Беларускі піянер

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

«Беларускі піонэр» — дзіцячы часопіс, выходзіў у Менску ў 1924—1929 гадах. У 1924—1926 гадах выдаваўся як штомесячнік, у 1927—1929 — раз на два тыдні (часам рабіліся здвоеныя нумары). Рэдактар першага нумара — У. Дубоўка, з № 2 выданнем кіравала рэдкалегія.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першы нумар месячніка «Беларускі піонэр» выйшаў у канцы 1924 года тыражом 3000 экз. (пачаць выданне беларускага дзіцячага часопіса пастанавіла другая сесія ЦВК БССР яшчэ ў лютым 1921 г.). Часопіс быў органам Народнага Камісарыяту Асветы БССР, рэдакцыя змяшчалася па адрасе: Менск, Пляц Волі. Падпіску прымалі ў рэдакцыі і ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі (Менск, Савецкая, 63, аддзел падпіскі). З першага нумара пры назве часопіса друкаваўся лозунг: «Зьмена зьмену рыхтуе сабе: піонэр-камсамол-КПБ», а з № 12 за 1925 г. з'явіўся іншы лозунг: «Да змаганьня за справу працоўных — будзь гатоў!».

З № 6 за 1925 год у выхадных звестках раскрыты склад рэдкалегіі, на той час гэта былі: А. Якімовіч, М. Лабадаеў, П. Хэйфец. З № 5 за 1927 год выданне часопіса ўзяло на сябе выдавецтва «Чырвоная змена», рэдакцыя размясцілася па адрасе: Менск, Камсамольская, 25. У склад рэдкалегіі ўвайшлі: у 1927 г. — Г. Брыгневіч, С. Жураўскі, М. Мамчыц, А. Пякарчык (адказны рэдактар), А. Якімовіч; у 1928 г. — М. Адзінец, А. Баліцкі, Г. Брыгневіч, А. Пякарчык (адказны сакратар), А. Якімовіч, у 1929 г. — А. Баліцкі, В. Буклей, П. Гарбуз (адказны рэдактар), Я. Маўр, А. Якімовіч.

Тыраж аднаго нумара вагаўся ад 1050 да 4500 экземпляраў. Напачатку часопіс друкавалі ў друкарні № 2 Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, а з № 11 за 1925 г. і да канца выдання — у друкарні № 1 БДВ. Кошт нумара ў 1924 годзе быў 35 капеек, у 1925 г. паменшаны да 30, потым 20 кап. З 1928—1929 гг. у розніцу нумар каштаваў 12 кап., з дастаўкай па пошце — 20 кап.

Акрамя актуальнай палітычнай перадавіцы часопіс меў рубрыкі: Наша жыцьцё, Газэта «Беларускага піонэра», У часе адпачынку, Наш каляндар, Бібліотэка піонэра, «Аб усім патроху», «Акцябратам для чытаньня» «З усяго сьвету» і інш. У 1924—1926 гг. «Беларускі піонэр» змясціў некалькі песень з нотамі, у тым ліку тры — з музыкай Міколы Равенскага на словы У. Дубоўкі. Часопіс змяшчаў урокі сельскай гаспадаркі, малявання, шахмат і шашак, асноўныя патрабаванні да асабістай гігіены дзяцей, публікацыі пра дасягненні навукі і тэхнікі, ваенную справу. Рэгулярна змяшчаліся матэрыялы пра жыццё дзяцей у замежных краінах (расказваючы пра кітайскіх піянераў «Беларускі піонэр» надрукаваў піянерскія лозунгі па-кітайску).

Друкаваліся творы Якуба Коласа, Уладзіміра Дубоўкі, Змітрака Бядулі, Міхася Зарэцкага, Паўлюка Труса, Кандрата Крапівы, Тодара Кляшторнага, Валерыя Маракова, Міхася Чарота, праз работу з «пікорамі» (піонэрамі-корэспандэнтамі) было адкрыта шмат новых літаратурных імёнаў. Дзякуючы публікацыі ў «Беларускім піонэры» шырокаму колу чытачоў стаў вядомы выкладчык гісторыі і геаграфіі з Менска Іван Міхайлавіч Фёдараў, гістарычная аповесць якога «Чалавек ідзе» ўпершыню з'явілася ў лістападаўскім нумары за 1926 год пад псеўданімам Янка Маўр (у 1929 г. ён стаў членам рэдкалегіі часопіса).

Мастацкая аздоба часопіса адпавядала густам, пошукам і практыцы 1920-х гадоў. Для яго загалоўка былі распрацаваны некалькі відаў «фігурных» шрыфтоў. Рэгулярны ўдзел у афармленні прымалі мастакі А. Тычына, Г. Змудзінскі, А. Абрамаў, М. Філіповіч, А. Вало, Я. Тарас, Я. Саматыя, Р. Семашкевіч. Вокладку першага нумара зрабіў мастак П. Гуткоўскі, пасля гэтага часцей за ўсё на вокладцы змяшчалі малюнкі Я. Кашкеля, А. Вало; фотарэпрадукцыі (у тым ліку каляраваныя) і фотакалажы П. Гуткоўскага.

Выданне часопіса спынілася без аб'яўлення прычыны ў верасні 1929 года, апошнім выйшаў № 17-18. Пасля гэтага рэдкалегія часопіса падзялілася: адказны рэдактар П. Гарбуз і В. Буклей сталі працаваць у новазаснаванай газеце «Піянер Беларусі»; падпісчыкі «Беларускага піонэра» да канца году замест часопіса атрымлівалі гэту газету. Член рэдкалегіі «Беларускага піонэра» А. Якімовіч перайшоў на працу ў новазаснаваны часопіс для малодшых школьнікаў «Іскры Ільліча».

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Периодическая печать СССР 1917—1949. Библиографический указатель. Журналы, труды и бюллетени по языкознанию, литературоведению, художественной литературе и искусству. — М., 1958.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]