Беларуская санацыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларуская санацыя — неафіцыйная назва групы беларускіх дзеячаў у Заходняй Беларусі. Створана ў сярэдзіне 1929 пасля расколу ў кіраўніцтве Таварыства беларускай школы. Лідары А. Луцкевіч, Р. Астроўскі, Я. Станкевіч, Ф. Акінчыц, якія ў 1930 стаялі на чале Цэнтральнага саюза культурных і гаспадарчых арганізацый. Друкаваны орган — газета «Наперад».

Беларуская санацыя з'яўлялася выразнікам той часткі крыла нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, што ва ўмовах узмацнення рэпрэсій польскіх улад, а таксама рэпрэсіўнай палітыкі бальшавікоў у БССР адзіна магчымым шляхам культурна-нацыянальнага развіцця лічыла пошук кампрамісаў з «санацыйным» урадам Ю. Пілсудскага, не выключаючы парламенцкіх сродкаў барацьбы. З гэтай нагоды сярод беларускай грамадскасці, што арыентавалася на КПЗБ і Камінтэрн, група атрымала назву «санацыя» (ад лац. sanatio — аздараўленне). У мемарыяле да прэзідэнта Польшчы І. Масціцкага лідары групы заявілі пра імкненне «да маральнага раззбраення з абодвух бакоў, спакойнай згоды і разгляду сукупнасці беларуска-польскіх пытанняў», высунулі патрабаванне вылучыць тры паўночна-ўсходніх ваяводства (Віленскае, Навагрудскае і Палескае) у асобную адміністрацыйную адзінку. Пад арганізацыйным кіраўніцтвам групы знаходзіліся розныя культурна-асветныя і дабрачынныя арганізацыі і суполкі, у т. л. Таварыства беларускай асветы, Беларускае навуковае таварыства, Беларускае дабрачыннае таварыства, Беларускі студэнцкі саюз і інш.

Сярод лідараў Беларускай санацыі не было адзінства. Луцкевіч адстойваў свае незалежніцкія пазіцыі, адмоўна ставіўся да ўлад і палітыкі Пілсудскага ў адносінах да нацыянальных меншасцей, за што ў 1929 зноў арыштаваны, а ў 1931 звольнены з пасады настаўніка Віленскай беларускай гімназіі. Акінчыц, які стаяў на незалежніцкіх пазіцыях, крытыкаваў Луцкевіча за яго марксісцкі светапогляд, падтрымку «ленінскай нацыянальнай палітыкі» і НЭПа, што праводзіліся ў СССР у 1920-я гады. Пазней Акінчыц заснаваў арганізацыю беларускіх нацыстаўБеларускую нацыянал-сацыялістычную партыю. Астроўскі праводзіў курс на супрацоўніцтва з уладамі. Рознагалоссі сярод лідараў групы, а таксама імкненні польскіх улад унесці разлад у яе дзейнасць прывялі да канчатковага расколу Беларускай санацыі ў 1934 годзе.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]