што нарадзіўся будучы святар 24 ліпеня 1948 года[1], а. Ян Матусевіч заўсёды святкаваў свой Дзень народзінаў 24 чэрвеня — на свой Дзень анёла ў гонар Св. Яна Хрысціцеля[3].
Сямейныя карані
[правіць | правіць зыходнік]Паходзіць з пабожнай праваслаўнай сям'і з уніяцкімі каранямі. Яго бацька — Ян, сын Піліпа — паходзіў з шматдзетнай сям'і з в. Кандратавічы Лагойскага раёна Мінскай вобласці, у 1943 прымусова быў вывезены ў Германію, адкуль вярнуўся інвалідам, усё жыццё быў вельмі пабожным чалавекам і пакуль былі сілы хадзіў да царквы.[2] Бацька Яна Матусевіча вельмі сябраваў з сваім стрыечным братам — праваслаўным святаром, якога ў канцы 1940-х расстралялі.
Маці Яна Матусевіча — Анастасія, дачка Галляша з роду Карповічаў, нарадзілася на Меншчыне ў в. Камянец пад Радашковічамі, таксама ў шматдзетнай сям'і, дзе было 7 дзяцей. Перад вайной яна працавала хатняй гаспадыняй у кампазітара Самуіла Палонскага, у доме якога часта бывалі беларускія паэты і які напісаў шмат песняў на творы Янкі Купалы. У гады вайны маці Яна Матусевіча разам з роднай сястрой, рызыкуючы жыццём, патаемна насіла ежу ў яўрэйскае гета ў Мінску для жонкі і малых дзяцей кампазітара Палонскага, якіх пазней расстралялі.[2]
Бацькі пабраліся шлюбам перад вайной. У 1939 чакалі дзяўчынку, але яна нарадзілася мёртвай. Праз два гады ў сям'і Матусевічаў нарадзіўся сын Андрэй, аднак ён памёр у 1943 ад дыфтэрыі. У 1948 у сям'і нарадзіўся сын Ян, якога хрысцілі 29 жніўня 1948 ў царкве Св. Аляксандра Неўскага ў Мінску. Святыя Тайны Хрышчэння і Мірапамазання ўдзяліў протаіерэй Яўстах Баслык[4].
Рэлігійнае ўзгадаванне атрымліваў ад сваіх пабожных бацькоў і сваякоў. Падчас вакацыяў Янам Матусевічам апекавалася цётка — каталічка з Заслаўя, якая часта брала яго з сабой у касцёл у м. Краснае каля Маладзечна.
Навучанне і праца
[правіць | правіць зыходнік]Пасля 8 класаў Ян Матусевіч пайшоў працаваць вучнем слесара радыёапаратуры на Мінскі радыязавод (цяпер — ААТ «Гарызонт»), адначасова вучыўся ў вячэрняй школе. У перыяд з 1964 па 1974 працаваў на самых розных пасадах: тэлеграфістам на Галоўпаштампце, старэйшым лябарантам у Акадэміі навук, інкасатарам у Дзяржбанку, быў на кіруючых пасадах у Дамах культуры і клубах, працаваў намеснікам дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы ў школе. У 1969 скончыў драматычнае аддзяленне рэспубліканскіх курсаў Міністэрства культуры і затым паступіў на вучобу ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на рэжысёрскае аддзяленне факультэту культасветработы (закончыў у 1973).[2]
Шлях да святарства
[правіць | правіць зыходнік]Яшчэ падчас вучобы ў тэатральна-мастацкім інстытуце адчуў вялікае жаданне стаць святаром. У адпаведнасці з тагачасным савецкім заканадаўствам вымушаны быў звярнуцца да ўпаўнаважанага па справах рэлігіі па дазвол для паступлення ў каталіцкую семінарыю ў Каўнасе (тады ў СССР было ўсяго 2 семінарыі, яшчэ адна — ў Рызе). Спачатку ўлады спрабавалі адгаварыць ад намеру стаць каталіцкім святаром па прычыне адсутнасці каталіцкай семінарыі ў Беларусі, а потым паставілі ўмову Яну Матусевічу: яны дадуць адпаведны дазвол для права на паступленне ў каталіцкую семінарыю па-за межамі Беларусі толькі ў тым выпадку, калі ён дасць абавязак паведамляць пра ўсе антысавецкія выказванні выкладчыкаў і семінарыстаў. Гэтую прапанову — стаць сексотам — Ян Матусевіч катэгарычна адкінуў, тым самым шлях у каталіцкую семінарыю для яго стаў закрыты.[2]
З студзеня па красавік 1974 спяваў у хоры ў царкве Св. Аляксандра Неўскага ў Мінску. Затым вымушаны быў з'ехаць з Беларусі ў Расію. Служыў панамаром ва Успенскім кафедральным саборы ў Смаленск, потым — псаломшчыкам у царкве г. Гагарын. Толькі такі шлях адкрыў Яну Матусевічу магчымасць стаць святаром. Савецкія ўлады далі дазвол, каб смаленскі праваслаўны епіскап высвяціў на святара. Спачатку яго высвяцілі на дыякана, а 29 жніўня 1974 епіскап Смаленскі і Вяземскі Феадосій высвяціў яго ў Смаленску на святара.
Служэнне ў Праваслаўнай Царкве
[правіць | правіць зыходнік]Душпастырскую дзейнасць распачаў у в. Спас Новадугінскага раёна Смаленскай вобласці, у самай глухой парафіі, куды не хадзіў аніякі транспарт, а да бліжэйшпй чыгуначнай станцыі было 20 км. Настаяцелем праваслаўнай царквы Перамянення Гасподняга ў в. Спас праслужыў да 1978, затым вярнуўся ў Беларусь.
З студзеня 1978 выконваў святарскае служэнне ў праваслаўнай царкве Св. Аляксандра Неўскага ў Мінску, затым паўгады служыў настаяцелем Успенскай царквы ў в. Маркава каля Маладзечна.
Яшчэ ў 1975 паступіў на завочнае аддзяленне праваслаўнай духоўнай семінарыі ў Загорску (цяпер Сергіеў Прастол), дзе вучыўся да 1979.
Пераход у каталіцтва
[правіць | правіць зыходнік]У тым жа 1979 выехаў у Польшчу і, дзякуючы рэкамендацыі сябра, які стаў ужо рымска-каталіцкім святаром, перайшоў у каталіцтва. Дазвол на пераход у каталіцтва даў яму кардынал Стэфан Вышынскі. Згодна з распараджэннем рымска-каталіцкага біскупа Яна Ярашэвіча, ардынарыя Келецкага, пасля іспыту на веданне асноваў каталіцкай веры, вызнання веры і складання абавязку захоўваць цэлібат, быў прыняты ў Каталіцкую Царкву і атрымаў дазвол на выкананне святарскага служэння. У жніўні 1979 Мітрапаліт Філарэт выдаў указ пра забарону Яну Матусевічу выконваць святарскае служэнне ў Праваслаўнай Царкве. Аднак на яго просьбу 8 жніўня 1981 ён сваім указам зняў з Яна Матусевіча забарону ў святарстве.[5]
Праца ў Барунах
[правіць | правіць зыходнік]Пасля вяртання з Польшчы ў Беларусь, паводле распараджэння тагачаснага Генеральнага вікарыя пралата Станіслава Кучынскага быў прызначаны ў Віленскую архідыяцэзію пробашчам у рымска-каталіцкую парафію Св. апосталаў Пятра і Паўла ў м. Баруны Ашмянскага раёна (сёння — Гродзенская дыяцэзія). У гэтай парафіі, дзе некалі размяшчаўся адзін з важных асяродкаў Уніяцкай Царквы і захаваўся прыгожы барочны комплекс былога базыльянскага манастыра з цудатворнай іконай Маці Божай Барунскай, а. Ян Матусевіч служыў з 1979 па красавік 1990.[5] Адным з першых 1988 ён пачаў служыць святую Імшу на беларускай мове,[1] а таксама пачаў удзяляць хрышчэнне ва ўсходнім абрадзе маладым беларусам, якія прагнулі аднаўлення Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.
Падчас сваёй святарскай дзейнасці неаднаразова зведаў ціск і пераслед з боку КГБ.[5] Адразу пасля пераходу ў Каталіцкую Царкву паўгода ўлады не давалі яму працавць на парафіі, выклікалі на размовы і пагражалі, што пасадзяць за здраду Радзіме, бо ён, нібыта, стаў агентам Ватыкану і ЦРУ. Яшчэ падчас працы на Смаленшчыне і ў в. Маркава (Маладзечанскі раён) у яго адбіралі даведкі аб рэгістрацыі (за агароджванне царкоўнага цвінтара і за накрыццё царквы новым дахам адпаведна), у Барунах штрафавалі за рамонтныя і будаўнічыя працы, а таксама за ўдзел дзяцей у працэсіях і іх катэхізацыю.
Пасля цяжкай аўтамабільнай аварыі да мая 1991 з дазволу Апостальскага адміністратара Гродзенскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі біскупа Тадэвуша Кандрусевіча знаходзіўся ў адпачынку па стану здароўя.[5]
У Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве
[правіць | правіць зыходнік]У 1990 стаў парахам першай грэка-каталіцкай парафіі ў Мінску. У чэрвені 1991 быў прыняты ардынарыем Івана-Франкоўскай грэка-каталіцкай епархіі біскупам Сафронам Дмытэркам пад яго юрысдыкцыю да канчатковага вырашэння справы Апостальскай Сталіцай.
У 1993 біскуп Сафрон Дмытэрка прызначыў а. Яна Матусевіча на пасаду дэкана Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, таксама да канчатковага вырашэння справы беларускіх грэка-католікаў Апостальскай Сталіцай. 16 мая 1994 Кангрэгацыя Усходніх Цэркваў афіцыйна пацвердзіла яго правы як параха ў Мінску і дэкана БГКЦ.[5]
Грамадская і асветніцкая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Адзін з сузаснавальнікаў Беларускага біблейскага таварыства. Падтрымліваў добрыя экуменічныя і асабістыя сяброўскія стасункі з прадстаўнікамі іншых канфесіяў: праваслаўнымі, баптыстамі, іўдзеямі, мусульманамі. Быў ці не адзіным прадстаўніком каталіцкага духавенства з Беларусі на святкаванні 1000-годдзя хрышчэння Русі ў 1988 у Маскве і Загорску. У тым жа годзе ўдзельнічаў у канферэнцыі «1000-годдзе хрышчэння Русі і беларускі народ», якая праходзіла ў Лондане. Шматразова выступаў у прэсе, на радыё і тэлебачанні, удзельнічаў у розных канферэнцыях, грамадскіх і культурных імпрэзах і сустрэчах беларускай інтэлігенцыі. Сярод асоб, якіх хрысціў а. Ян Матусевіч, шмат вядомых у Беларусі людзей — святары (у тым ліку і праваслаўныя, напрыклад, а. Сяргей Гардун), пісьменнікі, гісторыкі (прафесар Анатоль Грыцкевіч і інш.), мастакі, дзеячы культуры, журналісты.[5] Акрамя душпастырскай працы сярод беларускай інтэлігенцыі, а на пачатку 1990-х яшчэ і сярод скаўтаў і вязняў, актыўна распаўсюджваў Свяшчэннае Пісанне сярод інвалідаў, састарэлых, навучэнцаў.
Асвяціў у 1989 першы мемарыяльны крыж у Курапатах, устаноўлены ў памяць ахвяр палітычных рэпрэсій.[3] Быў ініцыятарам і заўсёды ўдзельнічаў у розных мерапрыемствах па ўшанаванні памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, асабліва на Дзяды і Радаўніцу.
Айцец Ян Матусевіч быў сярод тых, хто ўдзяляў шмат увагі Чарнобыльскай трагедыі, якая замоўчвалася тагачаснымі ўладамі. Святар гаварыў пра Чарнобыльскую катастрофу ў сваіх казаннях, браў удзел у розных круглых сталах і канферэнцыях па гэтай тэме, заўсёды ўдзельнічаў у шэсці «Чаробыльскі шлях», асвяціў разам з праваслаўным святаром абраз Маці Божай Чарнобыльскай.
Стаў удзельнікам устаноўчага з'езду БНФ «Адраджэнне». Быў сябрам Рады Таварыства беларускай мовы ад моманту яго заснавання. Быў неафіцыйным душпастарам беларускіх скаўтаў. Таксама ўдзельнічаў у працы Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, Згуртавання беларускай шляхты, Беларускага таварыства інвалідаў і інш.
Протапрасвітар БГКЦ а. Ян Матусевіч заўчасна памёр 2 верасня 1998 пасля цяжкае хваробы, якая развілася пасля аварыі, урачыста адсвяткаўвашы перад гэтым свой 50-гадовы юбілей і 25-годдзе святарскага служэння. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску.
З яго ўдзелам і пра яго былі зняты некалькі відэафільмаў.[3]
Зноскі
- ↑ а б в М. Г. Памяці святара. // Ave Maria. № 10, 2008.
- ↑ а б в г д Айцец Ян Матусевіч: «Я адчуў Боскае пакліканне» // Царква. № 2 (17), 1998, с. 8.
- ↑ а б в 22 чэрвеня — Дзень памяці а. Яна Матусевіча. Царква, № 2 (33), 2002, с. 9.
- ↑ АНТОЛОГИЯ СЕМИНАРСКОЙ ЖИЗНИ. ИЗ ВОСПОМИНАНИЙ ОТЦА ЕВСТАФИЯ БАСЛЫКА. ЧАСТЬ 1 (1922—1924) (руск.) // ПРАВОСЛАВИЕ.RU
- ↑ а б в г д е Айцец Ян Матусевіч: «Я адчуў Боскае пакліканне» // Царква. № 2 (17), 1998, с. 9.